Вы тут

Як будзе збліжацца заканадаўства Беларусі і Расіі?


Пяты форум стаў самым маштабным як па колькасці ўдзельнікаў, так і па падпісаных паміж расійскімі і беларускімі партнёрамі кантрактаў і пагадненняў. Гэта яскравае сведчанне таго, што ў плане гарманізацыі і ўніфікацыі нашых заканадаўстваў мы ўпэўнена рухаемся наперад. Тым не менш белых плям, якія перашкаджаюць грамадзянам нашых краін адчуваць сябе на роўных, яшчэ хапае. На секцыі «Уніфікацыя і гарманізацыя заканадаўства Саюзнай дзяржавы як асновы эфектыўнага і плённага беларуска-расійскага супрацоўніцтва» абмеркавалі найбольш прыярытэтныя кірункі па інтэграцыі і механізмы рашэння праблем. У цэнтры ўвагі былі пытанні пенсійнага забеспячэння, адукацыі, медыцыны, гандлю, эканомікі і іншыя. Каардынавалі работу секцыі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Ала Бодак і першы намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Людміла Бокава.


Асаблівасці пенсійннай палітыкі

Прыкладам плённага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі з'яўляецца выпрацоўка агульных падыходаў у заканадаўстве па ахове працы. Сёння ў Беларусі і Расіі на падобных прынцыпах пабудавана работа службаў аховы працы, арганізацыя навучання, інструктаж. Існуюць адзіныя падыходы да расследавання няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Міністр працы Рэспублікі Беларусь Ірына Касцевіч звярнула ўвагу на тое, што многае дасягнута ў плане працоўнага заканадаўства, але ёсць яшчэ шмат праблем, звязаных з пенсійным забеспячэннем, асабліва, што датычыцца ўліку стажу. Беларусы і расіяне сёння маюць роўныя правы на працаўладкаванне на тэрыторыі абедзвюх краін. Дзякуючы міжнароднаму дагавору аб супрацоўніцтве Беларусі і Расіі ў галіне сацзабеспячэння выпрацаваны парадак узаемадзеяння кампетэнтных органаў дзвюх краін па выплатах пенсій. Але ў Беларусі, напрыклад, усе працуючыя, у тым ліку расіяне, заўсёды падлягалі абавязковаму сацыяльнаму страхаванню, а ў Расіі такая норма для беларусаў дзейнічае толькі з 2012 года. Акрамя гэтага, у 2015 годзе ў пенсійнае заканадаўства Расіі былі ўнесены змяненні, якія прадугледжваюць пры вызначэнні пенсіі індывідуальны каэфіцыент. І ён улічвае толькі тыя страхавыя ўзносы, якія былі пералічаны ў страхавы фонд Расіі. Тое, што чалавек працаваў у Беларусі, не ўлічваецца. Зараз абодва бакі працуюць над карэкціроўкай гэтай нормы дагавора.

Агульная адукацыйная прастора

Намеснік міністра адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Ірына Пацехіна звярнула ўвагу на важнасць падрыхтоўкі кадраў для Саюзнай дзяржавы:

— На сёння існуе болей за 750 пагадненняў у сферы адукацыі на міжурадавым, міжрэгіянальным, міжведамасным і міжвузаўскім узроўнях. Сумесная работа накіравана на павышэнне якасці адукацыі і стварэнне роўных умоў для грамадзян Расіі і Беларусі. Разам з тым у заканадаўствах нашых краін ёсць яшчэ шмат адрозненняў. Напрыклад, пытанне аб узаемным прызнанні адзінага дзяржаўнага экзамену ў Расіі і ЦТ у Беларусі вырашана, але ў гэтых сістэм ёсць прынцыповыя адрозненні. Адзіны дзяржаўны экзамен з'яўляецца выніковым і пры заканчэнні школы, і пры паступленні ў іншыя навучальныя ўстановы, а ў Беларусі ЦТ — гэта форма ацэнкі толькі ўступных экзаменаў. Ацэначныя сістэмы адрозніваюцца і па структуры, і па змесце, і па прызначэнні.

Зараз перад сістэмамі адукацыі ёсць патрабаванні ў выхаванні кадраў будучага дня. Трэба валодаць высокімі кампетэнцыямі ва ўсіх галінах эканомікі, а гэта патрабуе павышэння якасці агульнай адукацыі, мадэрнізацыі прафесійнай адукацыі і гэтак далей. Вялікую ролю адыгрывае ў аб'яднанні рух WоrldSkіlls. Для сумеснай работы і стварэння агульнай адукацыйнай прасторы трэба выкарыстоўваць новыя лічбавыя магчымасці.

