Вы тут

У Элісце шануюць Беларусь-партызанку


Прозвішча калмыцкага паэта Міхаіла Хонінава — на слыху ў беларускага чытача. Адпаведна на слыху ў калмыцкага чытача — тэма повязі пісьменніка-партызана з Беларуссю.


Яшчэ раз пацвердзілася гэта і выданнем у Элісце навучальнага дапаможніка «Міхаіл Хонінаў: сто гадоў і адно жыццё», аўтарам і ўкладальнікам якога з'яўляецца дачка героя Вялікай Айчыннай вайны (за свае подзвігі на акупаванай фашыстамі зямлі Беларусі Міхаіл Ванькаевіч адзначаны ордэнам Чырвонага Сцяга, медалём «Партызану Айчыннай вайны» І ступені) — кандыдат філалагічных навук Рыма Ханінава. У зборніку — шматлікія дакументальныя матэрыялы, мастацкія і літаратурна-крытычныя тэксты, істотная частка якіх носіць «беларускі характар». Дарэчы, і кандыдатам у члены Усесаюзнай Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Міхаіл Хонінаў быў прыняты Клічаўскім падпольным райкамам
КП(б)Б — у лютым 1944 года. Праўда, улічваючы тое, што калмыкаў у перыяд сталінскага культу асобы дэпартавалі ў Сібір, з партыяй на некаторы час адважнаму партызанскаму камандзіру давялося развітацца.

Узнавілі яго ў шэрагах ленінцаў ужо пасля вяртання на радзіму, у Элісту, — у 1958 годзе. Пакручасты, драматычны лёс калмыцкага пісьменніка — ва ўспамінах, дакументальных сведчаннях, аўтабіяграфічных накідах і іншых матэрыялах.

Міхаіл Хонінаў быў цесна звязаны з Беларуссю і ў пасляваенныя гады. У Мінску выйшлі дзве кнігі яго паэзіі ў перакладзе на беларускую мову. Назва адной з іх — «Хвоі і цюльпаны» — гучыць як паяднанне дзвюх старонак, паяднанне Беларусі і Калмыкіі. У Элісце пабачыў свет зборнік вершаў Янкі Купалы ў перакладах Міхаіла Хонінава на калмыцкую мову. Партызан і пісьменнік быў частым госцем у Мінску, на Магілёўшчыне, дзе партызаніў, сябраваў з беларускімі пісьменнікамі Максімам Танкам, Петрусём Броўкам, Васілём Быкавым, Аляксеем Пысіным, Рыгорам Барадуліным, шмат з кім з беларускіх літаратараў ліставаўся, рупіўся пра тое, каб іх голас чулі і ў Калмыкіі. Зараз бацькоўскія традыцыі сяброўства прадаўжае дачка — літаратуразнаўца Рыма Ханінава, аўтар многіх публікацый пра беларускую літаратуру.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».