Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Чыстая... нячыстая


Здарылася гэта ў маім далёкім дзяцінстве. Неяк раз, ноччу, я прачнулася ад зусім незразумелых гукаў: нехта... хадзіў па хаце. Ды не проста, а з падскокамі, зрэдчас прыціхаючы — нібыта ў развазе, куды б гэта падацца?

Я вельмі спужалася, прыціснулася да мамы, спытала шэптам:

— Што гэта?

— Нічога страшнага, — стала супакойваць яна.

«Ага, нічога...» — думала я, затаіўшыся і чуючы, што істота... пачала набліжацца да нашага ложка, а потым і наогул — залезла пад яго, гэта значыць, пад нас (!)...

Ледзь жывая ад жаху, я чакала нейкіх новых рухаў, але іх болей не было: тая істота, здаецца, знікла? А таму паспакайнела і я, можа, нават задрамала б, калі б яна не аб'явілася зноў: не тузануў... сяннік, на якім мы спалі.

Мама, раз-пораз паўтараючы «Сыдзі, нячыстая!», стала хрысціцца, і гэтым паддаваць яшчэ болей жаху, бо сыходзіць той нячысцік зусім не збіраўся. Ён, то з нейкім піскам, то з сапеннем, тузаў сяннік яшчэ з большай сілай...

Добра было б запаліць лучыну (да электрычнасці ў той час, як да сонца...). Але ж для гэтага трэба злезці з ложка, падысці да печы, вышукаць там жару (запалак мы таксама не мелі)...

І, вядома ж, не мелі смеласці. А ў выніку так і не заснулі, аж да раніцы пратрэсліся ў ложку.

Нячысціка ўбачылі, калі развіднела. Ім аказалася... маленькае трусяня. Вечарам я сама прынесла яго ў хату, а аднесці назад — забылася. Вось яно, прагаладаўшыся, і пачало шукаць сабе ежу, падскокваць да сена, якое пахла яму праз дзіркі ў сенніку.

Таму праўду кажуць: баязліваму і корч — мядзведзь. Аб гэтым трэба памятаць, бо ў жыцці бывае ўсякае і супакойваць сябе нечым трэба.

Марыя Бяжан, г. Чэрвень.


«Малады аграном»

Канчаецца, на жаль, сельскагаспадарчы, дачны сезон. Многiх сёлета ён парадаваў добрымi ўраджаямi, многiм пакiнуў светлыя ўспамiны.

...Сястра, неяк пазванiўшы, спытала, цi ёсць у мяне агуркi? Кажу, што ёсць, але мала, бо ўжо канчаюцца.

— А ў мяне, — яна хвалiцца, — самы збор.

— Чаму так позна? — пытаюся.

— Ды ўнук дапамог, — смяецца яна i расказвае, што вясной, як i ўсе, пасеяла агуркi, дачакалася завязi, прыезду ўнукаў i ўжо з iмi пайшла ў гарод, узялася там рваць пустазелле.

Малыя таксама без справы не сядзелi. Хай не адразу, але ж «знайшлi» градкi з агуркамi, патапталiся, нарвалi па жменьцы жоўтых кветачак i да бабулi: палюбуйся, маўляў, якiя прыгожыя.

Тая ледзь не самлела, але што ты будзеш рабiць — дзецi... Адзiнае, сказала малым, што агуркоў цяпер доўга чакаць давядзецца.

Потым той жа бядой падзялiлася з суседкай. А яна вазьмi ды ўспомнi (пры ўнуках), што свякроў яе казала: каб агуркi ўрадзiлi, каб пустацвету не было, трэба, маўляў, хлопчыка малога на градкi пусцiць — хай пабегае там, прычым без штонiкаў.

Пагаварылi жанчыны вось так ды i разышлiся.