За гандаль без абмежаванняў

Балючую тэму прасоўвання беларускіх тавараў і паслуг на тэрыторыі Расіі закрануў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Андрэй Картун:

— Асноўнай мэтай дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) з'яўлялася свабоднае перамяшчэнне тавараў і правядзенне адзінай палітыкі. Шмат у чым заканадаўства ўніфікавана, але што датычыцца пропуску тавару на нацыянальныя рынкі, гэта пытанне застаецца нявырашаным, нягледзячы на спробы разабрацца з ім на розных пляцоўках, у тым ліку Саюзнай дзяржавы. Сёння налічваецца каля 70 перашкод у межах адзінага саюза, за 2018 год колькасць іх толькі вырасла. Адсутнасць адзінага падыходу прыводзіць да абмежавальнага характару закупак. Адным з бар'ераў допуску беларускіх пастаўшчыкоў да ўдзелу ў закупках Расійскай Федэрацыі з'яўляецца неабходнасць атрымання адзінага лічбавага подпісу. Для гэтага трэба стаць рэзідэнтам Расійскай Федэрацыі. І такіх праблем шмат.

Намеснік міністра аховы здароўя Валерый Шаўчук завастрыў увагу на праблемах па стварэнні аб'яднанай базы лекавых сродкаў у рамках Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС.

— Агульны рынак лекаў павінен запрацаваць з 2025 года, але пры ўзаемнай зацікаўленасці гэта магло б адбыцца ўжо праз два гады, — падкрэсліў намеснік міністра. — Але пакуль няма правапрымяняльнай практыкі ўсіх гэтых дакументаў і не распрацаваны шэраг асноватворных дакументаў, у тым ліку — закона аб фармакапіі. А яшчэ мы сутыкнуліся з цікавым фактам: у Расіі прадстаўнікі фармбізнесу не вельмі імкнуцца працаваць з таннымі лекамі. І гэта таксама праблема.

Удзельнікі пасяджэння таксама казалі пра тое, што ўніфікацыя і гарманізацыя не павінны перашкаджаць самастойнасці кожнай асобна ўзятай краіны. Не трэба займацца калькаваннем законаў, неабходна ствараць мадэльныя законы ў межах існуючай Саюзнай дзяржавы і там агаворваць аднолькавыя нормы для Беларусі і Расіі.

У выніковым дакуменце адзначаны кірункі па далейшай гарманізацыі і ўніфікацыі законаў. Органам мясцовага кіравання і самакіравання Рэспублікі Беларусь, заканадаўчым (прадстаўнічым) і выканаўчым органам дзяржаўнай улады суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, органам мясцовага самакіравання Расійскай Федэрацыі прапанавана ў шчыльным узаемадзеянні адно з адным і дзяржаўнымі органамі Расіі і Беларусі садзейнічаць пытанням інтэграцыі і рэгулярна ўносіць прапановы па вырашэнні існуючых праблем у двухбаковых адносінах.


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Ала Бодак:

— У нас з Расіяй напрацавана каля 200 міжнародных пагадненняў — надзейны прававы падмурак для далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы. Мы дасягнулі высокага ўзроўню ў плане Мытнага заканадаўства, аналага такога супрацоўніцтва няма на ўсёй постсавецкай прасторы. Развіваецца рэгіянальная інтэграцыя — гэта брэнд сучаснасці. Вельмі важна, каб міністэрствы і ведамствы Беларусі і Расіі мелі сумесныя планы супрацоўніцтва і каб яны развіваліся. За пяць апошніх гадоў напрацавана грунтоўная база. Міністэрствы юстыцыі дзвюх дзяржаў шмат чаго зрабілі для выканання судовых рашэнняў, якія датычыцца грамадзян дзвюх краін. Вялікі патэнцыял ёсць у рабоце сумесных сектаральных рабочых груп, аб'яднаных калегій — гэта і надалей трэба працягваць практыкаваць. Але пры гэтым павінна быць каардынацыйная роля Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Паколькі нам патрэбна адзіная эканамічная прастора, заканадаўствы Беларусі і Расіі павінны працаваць ва ўнісон.

Першы намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Людміла Бокава:

— Перш за ўсё павінна быць прававая аснова ў дачыненні да грамадзяніна, сям'і. Прыйшоў час, калі можна казаць, што распрацаваная Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы канцэпцыя збліжэння саспела для таго, каб яе зацвердзіць і намеціць паслядоўныя крокі яе рэалізацыі. Для нашай сумеснай дзейнасці неабходна пашырэнне навукова-экспертнага дыялогу па актуальных пытаннях Саюзнай дзяржавы. Уся аналітыка, высновы не павінны ляжаць мёртвым грузам, трэба гэта абмяркоўваць у межах нашага заканадаўства.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Новыя рэзервы для збліжэння

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.