Вы тут

Разам лепей святкаваць


Сябры Беларускага таварыства “Уздым” адзначалі 25-годдзе суполкі ў даўгаўпілскім Доме Адзінства разам са шматлікімі гасцямі

Гэта вялікае свята для ўсёй беларускай дыяспары Даўгаўпілса, таму сябры Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” весела, з размахам адзначалі юбілей. Ушаноўвалі ж сяброў, актывістаў адной з найстарэйшых і найбуйнейшых беларускіх арганізацый Даўгаўпілса ў суботу, 9 верасня 2018 года, у канцэртнай зале Дома Адзінства ў фармаце “Блакітнага агеньчыка”.
Варта нагадаць, што ў прымежным з Беларуссю Даўгаўпілсе жыве каля 8 тысяч беларусаў. З пачатку 1990-х, на хвалі ўздыму нацыянальнай самасвядомасці, мы пачалі паглыбляцца ў гісторыю беларусаў на латгальскай зямлі, каб захаваць сваю нацыянальную самаідэнтычнасць. Так і паўстала суполка, зарэгістраваная ў Мінюсце Латвіі 6 ліпеня 1993 года як грамадская. Гэта і ёсць дзень нараджэння “Уздыма”, сёлета — юбілейны, 25-ы.

Суполка — нібы яркая кветка ў вянку славянскіх народаў Даўгаўпілса, адна з самых актыўных і дзейных сярод шматлікіх нацыянальных таварыстваў горада. Яна спрыяе пашырэнню беларускай культуры, мовы, зберажэнню нашай гістарычнай памяці, кантактам паміж мясцовымі беларусамі, а таксама й з Бацькаўшчынай. Актывісты суполкі праводзяць шматлікія імпрэзы — і тым самым пашыраюць беларускія традыцыі, народныя святы, нашу мову. “Уздымаўцы” ўдзельнічаюць і ў іншых культурных імпрэзах у Латвіі, Беларусі ды іншых краінах, што спрыяе паяднанню беларусаў, а таксама пазітыўнаму міжкультурнаму дыялогу ў шматнацыянальным Даўгаўпілсе.

На свяце мы згадвалі, ушаноўвалі тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння суполкі. З вялікай ініцыятыўнай групы адзінаццаць сталі яе заснавальнікамі: Канстанцін Капуста, Станіслаў Валодзька, Зінаіда Сіліня, Іосіф Рэут, Мікалай Навуменка, Ларыса Ярашэвіч, Яўгенія Гуляева, Яўген Шабуцкі, Зянон Буры, Мікалай Паўловіч, Аляксандр Карнацэвіч. Крок за крокам “Уздым” ствараў, пісаў сваю гісторыю, і шмат сіл да гэтага прыклалі таксама й Таццяна Бучэль, аўтар “Летапісу” беларускай суполкі, Мікалай і Вольга Паўловічы, Анастасія Сазанкова й многія іншыя.

Дзіця ж мала нарадзіць, яго трэба падняць на ногі й выхаваць — так у народзе кажуць. Вось і суполку так падымалі. Да яе дзейнасці спрычыніліся розныя людзі, мяняўся й склад праўлення, старшынямі якога былі: Мікалай Паўловіч, Станіслаў Валодзька, Таццяна Бучэль, Барыс Іваноў, Валеры Амбросаў, Людміла Сінякова. Цяпер на чале суполкі — Жанна Раманоўская. Шэрагі сяброў суполкі папаўняюцца: гэта ў асноўным таленавітыя, самабытныя, творчыя людзі, якія шмат свайго асабістага часу, душэўнай цеплыні аддаюць на карысць “Уздыма”, беларускай культуры.
Адкрывалі ўрачыстасць танцам “Беларусь мая сінявокая” выхаванцы беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”.

Падзяліць радасць свята прыйшлі: старшыня Даўгаўпілскай гарадской думы Рыхард Эйгім, намеснік старшыні думы Яніс Дукшынскі, старшыня Даўгаўпілскай краёвай думы Яніна Ялінская, кіраўніца Упраўлення культуры г. Даўгаўпілса Элеанора Кляшчынская. Сярод высокіх гасцей былі консул Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч, консул-саветнік Генконсульства Расіі Наталля Пуставалава, старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, член праўлення СБЛ і старшыня рыжскага Беларускага таварыства “Прамень” Алена Лазарава. У якасці ганаровых гасцей на сцэну былі запрошаныя ўсе заснавальнікі таварыства “Уздым”, кожны з іх сказаў віншавальнае слова і атрымаў у знак падзякі кветкі, членскія білеты. Паэт Станіслаў Валодзька прачытаў прысвячэнне “Уздыму”, а Зінаіда Сіліня выканала акапэльна песню “Шэры конь”.
Увогуле гасцей на свяце было вельмі шмат: дзякуючы шыраце душы, дабрыні, спагадлівасці й шчырасці ў беларусаў шмат сяброў і партнёраў як па ўсёй Латвіі, так і за мяжой. З віншаваннямі на сцэну выходзілі нашы сябры з Мінска і Браслава, з Вісагінаса (Літва), прадстаўнікі беларускіх суполак з Дагды, Рэзэкнэ, Ліванаў, Прэйляў. Віншавалі суполку мясцовыя цэнтры латышскай, рускай, польскай і беларускай культур, а таксама латышскае, украінскае, польскае, літоўскае, яўрэйскае, татарскае нацыянальна-культурныя таварыствы. А яшчэ й паэты, мастакі Даўгаўпілса, калектывы Цэнтра беларускай культуры “Купалінка”, “Спадчына”, “Лянок”, “Пралеска”, “Паўлінка”. Пісьмовыя віншаванні прыйшлі нам ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” (Мінск), беларускіх суполак “Лянок” з Елгавы, “Світанак” з Рыгі, “Сябры” з эстонскай Нарвы.
А дзе ў беларусаў свята, там, вядома ж, весялосць, песні, танцы. І ўсё гэта бліскуча забяспечыў гурт народнай музыкі й песні “Траецкія музыкі” з Бацькаўшчыны, з Барысава. Музыкі так весела, з душою выконвалі народныя песні, што не ўседзець было на месцы, амаль усе госці пускаліся ў скокі. Чароўныя гукі беларускай дуды, а таксама цымбалаў, скрыпкі, гітары, баяна ды іншых інструментаў у спалучэнні з беларускімі танцамі, прыказкамі-пажаданнямі ад мастацкай кіраўніцы ансамбля Святланы Вашкевіч стваралі атмасферу непаўторную, святочную. У музычную палітру дадалі яркіх фарбаў таксама госці з Вісагінаса, творчыя гурты Цэнтра беларускай культуры, салісты, барды.

Юбілейная імпрэза суполкі “Уздым” прайшла ў плыні восеньскіх Дзён беларускай культуры ў Латвіі — сёлета яны прысвечаны 100-годдзю Латвійскай Рэспублікі ды 15-годдзю Саюза беларусаў Латвіі, у які ўваходзіць і наша суполка. Таму прэзентацыя вышытага беларускага ручніка СБЛ і тэматычная газета “Прамень”, а таксама перасоўная літаратурная выстава “Жыццё ў Слове” і выстава беларускіх рамесных вырабаў сталі лагічным дадаткам да яркага маштабнага свята ў Даўгаўпілсе. За якое суполка “Уздым” сардэчна дзякуе Даўгаўпілскаму Цэнтру беларускай культуры ды ўсім сваім шчырым сябрам, партнёрам, памочнікам і мецэнатам.

Марыя Памецька, сяброўка суполкі “Уздым”, г. Даўгаўпілс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».