Вы тут

Як раённае свята працаўнікоў вёскі становіцца сацыяльным праектам


Правядзенне дажынак стала прыкладам паляпшэння і развіцця асобных населеных пунктаў. Да гэтага свята працаўнікоў вёскі літаральна пераўтвараліся раённыя цэнтры. Цяпер харашэюць і малыя гарады. На Брэстчыне гэта былыя райцэнтры. Але, як вядома, і ў раёнах праводзяць святы ўраджаю. Месцам правядзення становіцца сельскі населены пункт, які цэлы год рыхтуюць да фестывалю. У Маларыцкім раёне на гэты раз дажынкі пройдуць у Лукаве, і адбудзецца гэта ў суботу, 20 кастрычніка.


Плошча ў гонар возера

Са старшынёй раённага Савета Алегам Якубчыкам едзем у старадаўнюю вёску з цікавай гісторыяй. Яшчэ на ўездзе заўважаем, што работа ідзе поўным ходам. У пачатку вёскі рабочыя займаюцца добраўпарадкаваннем пляцоўкі каля помніка на месцы, дзе падчас вайны расстралялі жыхароў. Сам помнік таксама істотна абнавілі, зрабілі новую мемарыяльную шыльду, сімвалічны крыж.

У цэнтры вёскі побач са школай, Домам культуры, магазінам, сельсаветам вымалёўваецца плошча, якой дагэтуль не існавала. Раней тут была пустка, якую перыядычна абкошвалі.

— Гэта і было нашай галоўнай задумкай — зрабіць плошчу, разбіць сквер, дзе можна адлюстраваць некаторыя этапы нашай гісторыі і галоўную славутасць — Лукаўскае возера з яго асаблівым паўвостравам, — расказвае старшыня сельскага Савета Алена МАРУК. — Шмат гадоў таму людзі сяліліся менавіта каля возера, карміліся ад яго. Цяпер яно становіцца цэнтрам турызму і адпачынку, а таксама вялікім стымулам да развіцця вёскі. Зараз у нас няма пустуючых дамоў, а цана ўчастка без пабудовы даходзіць да чатырнаццаці тысяч рублёў.

Дык вось, з Лукаўскім возерам звязана шмат легендаў, паданняў нашага краю, — працягвае кіраўнік мясцовай улады. — Адна з іх расказвае аб тым, як разыгралася бура, вада выйшла з берагоў і затапіла вузкі перашыек, які звязваў паўвостраў з зямлёй, разбурыла капліцу, што стаяла на паўвостраве. Людзі былі ў роспачы і ўжо не верылі ў выратаванне. Але з развалін капліцы выйшла незнаёмка і вывела іх праз брод на сушу. Яны спыталі, як клічуць выратавальніцу. Яна адказала, што яе можна называць «Спаталі маю скруху». Гэтыя ж словы накрэслены на нашай капліцы і на ліхтары, які мы стылізавалі пад капліцу на плошчы...

На тым месцы пазней вяскоўцы пабудавалі храм. Але ў ХІХ стагоддзі ён згарэў. А вось абраз Божай Маці застаўся, яго лічылі цудатворным. Новы храм асвяцілі ў гонар Божай Маці, але ў 1960 годзе царкву разабралі. Наступны храм у Лукаве з'явіўся адносна нядаўна. А на паўвостраве, дзе засталіся векавыя дубы і старыя магілы, у 2010 годзе аднавілі капліцу. Гэта асаблівае месца, тутэйшыя яго вельмі шануюць. Дык вось, на плошчы пабудавалі клумбу ў форме возера з паўвостравам і ліхтаром на месцы капліцы. Атрымаўся своеасаблівы макет галоўнай вясковай славутасці. Пакуль яшчэ ідзе работа па добраўпарадкаванні, лаўкі не замацаваныя, але моладзь вечарам прыходзіць пасядзець. Так што плошча будзе запатрабаваная як месца адпачынку, ужо цяпер ясна.

Стаянка, знак, будынак

Алена Васілеўна паведаміла, што нядаўна зрабілі новы ўязны знак, на якім адлюстраваны год заснавання населенага пункта — 1566-ы — і намаляванае возера.

Добраўпарадкаванне пачалося з узвядзення стаянкі побач з будынкамі сацыяльнага прызначэння. Усё ў Лукаве размешчана кампактна: пошта, магазін, Дом культуры. Раней, асабліва пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, заўсёды ўзнікала праблема з тым, дзе прыпаркаваць аўто. Цяпер пустыя ўчасткі вуліцы заасфальтавалі, нанеслі разметку, атрымалася стаянка, якая прымыкае да пешаходнай дарожкі.

