Вы тут

Вызначаны найбольш перспектыўныя напрамкі для лічбавізацыі


Аб развіцці дыджытал-індустрыі ў Саюзнай дзяржаве гаварылі на секцыі «Лічбавая эканоміка: супрацоўніцтва рэгіёнаў, стан і перспектывы». Пляцоўкай для мерапрыемства стала ААТ «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання».


Тэма канферэнцыі актуальная як для Беларусі, так і для Расіі. Пацвярджэнне таму — вялікая колькасць удзельнікаў сустрэчы і амаль два дзясяткі дакладчыкаў.

Па выніках работы секцыі спецыялісты рэкамендавалі актывізаваць намаганні заканадаўчай і выканаўчай улады дзвюх краін для лічбавай трансфармацыі эканомік. Найбольш важным аспектам для Саюзнай дзяржавы з'яўляецца гарантаванне ўстойлівага функцыянавання і бяспекі адзінай інфармацыйнай прасторы. Сярод мер, якія будуць спрыяць развіццю лічбавай індустрыі, — стварэнне адзінай прававой прасторы ў сферы лічбавай эканомікі, запуск прарыўных інвестыцыйных праектаў у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, умацаванне супрацоўніцтва гарадоў і ІT-кампаній краін. Гэтыя палажэнні ўвойдуць у праект выніковага дакумента V Форуму рэгіёнаў.

«Перавод эканомікі ў «лічбу» — не проста модны трэнд, гэта пытанне нацыянальнай бяспекі, калі хочаце, глабальнай канкурэнтаздольнасці. Ад гэтых працэсаў нам не варта заставацца ўбаку, каб не трапіць у залежнасць ад сусветных лідараў лічбавізацыі эканомікі. Наша работа павінна ісці на апярэджанне», — сказаў у прывітальным слове Уладзімір Панцюхоў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах. Для яго гэты Форум рэгіёнаў значны. Выхадзец з Курскай вобласці, ён атрымаў адукацыю ў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце і тут жа, на Магілёўшчыне, пачынаў сваю працоўную дзейнасць.

Старшыня Камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі па эканамічнай палітыцы Дзмітрый Мезенцаў адзначыў: «Мы сёння гаворым пра лічбавую эканоміку. Цяжка пераацаніць значэнне гэтай тэмы, але самае галоўнае — немагчыма
пераацаніць значэнне тых задач, якія выцякаюць пад эгідай урадаў дзвюх нашых брацкіх дзяржаў у рамках праграм «Лічбавая эканоміка» да рэалізацыі.

Пачынаў серыю дакладаў намеснік дырэктара па маркетынгу і развіцці ДУ «Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій» Аляксандр Марцінкевіч. Менавіта ў гэтай установе сканцэнтраваліся «будаўнікі» ІT-краіны. Сёння ў ПВТ зарэгістравана 386 кампаній, у якіх працуюць больш за 35 тысяч чалавек. Актуальныя праекты, цікавасць да якіх праяўляюць рэзідэнты, рэалізуюцца ў сферы штучнага інтэлекту, вялікіх даных, стварэння сістэм беспілотнага транспарту, распазнавання вобразаў.

Аляксандр Марцінкевіч акцэнтаваў увагу на галоўных выкліках у пабудове ІT-эканомікі ў свеце. Адзін з іх — тэхналагічны прагрэс, які хутка развіваецца (у аснове якога ляжыць лічбавізацыя): «Трэба разумець, што свет сёння стаў іншы, і хуткасць змен вельмі вялікая. Я гляджу па дзейнасці нашых кампаній: толькі ў адной з іх летась на 850 % вырас попыт на прадукты, звязаныя з ужываннем сістэм аўтаматызацыі на базе штучнага інтэлекту. Гэта сведчыць аб тым, што сёння свет расце па экспаненце».

Другі выклік датычыцца гарантавання бяспекі персанальных даных. «Ствараецца ўражанне, што сацыяльныя сеткі, мабільныя праграмы ведаюць пра нас сёння больш, чым блізкія. Калі правільна выбудаваць працэс, маючы даныя пра людзей, можна кіраваць гэтымі людзьмі», — тлумачыць Аляксандр Марцінкевіч.

Пра тое, як удасканальваюць сістэму муніцыпальнага кіравання за кошт укаранення новых тэхналогій, расказаў Сяргей Алтухоў, намеснік старшыні Заканадаўчага сходу Краснадарскага краю. «Зараз мы ідзём па шляху пабудовы празрыстай сістэмы дзяржаўнага кіравання, заснаванай у першую чаргу на працэсным падыходзе. Пачынаючы ад аказання дзяржаўных паслуг па жыццёвых сітуацыях (напрыклад, нараджэнне дзіцяці, змена месца жыхарства і гэтак далей) і заканчваючы інфармацыйнай сістэмай па кіраванні партфелем інвестыцыйных праектаў», — тлумачыць Сяргей Алтухоў. Акрамя таго, неабходна кансалідацыя розных ІT-кампаній рэгіёна ў адзіную супольнасць. Тут прыкладам для расіян з'яўляецца беларускі Парк высокіх тэхналогій.

Інфарматызацыя шчыльна закранае і медыцынскую сферу. Профільнае міністэрства Беларусі сёння займаецца пабудовай нацыянальнай сістэмы электроннай аховы здароўя, якая арыентавана на патрэбы кожнага грамадзяніна.

«Электронная ахова здароўя адкрывае прынцыпова новыя магчымасці развіцця галіны. Якасна змяняюцца падыходы да мадэлі ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў аказання медыцынскай дапамогі. І аснову працэсаў інфарматызацыі сістэмы аховы здароўя складзе інтэграваная электронная медыцынская карта, якая будзе стварацца пры нараджэнні грамадзяніна і суправаджаць яго на працягу ўсяго жыцця», — гаворыць Валерый Малашка, міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Пачынаецца гэтая работа не з нуля. Ужо сёння паспяхова працуюць сістэма электронных рэцэптаў, тэлемедыцына, галіна (як і ўся краіна) паступова пераходзіць на электронны дакументаабарот.

Праблемным момантам сёння з'яўляецца фрагментацыя ІT-аховы здароўя. Пераадолець яе дапамогуць свабодны абмен данымі паміж установамі, укараненне адзіных інфармацыйных стандартаў, класіфікатараў.

Міністэрствам аховы здароўя распрацавана і зацверджана канцэпцыя развіцця сістэмы электроннай аховы здароўя. Пры гэтым улічвалі вопыт СААЗ, Міжнароднага саюза электрасувязі, Міністэрства аховы здароўя Расіі па інфарматызацыі медыцынскіх устаноў Санкт-Пецярбурга, Масквы і Казані.

Важнай часткай секцыі стала заключэнне пагадненняў і кантрактаў. Дагавор аб супрацоўніцтве ў галіне развіцця малых і сярэдніх прадпрыемстваў падпісалі Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў і Фонд развіцця прамысловасці Расійскай Федэрацыі. Дагавор на пастаўку абсталявання заключылі «Магілёўліфтмаш» і вытворчае аб'яднанне НЛМ. Кантракт таксама падпісалі Гродзенскі мясакамбінат і кампанія «Смак дзяцінства».

Марыя ДАДАЛКА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.