Сястра назаўтра прачнулася, — бачыць, унука ў ложку няма. Кiнулася ў хаце яго шукаць, а малы тым часам з двара вяртаецца, кажа:

— Бабулечка, iдзi ў гарод, паглядзi, можа, там агурочкi з'явiлiся. Я вакол градак ужо пабегаў.

...Вось такiя ў сястры падрастаюць памочнiкi.

Лiлiя Скiндзер, г. Iвацэвiчы.


Памятны пікнік

Медыкам, міліцыянерам ды ратавальнікам без жартаў не абысціся, бо менавіта яны добра здымаюць стрэсы, а смех і наогул дае сілы жыць, працаваць далей.

Дык вось неяк летам следчыя аднаго з раённых аддзелаў унутраных спраў вырашылі пасядзець вечарком на беразе вадасховішча, прычым гэтым разам не сваёй, чыста мужчынскай, кампаніяй, а разам з жонкамі.

Тыя, ну вядома ж, пастараліся, нарыхтавалі рознай смакаты, папрыбіраліся... У выніку ўсім за сталом было сытна і весела, кампанія сядзела хораша і доўга. Але ж тым часам ноч агарнула — пара па дамах, бо заўтра ўсім на працу.

Першы выправіўся ў дарогу начальнік аддзела. Ну, вядома ж, на машыне ды за рулём не сам — іншы супрацоўнік, прычым цвярозы, як шкельца (малады, не «абарзеў» пакуль). Але ж на дарогу выехаў і на́ табе: чалавек ляжыць — ногі на ўзбочыне, галава на шашы. Нехта, значыць, збіў бедалагу?

Мужчыны спыніліся, выйшлі з машыны, каб паглядзець, ці не трэба дапамога.

Пацярпелы, бачаць, у шапцы (побач — пляма крыві), у ватоўцы, у гумовіках. Няйначай рыбак? Кранулі, а там... муляж, набіты нейкай саломай.

З палёгкай уздыхнулі, ссунулі яго ў канаву, смеючыся, пакіравалі дамоў...

У другой машыне, якая паехала з пікніка амаль што ўслед за першай, экіпаж быў болей «паддаты», але ж чалавека на абочыне згледзеў таксама і ўзяўся дзейнічаць: выклікаць «хуткую», званіць дзяжурнаму па аддзелу.

А ўрэшце найсмялейшага і найцверазейшага з кампаніі пакінулі на месцы здарэння — свайго роду вартавым, а самі, каб не «свяціцца» — ды і сэнсу няма, — пакацілі далей.

Толькі яны ад'ехалі, як іншая машына ўжо прыехала.

— Ну што тут? — спытаў у вартавога доктар з хуткай дапамогі. — Жывы чалавек ці не? Рукамі, нагамі варушыць?

— Не, мёртвы. І ўжо даўно, — смела адказаў хлопец.

Фельчар па рацыі далажыў дзяжурнаму, што медыкам тут рабіць няма чаго: адпраўляйце, маўляў, трупавозку...

Гэта значыць, зноў адна машына ад'ехала, другая прыехала — і ўжо разам з аператыўнай групай. Яна перш-наперш асвятліла месца ДТЗ і... нічога не зразумела, бо ўбачыла, што вартавы там ёсць, а вось трупа... няма.

— Ды быў ён! Толькі што! — лыпаў вачыма хлопец. — Яго ж і фельчар бачыў...

Усё праяснілася назаўтра з раніцы, калі даішнікі ва ўсіх падрабязнасцях і дэталях, перабіваючы і дапаўняючы адзін аднаго, сталі расказваць пра... эксперымент з муляжом трупа, які яны ноччу то выносілі, то забіралі з дарогі.

А што адбывалася ўсё паблізу ад вадасховішча, ад месца пікніка іхніх жа калег, — дык гэта проста супала.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск.


