Вы тут

Наколькі запатрабаваны бясплатныя гандлёвыя месцы для пажылых


Ужо некалькі гадоў у Мінску на рынках выдзяляюцца бясплатныя гандлёвыя месцы для пенсіянераў і інвалідаў. Тут можна рэалізаваць лішкі ўраджаю. Сёлета такую магчымасць даюць 16 сталічных рынкаў. А ці ёсць попыт з боку саміх пажылых людзей? Якую садавіну і агародніну вязуць пенсіянеры на продаж, што рабіць з кабачкамі, калі за дзень іх не паспелі разабраць, і ці хапае месцаў за прылаўкамі ўсім ахвотным, мы даведаліся на Камароўцы.


Сёння на бясплатных месцах на сезонным рынку гандлюе 40 прадаўцоў. Яблыкі ёсць ледзь не ў кожнага. Але, кажуць, з-за таго, што ў гэтым годзе ўраджай вялікі, іх слаба бяруць.

— Кабачкі вельмі танна аддаём — па рубель пяцьдзясят за кілаграм, — дзеліцца пенсіянерка Ганна Пятроўна. Яе ўчастак знаходзіцца ў вёсцы Залессе Дзяржынскага раёна.

— Сама ўсё вырошчваю — бачыце, рукі якія, — паказвае бабуля спрацаваныя далоні. На прылаўку перад ёй ляжаць грушы, стаяць кубачкі з малінай. — А бачыце, якая цыбуля-прыгажуня? Шалот называецца. Вельмі смачная, салодкая, хутка гатуецца. Пад адным карчом расце да дзевяці штук — самі наверх вылазяць.

Гандлюе Ганна Пятроўна даўно. Як выйшла на пенсію, так і стала ездзіць са сваім таварам на рынак. А дагэтуль працавала на Мінскім прыборабудаўнічым заводзе імя Леніна (цяперашні «Амкадор-Белвар») — на вытворчасці друкаваных плат.

У прадаўцы жанчына пайшла, каб дапамагаць дзецям і ўнукам. «Гэта стымул жыцця. А што нам старым, трэба?»

Аляк­санд­ра За­ха­раў­на Ла­зу­ка лю­біць ста­яць на рын­ку.

Яе суседка па прылаўку Аляксандра Захараўна Лазука бядуе: вырасціць лягчэй, чым прадаць. Вось у яе гарбузоў сёлета — цэлыя вагоны. Прадае па 50 капеек за кіло. А дагэтуль 80 штук здала скупшчыкам усяго па пяць капеек за кілаграм. «Не бралі даражэй», — тлумачыць.

У Аляксандры Захараўны 25 сотак у Слуцкім раёне. За лета нарасціла там часнаку, бульбы, фасолі, насушыла мех семак.

— Добры ўраджай?

— Вой... Яблыкі пластом зямлю ўсыпалі. А груш — ніколі не было столькі. Сяджу ў гародзе, чую толькі, як у суседа галінка — «хрусь» — пад цяжарам груш абвалілася. Прыязджайце да мяне на лецішча, там добра — сапраўдны рай!

— Не цяжка стаяць на рынку?

— Не, люблю. Пахаць трэба! — кажа 78-гадовая пенсіянерка, якая за сваё жыццё паспела папрацаваць і ў бары, і на заводзе, і ў аптэцы. — Дачка не пускае, а я ўцякаю ўсё роўна. Дый весялей тут у кампаніі. І пагаварыў, і капейчыну зарабіў. А дома здурнець можна аднаму.

Калі пасля працоўнага дня засталася нераспрададзеная агародніна, яе можна здаць у камеру захоўвання. Цана за суткі — пяць капеек за кілаграм.

Аляксандра Захараўна наогул не любіць сядзець на месцы. Ездзіць па санаторыях, часам па два разы на год на аздараўленні бывае.

Людміла Мікалаеўна Макарэвіч свой ураджай прывезла з Самахвалавіч (Мінскі раён). Яблыкі, грушы, кабачкі, гарбузы, каліна... Муж на машыне дастаўляе тавар на рынак, а жанчына ўжо стаіць за прылаўкам — з сямі раніцы да шасці вечара.

— Чаму дзеці не дапамагаюць? Ды мы самі спраўляемся, нам тут цікава, — усміхаецца.

