Вы тут

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні


Алене хутка будзе 44, яна выкладае ў адным са сталічных універсітэтаў. Два гады таму жанчына ўсынавіла чатырохгадовага хлопчыка. Я адчуваю сябе крыху няёмка, калі задаю пытанне аб тым, чаму няма сваіх дзяцей. Але такая ўжо прафесія — насуперак прыказцы казаць пра вяроўку ў доме павешанага. «Нічога, для мяне гэта не такая балючая тэма, як для некаторых», — супакойвае мяне Алена. І пачынае расказваць...


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

— ...У маладосці было неяк не да таго. Калі мы з маім выбраннікам пажаніліся, вырашылі адкласці на некаторы час нараджэнне дзяцей: не было свайго жылля, дый наогул вырашылі, што пакуль яшчэ рана. А потым пачаўся перыяд, калі ў мяне не было даверу да свайго мужа і я не хацела нараджаць у гэтай сітуацыі. У рэшце рэшт усё скончылася скасаваннем шлюбу...

Гэта быў складаны перыяд для мяне. І я з галавой акунулася ў працу, нават адбыўся значны рывок у кар'еры... Мне было тады 30 гадоў. Вядома, хацелася мець сям'ю, хоць я і не той чалавек, для каго самае галоўнае — выйсці замуж (усміхаецца). Я вяла актыўны лад жыцця, шмат падарожнічала, знаёмілася з мужчынамі. Але знайсці чалавека, з якім хацелася і атрымалася б стварыць сям'ю, не ўдалося. Хоць і лічу: яшчэ не ўсё скончана...

Напэўна, я магла б нарадзіць і сама, і мне хацелася мець дзяцей, але лепш, каб сям'я была поўная, у дзіцяці былі і мама, і тата. Таму ўсё і адкладвалася. Але калі мне споўнілася 40 гадоў, падумала: магчыма, не атрымаецца ўжо нарадзіць самой, нават калі ўступлю ў шлюб. Так да мяне прыйшлі думкі аб усынаўленні.

Увогуле, дзесьці год я вагалася і разважала. Размаўляла з бацькам, сястрой: мне было важна, каб яны мяне падтрымалі. Неаднаразова абмяркоўвала гэтае пытанне і з сябрамі. Тыя рэагавалі па-рознаму. Шмат хто казаў: ні ў якім разе! І расказвалі страшныя гісторыі.

Але я нічога не баялася. Страх з'явіўся пасля, калі ўжо прайшла ўсю падрыхтоўку (сур'ёзнае медыцынскае абследаванне, псіхалагічнае тэсціраванне, курсы пры сацыяльна-педагагічным цэнтры) і мела на руках дакументы, якія дазваляюць усынаўленне. Я аказалася перад выбарам — і вось тут у мяне ўзнікла самая сапраўдная паніка. А ці спраўлюся? А раптам ўпаду і нагу зламаю, як тады быць? А ці пацягну фінансава? Але ўсё ж самы вялікі страх датычыўся моманту выбару. «Як можна выбраць дзіця па каталогу, як якую-небудзь рэч?» — думала я, праглядаючы базу даных дзяцей, якія падлягалі ўсынаўленню... Слёзы наварочваліся на вочы і наварочваюцца дагэтуль, як успамінаю тыя фатаграфіі... (Вочы Алены на самай справе сталі вільготнымі, маленькая слязінка завісла ва ўнутраным куточку левага вока, але мая суразмоўніца, відаць, яе не адчула і нават не заўважыла.)

І я для сябе вырашыла, што не буду доўга выбіраць. Адзінае, што для мяне было рэальна важна, — у дзіцяці павінен быць такі стан здароўя, каб не давялося адмаўляцца ад працы і пазбаўляцца заробку.

«Мы зайшлі ў кватэру, і ён адразу ж упаў і заснуў, як быццам яго выключылі»

...Памятаю, мне паказвалі фатаграфіі дзяўчатак са словамі: «Хлопчыкі ж вас не цікавяць, праўда?» А мне было ўсё роўна, хлопчык ці дзяўчынка, ды і ўзрост дзіцяці быў не прынцыповым. І тады спецыяліст паказала мне анкету з размытай чорна-белай фатаграфіяй, дзе амаль нічога не было відаць. Звычайнае дзіця трох з хвосцікам гадоў: кароткія валасы, спалоханы круглы твар... Што назаўжды ўрэзалася ў памяць: яна абвяла фота хлопчыка рысачкамі, прымалявала завітушкі, кветачкі. І я тут жа, не выбіраючы больш, паехала знаёміцца.

Наша сустрэча была добра арганізаваная. Я проста прыйшла з алоўкамі і фарбамі ў групу, дзе было пяць ці шэсць дзяцей, і пагуляла з імі. Гэта была магчымасць паглядзець на хлопчыка, патрымаць яго на руках... Вельмі цяжка і страшна бачыць дзяцей, што віснуць на табе, гатовых на ўсё, абы спадабацца... Але гэты хлопчык адрозніваўся ад іх: ён слаба рэагаваў на мой прыход, быў як быццам замарожаны. Іншыя дзеці тузалі мяне, абдымалі, а ён заставаўся ўбаку. І калі я пасадзіла яго на рукі, так і сядзеў, не рухаючыся.

