Вы тут

Птушкі і птушаняты


Пра што нашаптаў цёплы кастрычнік

Такая шыкоўная — сонечна-мядовая, цёпла-бурштынавая цягам некалькіх не дзён, а тыдняў — восень была дагэтуль толькі ў 1995-м. Пра тое нават сведчаць сіноптыкі: штодзень, згадваючы рэкорды па выніках шматгадовых метэаназіранняў, яны, калі гавораць пра самую высокую зафіксаваную тэмпературу, найчасцей называюць менавіта кастрычнік 1995-га. Але, нават калі б і не было такой падказкі, забыцца тую восень проста немагчыма...


Мы ў той год былі на пятым курсе ўніверсітэта, мелі працу (часовую) і вельмі туманныя перспектывы наконт найбліжэйшай будучыні. Тады якраз адмянілі размеркаванне, увёўшы «свабодныя дыпломы», і не меўшы на руках сталічнай пастаяннай прапіскі, ты затое меў выдатныя шанцы з гэтым самым свабодным, няхай сабе нават і чырвоным, дыпломам у руках апынуцца за межамі мінскай кальцавой дарогі...

І думаць пра гэта ды пра тое, як зачапіцца ў сталіцы, трэба было ўжо ўвосень, таксама як і хадзіць на лекцыі, на якіх — ну вельмі важных! — строгія выкладчыкі кожны раз адзначалі адсутных і пагражалі ім найсуровейшым пакараннем. Але кожную раніцу, выходзячы з інтэрната з высакароднай мэтай на тыя самыя лекцыі ўрэшце трапіць, мы з сяброўкай глядзелі адна на адну, хорам выдыхалі: «Можа, апошні дзень такі!» — і ішлі... блукаць па залітых сонцам вуліцах, бесклапотна падбіваючы нагамі аблачынкі рудаватых кляновых лісцяў ды сядзець у кавярні «Марожанае» ў Траецкім, дзе тады яшчэ варылі сапраўдную — у джэзве на гарачым пяску — самую духмяную і смачную каву, якую даводзілася каштаваць у жыцці.

Зрэшты, гэта бесклапотнасць была часовай, а потым, разам з прадчуваннем дажджлівых шэрых дзён, прыходзілі невясёлыя думкі пра тое, што рабіць і як жыць далей. Нібы было гэта толькі ўчора — выразна памятаю, з якім роспачна-безвыходным настроем пісала тады матэрыял для «Звязды», які назвала «Птушкі з перабітымі крыламі». Пра сябе, пра сваіх сяброў і знаёмых — «страчанае пакаленне», якое спрабуе і з усіх сіл стараецца знайсці сябе, але якому не даюць гэта зрабіць абсалютна трывіяльныя, але ўсюдыісныя абставіны — адсутнасць жылля, прапіскі, грошай. Мой «крык душы» тады апублікавалі, праўда, з каментарыем адной сталай журналісткі, якая ўшчувала моладзь у маёй асобе за ўпадніцкі настрой і нежаданне дзейнічаць дзеля спраўджвання планаў і мараў. Я, памятаю, вельмі пакрыўдзілася: сыты галоднаму не спагадае, добра, меўшы пастаянную працу і ўсе выгоды сталічнага жыцця, разважаць аб няздатнасці і аморфнасці маладых.

Сяджу вось цяпер, праз дваццаць тры гады (божа мой, прайшло ўжо дваццаць тры гады!), і думаю. Пра тое, што, напэўна, так прыродай закладзена, каб з маладых, бесклапотных і адначасова заклапочаных тысячай важных праблем, разгубленых і ў той жа час адчайных людзі ператвараліся ў вопытных, асцярожных і засяроджаных зануд сярэдняга ўзросту, якія заўсёды ведаюць, як правільна, упэўнена, не азіраючыся па баках, ідуць толькі наперад, смяюцца, толькі калі вельмі смешна, і то калі гэта не парушае грамадскага парадку... А як хочацца павучыць жыццю маладзейшых! Якія — бесталковыя і нахабныя, лянівыя і ўпартыя, са сваімі ўсюдыіснымі заплечнікамі і навушнікамі — скардзяцца на неўладкаванасць жыцця, на невялікую зарплату, а самі жывуць у сваім віртуальным свеце, крыўдзяцца, што ты іх не разумееш, і ўвогуле глядзяць на цябе з лёгкім адценнем гэткай добразычлівай пагарды, як на бабуліну сукенку, якая нібыта і важная як рэліквія, але насамрэч ужо не надта, мякка кажучы, і патрэбная...

Як жа хочацца сказаць ім усё, што пра іх думаеш: і пра ляноту, і пра абыякавасць, і пра нежаданне рабіць нешта дзеля саміх сябе, і пра тое, што, калі так будзе і надалей, нічога людскага з іх не атрымаецца. Вельмі хочацца, праўда? (Гэта я да катэгорыі сорак плюс звяртаюся.)

Толькі ведаеце што? Усё ў іх абавязкова спраўдзіцца і атрымаецца. І будзе ў рэшце рэшт усё як у нас з вамі, усё як у людзей — і работа, і жыллё, і жыццёвы досвед, які яны займеюць самі, без нашай дапамогі. Бо так было і будзе заўжды. Бо так закладзена прыродай. Бо свет не павінен складацца толькі з правільных зануд, якія заўсёды ведаюць і дакладна пралічваюць, што, калі і як рабіць. Бо мы самі былі такія, як яны, усяго нейкія дваццаць (трыццаць, сорак... якая, зрэшты, розніца — колькі?) гадоў назад.

І ўспомніць пра гэта насамрэч зусім нескладана. Дастаткова толькі, ідучы па пранізаным промнямі восеньскім парку, легкадумна падкінуць нагой аблачынку рудаватых кляновых лісцяў.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».