Вы тут

Віктар ГАРДЗЕЙ. Разгуляйся, вецер!


Гардзей Віктар Канстанцінавіч нарадзіўся 19 жніўня 1946 года ў вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1984). Працаваў у часопісах «Беларусь», «Родная прырода», «Маладосць», «Полымя», «Вожык», у выдавецтве «Мастацкая літаратура», газеце «Літаратура і мастацтва».

Аўтар зборнікаў паэзіі «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Засевак Радзімы» (1983), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994), «Зялёныя дажджы» (1997), «Межань» (1999), «Трыадзінства» (2010), кніг прозы «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1992), трылогіі «Аселіца ў басейне Чорнага мора» (2000), рамана «Бедна басота» (2003), кнігі выбраных твораў прозы «З мінулага не вяртаюцца» (2014), шматлікіх паэтычных кніжак для дзяцей.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1994), Літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» (2008) і іншых.


Разгуляйся, вецер!

На Кругляку

Ні ў гасцёўнях крутых, ні ў салонах
Без усмешак і жартаў салёных,
Выглядаючы грацый крадком,
У наш час, шчодра Бахусам стрэты,
У альбом не пісалі паэты,
Дык і ты не глядзі свой альбом:
Пуста ў ім, як у полі асеннім,
Хоць, вядома, і Блок, і Ясенін
Распісаліся б вечным пяром.

Можа, знойдзецца сшытак агульны?
Там і рыцарскі профіль хадульны,
Там і містыкі з лірыкай шмат.
Чымсьці смешаць пажоўклыя здымкі:
Пазаплеччам чужыя абдымкі
Праяўляюцца, як на падхват.
«З пахам вінным і таннага «Шыпру»?
Не, такога на вуліцу выпру»…
Што ты возьмеш з яго — супастат!

Прэч салоны, кавярні, тракціры,
Што ні дзень — на паклоны да Ліры,
Дзе ў якімсьці шчымлівым радку
Буду згадваць яшчэ незабытым
Наш Кругляк, перасеяны жытам.
— То давай свой альбом земляку!
А на вокнах там белыя цюлі,
А вясной там кукуюць зязюлі,
Галасістыя на Кругляку!

Настальгія

Будуць сніцца лясы дарагія,
І сюды я вярнуцца гатоў,
Каб сказаць: хай жыве настальгія —
Хісткі мосцік з юначых гадоў.

Перайшоў, і адразу ў абдоймы
Возьме сум — так сябе я дастаў.
Гурт дзяўчат, разам феі і лоймы,
Басанож выбягаюць на стаў.

Будзе сніцца: прыехаў дадому,
Дзе ў ляшчынах старых быў не грэх
У заўлёткі якойсць маладому
Пацалунак сарваць, як арэх.

Спелы жнівень — якія ж дзівосы?
Спее ўсё акурат у пару.
Сцеражыся: распушчаны косы,
Так свой сорам і страх пабару.

Будзе сніцца няшмат з маладосці —
У лясах там палын і быльнёг.
Настальгіі маёй хісткі мосцік,
Над якой жа ты прорваю лёг!

Жнівеньскія росы

Выйду я на жнівеньскія росы,
Што, як боб, збуйнелі па траве.
Не бяды, калі сягоння босы —
Так хутчэй і памяць ажыве.

Клопат мелі спасаўскі сялянкі:
Лён паслаць бы лепшаю парой,
Каб траста выбельвалася ўранкі
Жніўня надта сядравай расой.

Шаўкавісты, братка, валакністы!
Кужаль выткнуць дзеўкі, пеючы,
На кашулі жаніхам фарсістым,
Дзеду — пояс, мне дык — трапкачы.

Не сашчэпіш ніткай суравою
Рызманы сваіх дзіцячых дзён.
Сцелішча былое пад расою,
Дзе глівеў да прымаразкаў лён.

Пуста. Гола. Далеч палявая.
За смугой там, быццам у кіно,
Ходзяць цётка Ганна, звеннявая,
І яе льнаводчае звяно.