Калі я выйшла адтуль, адразу сказала: «Усё, я яго ўсынаўляю». Мяне нават сталі адгаворваць, прапаноўвалі прыйсці яшчэ некалькі разоў, прыгледзецца. Але я не хацела больш выбіраць, для мяне гэта было пакутліва. Па стане здароўя хлопчык падыходзіў, а больш у мяне ніякіх асаблівых крытэрыяў і не было. Мне сказалі, што ён з сям'і алкаголікаў, а калі бабуля, на якой усё трымалася, памерла, яго забралі ў прытулак. І што за сем месяцаў дзіця толькі адзін раз наведаў бацька, а маці не прыехала ні разу...

Мне ўсё ж прыйшлося з'ездзіць у прытулак яшчэ некалькі разоў, каб паглядзець, як хлопчык будзе на мяне рэагаваць, што называецца, у дынаміцы. Няня сказала яму: «Ідзі, да цябе мама прыехала!» — і ён бег да мяне па калідоры з крыкам: «Мама!»...

Адбыўся суд, пасля чаго я прывезла яго да сябе. Гэта было два гады таму, 30 красавіка. Мы зайшлі ў кватэру, і ён адразу ж упаў і заснуў, як быццам яго выключылі, — напэўна, быў эмацыянальны перагруз.

Я ўзяла на працы некалькі выхадных. Можна было ўзяць адпачынак да паўгода, па-мойму, але ён неаплатны. А мне трэба было зарабляць, ужо на дваіх.

«Я не разумела бацькоў, якія крычалі: сюды не лезь, туды не хадзі!»

...Гэта было даволі дзіўнае адчуванне: у мяне раптам з'явілася дзіця! Я прыслухоўвалася да яго соннага дыхання. Ён мог у сне дыхаць-дыхаць, а потым раптам наступала паўза, і я пужалася: што з ім? Гэта небяспечна? Ён еў усё, але пры гэтым не ведаў нічога. Памятаю, я паказала яму лімон: «Хочаш пакаштаваць?» — «Хачу!» З'еў увесь і нават не паморшчыўся. Ён не ведаў элементарных рэчаў, прыйшлося з усім знаёміць. Мне пашанцавала, што ў майго хлопчыка вельмі моцная пазнавальная актыўнасць — ён «усмоктваў» у сябе новую інфармацыю, як пыласос! Але ў нейкі момант наступаў перагруз, і тады ён тут жа адключаўся, падаў і засынаў. Першыя два тыдні я сама падала ад стомы як падкошаная.

Пазней высветлілася, што ў яго вальгусныя (дэфармаваныя. — Аўт.) ступні, прычым у досыць запушчаным стане: ён мог з лесвіцы ўпасці і наогул баяўся хадзіць па лесвіцах. Баяўся залезці на горку на дзіцячай пляцоўцы... Мы асвойвалі прастору вельмі павольна, пакрыху. Падняўся на адну прыступку? Малайчына! Я не разумела іншых бацькоў на дзіцячай пляцоўцы, якія крычалі: сюды не лезь, туды не хадзі! Мой палез кудысьці? Дзякуй богу! Гэта было за шчасце, мне было ў радасць, што ён рызыкнуў!

Перад тым як усынавіць дзіця, я праходзіла падрыхтоўчыя курсы, але вельмі важна атрымліваць дапамогу і пасля. Таму што ты сутыкаешся з рэальнасцю, і могуць быць рэчы, пра якія ты наогул ніколі не думала. Вельмі пашанцавала, што я знайшла таварыства ўсынавіцеляў «Родныя людзі», дакладней, мяне падключыла да яго знаёмая. Там можна задаць любое пытанне і атрымаць адказы.

У мяне былі моманты, калі здавалася, што сіл ужо проста няма. Я нават не ведаю, як гэта растлумачыць. Вось ты ўвесь час павінна быць для гэтага дзіцяці «ў наяўнасці». Калі адвернешся, яно пачынае баяцца, вісець на табе, не можа гуляць... Я знаходзіла нейкія выхады — мы разам гатавалі, разам прыборку рабілі, гулялі. Гэта быў пошук нейкага балансу, мы ўзаемна пазнавалі адно аднаго. І вельмі своечасовым быў семінар па эмацыянальным выгаранні, які ўдалося наведаць.

Праблема была і ў тым, што мой хлопчык часта не ведаў сам, што ён любіць, а чаго не. Былі складаныя моманты, калі я не магла растлумачыць, што з ім адбываецца. У самым пачатку ён зрываўся ў незразумелыя істэрыкі, прычым вельмі страшныя, якія нагадвалі воўчае выццё: адкідваўся назад і крычаў, выў нечалавечым голасам. Але я пагаварыла з псіхолагам, яна мне ўсё растлумачыла і супакоіла.