Яшчэ ў Лукаве ганарацца, што нарэшце былы будынак КБА стаў прывабным. У службы быту не было сродкаў прывесці пабудову ў парадак, ды і вялікія яе плошчы аказаліся незапатрабаваныя. Па гэтай прычыне будынак перадалі ЖКГ. У вёсцы, дарэчы, ёсць участак раённага ЖКГ. Камунальнікі капітальна адрамантавалі былы КБА. Палову яго цяпер будуць выкарыстоўваць пад сваю кантору, а другую палову могуць здаваць у арэнду.

Амбулаторыя, вуліцы, дарожкі

А яшчэ тут адрамантавалі амбулаторыю. Абнавілі ўсю медыцынскую ўстанову і набылі добрае абсталяванне для цэлага шэрагу кабінетаў. Урач цяпер прыязджае два разы на тыдзень, але такое становішча часовае, бо свой доктар знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Фельчар Галіна Сцепанюк праводзіць па калідорах амбулаторыі, паказвае новае аснашчэнне, адзначае, што медработнікі задаволеныя рамонтам.

Гэта яшчэ не ўсё, што зрабілі к дажынкам: добраўпарадкавалі школу, абнавілі яе фасад, прыбудавалі ганак. Школа ў Лукаве па вясковых мерках немалая — займаецца 106 вучняў. Падвозіць дзяцей стала больш зручна, бо заасфальтавалі вуліцу Школьную, а таксама кавалак дарогі, які злучае яе з Камсамольскай.

Дзіцячы садок

Можна не сумнявацца: усе бацькі дашкольнікаў будуць згадваць сёлетнія дажынкі з удзячнасцю. Бо тэрыторыя садка даўно патрабавала добраўпарадкавання. Загадчыца дашкольнай установы Любоў Алесік паказвае адрамантаваную веранду, дзе можна будзе гуляць нават у дрэннае надвор'е. Яшчэ будаўнічая арганізацыя, якая праводзіла рамонт, — Маларыцкае ДРБУ, падарыла садку пясочніцу з дахам для самых маленькіх. «Цяпер нават няма з чым параўнаць, не засталося ніводнага лапіка разбітага двара, — расказвае Любоў Рыгораўна. — Зараз абсталявалі дарожку са святлафорамі, дзе можна праводзіць заняткі па бяспецы руху, раней яны выглядалі б тут недарэчна. У садку яшчэ размяшчаецца першы клас, з месцамі ў садку праблемы няма».

Усёй грамадой

Падчас падрыхтоўкі да свята паляпшэннем займаліся не толькі падрадныя арганізацыі, якія ажыццяўлялі канкрэтныя праекты, знайшліся спонсары-прадпрымальнікі. Асноўнае ж фінансаванне ўзяло на сябе мясцовае сельгаспрадпрыемства — ААТ «Чырвоны партызан». Не засталіся ўбаку і жыхары вёскі: 40 гаспадароў домаўладанняў памянялі агароджу каля сваіх пабудоў, і не толькі на цэнтральных вуліцах. Вёска мае водаправод і газаправод. Цяпер на чарзе вялікі і значны праект — узвядзенне станцыі абезжалезвання. У дажыначную праграму гэты аб'ект не ўвайшоў.

Старшыня раённага Савета Алег ЯКУБЧЫК адзначыў, што практыка прывядзення ў парадак аднаго населенага пункта напярэдадні дажынак сябе апраўдвае:

— Канцэнтруюцца сродкі, намаганні, падключаецца ініцыятыва органаў самакіравання. І як бачым на прыкладзе Лукава, знешні выгляд вёскі істотна змяняецца. На падрыхтоўку да сёлетняга свята пайшло каля 400 тысяч рублёў. Аддзелы адукацыі, аховы здароўя, культуры стварылі прывабны выгляд сваім установам, райспажыўсаюз прывёў у парадак краму, гаспадарка ўклала немалыя сродкі ў знешні выгляд населенага пункта. Дажынкі пройдуць, а ўсё пералічанае застанецца і будзе працаваць на якасць жыцця людзей. На наступны год месцам правядзення дажынак вызначана вёска Дарапеевічы, і работы пачнуцца ў канцы гэтага года. Дарэчы, у іншых вёсках людзі не раз задавалі пытанне: чаму не ў нас? Значыць, сельскія жыхары ацанілі сацыяльны праект пад назвай «Дажынкі».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Маларыцкі раён

Загаловак у газеце: На дажынкі — у Лукава

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.