Былы майстар ЖЭС прызнаецца, што спачатку саромелася быць прадаўцом. А потым прывыкла.

Ура­джай сё­ле­та як ні­ко­лі доб­ры.

— Каштэль вельмі смачны, частуйцеся, — прапаноўвае. Заўважае, што пакупнікі любяць салодкія яблыкі і абавязкова таварнага выгляду. Як вырасціць такія? Старанна даглядаць, коратка адказвае Людміла Мікалаеўна.

— У гэтым годзе грушы добра купляюць. У нас ёсць дэсертны сорт — адна такая груша паўкіло важыць. А вунь які гарбуз прыгожы, — жанчына кладзе велізарны плод на вагу. — 14 кілаграмаў!

Сама яна ўжо наставіла на зіму нарыхтовак. З гарбуза і яблыкаў націснула соку, з кабачкоў і памідораў зрабіла салату.

Кан­стан­цін Пят­ро­віч Ду­дар­чык пры­яз­джае раз на ты­дзень  з Пу­ха­віц­ка­га ра­ё­на.

На адным з радоў гандлюе Канстанцін Пятровіч Дударчык. Падпісчык «Звязды», дарэчы. Ён жыве ў Пухавіцкім раёне. Раз на тыдзень прыязджае на Камароўку на электрычцы.

— Чаму не ў Пухавічах прадаю? Колькі там тых людзей, — махае рукой. — А тут зусім іншы рынак.

Участак у Канстанціна Пятровіча — цэлы гектар. Шчыруюць там усёй сям'ёй. Сёння пенсіянер узяў на продаж хрэн, кроп, перац чылі, фасолю...

— Часнок каштуе 50—70 капеек за галоўку. Танна? Дык купляйце!

— А гарбузы маленькія дэкаратыўныя? — пытаемся пра плады памерам з далонь.

— Ядомыя! — запэўнівае.

Пенсіянер раней працаваў на Галоўпаштамце. Прызнаецца, ніколі не думаў, што пойдзе ў гандаль. «Эх, ляжаць бы на печы, — уздыхае. — Але трэба грошы зарабляць».

Каб пажылым людзям атрымаць бясплатнае месца на рынку, трэба мець пры сабе пэўныя дакументы. Гэта пенсійнае пасведчанне ці пасведчанне інваліда, даведка з сельсавета аб тым, што сельскагаспадарчая прадукцыя вырашчана пенсіянерам ці яго сваяком, флюараграфія і заключэнне лабараторыі.

У сярэднім на Камароўцы ў дзень бывае 40—60 такіх прадаўцоў. Улетку па пятніцах і суботах гэта колькасць даходзіла да ста.

Чаму ж, нягледзячы на простыя ўмовы, многія бабулі і дзядулі працягваюць гандляваць на прыпынках і ў падземных пераходах? Магчыма, справа ў тым, што там стаяць неабавязкова вытворцы і гэтым прадаўцам праз кожныя паўгадзіны прадпрымальнік падвозіць прадукты. Такі ценявы бізнес.

Бясплатныя месцы для пенсіянераў і інвалідаў будуць выдзяляцца да 1 снежня.

— У лістападзе працуем пры ўмове, што тэмпература навакольнага асяроддзя не апусціцца ніжэй нуля градусаў. На крытым рынку бясплатных месцаў няма — плошчы не дазваляюць. Дый да зімы ўсе звычайна ўжо ўраджай распрадаюць, — каментуе Анжэла БАРАНОВІЧ, начальнік службы арганізацыі рыначнага гандлю Камароўскага рынку.

Цэны, якія выстаўляюць пажылыя гандляры, адміністрацыя не рэгулюе. «Гэта іх права, пачым прадаваць тавар».

Бясплатныя месцы на рынку размяркоўваюцца ў парадку чаргі. Хто раней прыйшоў, той і заняў. На месяц ці на сезон, напрыклад, канкрэтнае месца за пенсіянерам не замацоўваецца.

У адміністрацыі дадаюць, што такога, каб камусьці адмовілі з-за недахопу плошчаў, яшчэ не было. Вось і сёння шмат прылаўкаў пустуе. Калі ж попыт з боку пажылых прадаўцоў будзе вялікі, адміністрацыя гатова паставіць дадатковыя сталы.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.