Пасланец ЦК, альбо Кароткасць як сястрыца таленту

У гарачы час перабудовы выйшла пастанова ЦК КПБ аб эканоміі так званых ГЗМ — гаруча-змазачных матэрыялаў. Важны дакумент, і яго тэрмінова трэба было данесці (ці ўсё ж давесці?) да народа. (Сам, трэба разумець, ён дайсці не мог.)

Пры міністэрстве стваралася рабочая група, у якую ўключылі і мяне — на той час — зусім маладога. А былі і старэйшыя — чалавек пад сто. І за кожным (відаць, па прынцыпе «столь-падлога») інструктар ЦК замацоўваў пэўны раён, пэўныя прадпрыемствы. Мне, у прыватнасці, дастаўся Нясвіж з яго райсельгастэхнікай, узнагароджанай ордэнам Леніна... Трэба было паехаць туды, праверыць, як выкарыстоўваецца гаручае, павучыць спецыялістаў (?!), на чым эканоміць, правесці сход у працоўным калектыве (то-бок пераканацца, што пастанова дайшла да кожнага), а ўрэшце — зрабіць пісьмовую справаздачу.

Адказная, карацей, камандзіроўка, і я пачаў да яе рыхтавацца. Некалькі вечароў канспектаваў спецыяльныя дапаможнікі, разбіраўся, як павінны працаваць дыспетчары, запраўкі, спідометры, што такое пуцявыя лісты, і г. д.

...На прадпрыемстве мяне сустрэлі ветліва — як-ніяк са сталіцы прыехаў, з ЦК, — ці мала да чаго прыдзярэцца?

Аднак дырэктар мне спадабаўся адразу: смела паказаў гаспадарку, сказаў, што пытанні эканоміі і без той пастановы на першым месцы, інакш прадпрыемства не атрымала б названы ордэн, спытаў, ці даводзілася мне бываць у Нясвіжы? «Не, на жаль», — прызнаўся я. «А горад гэтага варты... Яго трэба пабачыць, бо калі яшчэ давядзецца», — заўважыў дырэктар.

Дык чаму б не прыслухацца?

Карацей, амаль цэлы дзень я хадзіў па Нясвіжы (нібы прадчуваў, што болей не траплю), але вечарам — трэба ж сумленне мець — стаў рыхтавацца да сходу: пісаў тэзісы, уяўляў, што скажу. І добра б без паперкі...

Ноч такім чынам прайшла ў рэпетыцыях.

А ўжо нараніцу ў актавай зале сабраліся людзі. Мы з дырэктарам прайшлі ў прэзідыум, селі, і я, шчыра кажучы, трохі збянтэжыўся пад «прыцэлам» добрай сотні вачэй. Яны разглядалі мяне, ацэньвалі, моўчкі пыталі, што за «птушка», маўляў, што запяю, ды колькі — па часе — прыйдзецца слухаць, бо працаваць жа трэба.

Першы, як і належыць, выступіў дырэктар: коратка «прайшоўся» па новай пастанове ЦК, агучыў паказчыкі па эканоміі, сказаў, што гэтак жа трэба працаваць і далей.

Потым даў слова мне — чалавеку прыезжаму, «пасланцу» таго самага ЦК.

Я ўстаў, паўтарыў завучанае «Паважаныя таварышы! Я прыехаў па даручэнні...»

А вось што далей казаць, хоць забі, не ведаў, бо ўсё «напрацаванае» ноччу людзі толькі што пачулі — з вуснаў кіраўніка. Мне, выходзіла, трэба альбо паўтарыцца, альбо... шчыра ўсміхнуцца ды развесці рукамі: маўляў, лепш чым ваш дырэктар, я не скажу, а таму... не буду займаць працоўнага часу. Поспехаў вам, шаноўныя! І дзякуй за працу! Што і зрабіў.

У адказ (ганаруся да сёння!) пачуліся так званыя бурныя апладысменты...

...А справаздачу я потым напісаў — падрабязную, такую як трэба.

Ведаць бы, каму?

Іван Гаральчук, г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».