Вы тут

На Форуме рэгіёнаў Мінская вобласць заключыла кантракты на $200 млн


Дэлегацыя Мінскай вобласці вярнулася з Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі з важкімі набыткамі. Аб гэтым карэспандэнту «МС» расказаў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Мікалай Рагашчук.


— На якую суму цэнтральны рэгіён заключыў кантракты падчас Форуму рэгіёнаў і на пастаўкі якой прадукцыі: сельскагаспадарчай, прамысловай?

— У межах пятага Форуму заключаны кантракты на пастаўку прамысловай прадукцыі на суму 200,9 мільёна долараў ЗША. Больш таго, на рэгіянальнай пляцоўцы Мінскай вобласці ў межах мерапрыемстваў у Магілёве ў шырокім асартыменце была прадстаўлена сельскагаспадарчая прадукцыя Мінскага малочнага завода № 1, агракамбінатаў «Ждановічы» і «Дзяржынскі», а таксама — спажывецкай кааперацыі: плодаагародніна, квашанні, засолкі, ягады, грыбы, мясныя вырабы. Прадукцыя нашых прадпрыемстваў карысталася вялікім попытам не толькі ў жыхароў горада, але і ў гасцей форуму, што засведчыў рознічны тавараабарот: на гэтай пляцоўцы з 11 па 14 кастрычніка ён склаў больш за 60 тысяч беларускіх рублёў.

Адзначу, што традыцыйна тавары сталічнай вобласці пазнавальныя на расійскім рынку за кошт высокай якасці.

— Мікалай Міхайлавіч, якія кантракты найбольш буйныя на ўзроўні вобласці, раёнаў?

— Найбольшыя сумы кантрактаў, якія заключаны ў межах падрыхтоўкі і правядзення форуму, у БелАЗа — 90 мільёнаў, Слуцкага мясакамбіната — 14,6 мільёна, таварыства з абмежаванай адказнасцю «Вялес-Міт» — 12,4 мільёна долараў.

— У чым карысць такіх сустрэч з расійскімі калегамі? Відавочна, не толькі ў заключэнні кантрактаў, але і ў плане асабістых зносін, абмену вопытам, супрацоўніцтва на перспектыву?

— Штогадовае правядзенне форумаў дазваляе падтрымліваць пастаянныя сувязі паміж прадстаўнікамі вышэйшых і мясцовых органаў улады дзвюх краін, і, як адзначае Прэзідэнт Беларусі, рэалізацыя дамоўленасцяў на найвышэйшым узроўні можа быць паспяховай толькі тады, калі дапаўняецца эфектыўнай работай на рэгіянальным узроўні.

Добрым прыкладам служаць узаемаадносіны з Бранскай вобласцю, з дэлегацыяй якой адбылася сустрэча ў межах форуму. Блізкасць нашых граніц і ўзаемная зацікаўленасць у расшырэнні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дазволіла сёлета за восем месяцаў дасягнуць тавараабароту з гэтым расійскім рэгіёнам на ўзроўні амаль 50 мільёнаў долараў.

Што датычыцца прамысловай кааперацыі, то на Браншчыну мы пастаўляем часткі для лакаматываў, чыгуначнага саставу і трамваяў, рухавікоў унутранага згарання, металаканструкцыі з чорных металаў. Імпартуем адтуль вырабы з чорных металаў, насенне рапсу і шмат чаго іншага.

Узаемны інтарэс з Бранскай вобласцю ўяўляе супрацоўніцтва ў плане абмену вопытам у сферы аграпрамысловага комплексу. Дасягнуты дамоўленасці аб удзеле Мінскай вобласці ў VІІ Славянскім міжнародным эканамічным форуме, які адбудзецца сёлета ў Бранску 2 лістапада. Прадстаўнікі Міншчыны прымуць удзел у пасяджэнні секцыі «Рэгіянальная лічбавая платформа ў АПК». У далейшым мы разлічваем яшчэ больш эфектыўна задзейнічаць наш прамысловы і кадравы патэнцыял для стварэння сумеснай прадукцыі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.