Вераб’іная ноч

Без ветру дрэвы не хістала б.
Віхор, глядзіш, ухопіць залаб —
Падняў і бразне з-пад аблок.
Дождж не мінуў бы, каб не хмары —
Вісяць з відна, хаця кашмары
Якраз пачнуцца ў сіні змрок.

Вось матылі — іх дужа многа —
Успырхваюць з далоняў Бога,
Маланак ярых матылі.
Але ж і добра ты сказала:
— Такую ноч даўно чакала,
Дык пацалуй і прытулі!

З дзясятак навальніц агулам
Прайшло праз вёску з грозным гулам,
А мы то думалі — адна!
Забарабаніла па даху,
І ў той жа міг нагоніць страху
Дрыготкі ляскат перуна.

Назаўтра з вераб’інай ночы
Паспаць даўжэй стае ахвочых,
І сведкі ёсць, што я не лгун.
Два кубачкі астылай кавы,
Ды ўжо электрык наш рухавы
Палез на слуп, дзе біў пярун.

Продаж «нягаджая»

Не прадалі — вязуць дадому,
Цяплей загомталі ў салому.
Сяджу і бубліка грызу.
З базару бабка пры капейцы,
І дзед не тузае за лейцы —
Бяжыць конь шпарка паўз лазу.

Гуляць, дурэць, залезці ў шкоду,
Ад дзягі цурыць на прыроду —
Такі і ёсць я, хлопец ваш,
А да ўсяго яшчэ нахаба:
Прасіцца буду ў дзеда з бабай,
Каб узялі зноў на кірмаш.

— Вазьму, але прадам, як свінку,
Там Шмэрка смыкаўся па рынку,
Пытаўся: «Гэта твой унук?»
Дый баба дзеду пацвярджае:
— Марокі многа з нягаджаем,
А Шмэрка той не ўпусціць з рук.

Бабуля з дзедам насупроці,
Валошкі сінія ў аброці
І балабончык на дузе.
Уздзеў дзед лепшую бравэрку,
А сам хітрун, бо дзядзьку Шмэрку
На продаж пеўніка вязе.

Карагод

Вечар атуляе існае ў прыродзе,
Ад міжзорнай яснасці светлыя брады.
Вось бы закружыліся ў чуйным карагодзе,
Толькі не даехаць, не дайсці туды.

Вогнішча купальскае там, ускрай аселіц,
Свеціць ды не грэе, і гармонік сціх.
Хай усё не гэтак, як душой хацелі,
Сплеценыя рукі — не расплесці іх.

Скуль яно бярэцца? І куды дзяецца?
Вельмі ўжо далёкіх вёснаў не лічы.
Можа, адгукнецца, можа, адзавецца,
А каса тугая на чужым плячы.

Ці было напраўду, ці жыве ў паданнях,
Карагод хінецца бліжай да агню,
І хутчэй, чым сэрцы, вольныя ў жаданнях,
Счэпленыя пальцы ўчуюць цеплыню.

Разгуляўся вецер

Вецер дзьме паўднёвы, толькі каб не сівер!
Апаўночы гурбы ўкоптур намяло.
Хочацца з нагоды свой пачысціць ківер —
Вельмі ўжо абрыдла сноўдаць па слаце.

Нас было нямнога, хлопцаў нежанатых,
Проста ці шанцунак, ці абставін збег,
Бо якія ўвечар не міналі хаты,
Раніцай засведчыць каля весніц снег.

Лапці растаптаны, пары падабраны,
Як заўгодна Богу, хоць сярод зімы.
Кажуць старажылы, вучаць ветэраны:
— Не хадзіў бы часта ў госці да кумы!

Ажывуць, напэўна, тут, дзе мы дурэлі,
Галасы эпохі і нябесных сфер.
Зрэшты, не змаўкаюць слоўныя дуэлі:
Крыўды і папрокі чуюцца цяпер.

Так было і будзе — прыйдзе час урочны,
Вам кажу, што гэтак і даўней было.
Разгуляўся вецер, зноўку дзьме паўночны.
Я хачу, каб снегу многа намяло!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.