Я знайшла праз сацыяльныя сеткі яго маму, але адносін мы не падтрымліваем, і я не планую пакуль ніякіх кантактаў з ёю. Наконт будучыні сказаць не магу, будзе відаць. Яна нічога не ведае пра свайго сына — дзе ён і што з ім. Мы змянілі прозвішча дзіцяці пры ўсынаўленні, але я ад яго нічога не хаваю. Мы разам прыдумалі цэлую казку пра тое, як ён з'явіўся ў мяне. Што жылі-былі дзяўчынка і хлопчык, яго будучыя бацькі. Яны пажаніліся, і ён з'явіўся на свет. Але так здарылася, што мама з татам захварэлі і не маглі клапаціцца аб ім. Ну і гэтак далей. Мы вельмі шмат разоў яе прамаўлялі, і яна нам вельмі дапамагла.

«Ён навучыў мяне больш радавацца жыццю»

Маё жыццё вельмі змянілася. І вядома, тут вельмі важная псіхалагічная падтрымка. Таму што ёсць мноства нечаканых рэчаў, да якіх не атрымліваецца быць загадзя гатовай. Напрыклад, мой хлопчык баіцца незнаёмых дарослых. А яшчэ ён не ўмее вызначаць эмоцыі іншых людзей і ў яго шмат страхаў: што яго пакінуць, не забяруць. Мне даводзілася пастаянна прамаўляць: я іду на працу, але абавязкова ўвечары прыйду па цябе ў садок і, што б ні здарылася, абавязкова забяру.

Але ён навучыў мяне больш радавацца жыццю — і гэта самае прыемнае. Ён можа за дзень 50 разоў сказаць: «Я цябе люблю!» ці спытаць: «Ты мяне любіш?» І ён такі жыццярадасны, адкрыты, нягледзячы ні на што! Я дзякуючы яму быццам зноў акунулася ў дзяцінства: стала заўважаць, як прыгожа свеціць сонца, як кроплі падаюць, — я быццам зноўку ўсё гэта ўбачыла. А яго бясконцыя пытанні і падарункі: каштан з дарогі, лісцік або нейкую кветку знойдзе — бяжыць і дорыць мне! Гэта такая безумоўная любоў! Шкада, што дарослыя губляюць гэтае ўменне.

І здзіўляе яго здольнасць дараваць. Ён перажыў здраду самых блізкіх людзей, і не азлобіўся пры гэтым, не расчараваўся. Я шмат чаму ў яго навучылася. Першым часам прыйшлося вельмі шмат «укладваць» у яго, нічога не атрымліваючы наўзамен, ну, ці так здавалася, што нічога. А зараз мы як два сазлучаныя сасуды. А якое задавальненне бачыць, як ён расце, мяняецца, усведамляць, што ты не дарма пайшла на гэты крок!.. Так, у яго дагэтуль ёсць трывогі, ён можа прачнуцца сярод ночы і крычаць, спалохацца, калі мяне няма побач. Але, з іншага боку, ён можа ў паўсне сказаць: «Мама, я цябе вельмі люблю!» Наогул, у мяне касмічнае дзіця, трохі закрытае, але вельмі добрае, проста неверагодна!

Тыя праблемы, якія ў яго ёсць са здароўем, паступова згладжваюцца. Мы займаліся з лагапедам, і ножкі яго таксама запатрабавалі клопату і высілкаў. Але затое ён цяпер займаецца спортам, а нядаўна загарэўся вучыцца спартыўна-бальным танцам: «Мама, гэта так прыгожа!» У маё жыццё прыйшло вялікае шчасце...

Як не дайсці да знясілення...

Калі я задаю такое пытанне, Алена на хвіліну задумваецца, а потым гаворыць:

— Вельмі добра, калі на працы ведаюць і разумеюць цябе. У мяне так званае адкрытае ўсынаўленне: мае калегі ў курсе, яны мяне падтрымліваюць і, калі патрабуецца, уваходзяць у сітуацыю. І яшчэ важна знаходзіць час для сябе, не прысвячаць усё сваё жыццё цалкам дзіцяці, не злівацца з ім. Не трэба прапускаць сустрэчы з сябрамі, можна дазволіць сабе часам паглядзець фільм ці пачытаць кнігу. Я, напрыклад, яшчэ займаюся валанцёрствам: удзельнічаю ў падрыхтоўцы фестываляў лялечных батлеечных тэатраў. Мая задача — шукаць лялечныя тэатры па ўсім свеце і запрашаць іх на штогадовы Калядны фэст, які праходзіць у Свята-Елісавецінскім манастыры ў Мінску. Гэта маё захапленне. Мы ездзім з лялечнымі спектаклямі і ў дзіцячыя дамы. Хочацца даць гэтай малечы дадатковую кропельку радасці, раз я не магу ўсынавіць іх усіх. І дарэчы, да мяне ўжо прыходзяць думкі аб другім дзіцяці...

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: «У маё жыццё прыйшло вялікае шчасце...»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.