Вы тут

Ці здольная акадэмічная музыка здзіўляць у ХХІ стагоддзі?


Сёння, 20 кастрычніка, у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца заключны канцэрт ХІІІ Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, які амаль два тыдні прыцягваў увагу аматараў музыкі. І калі гаворка ідзе пра святочнасць і ўрачыстасць, то з падобным настроем у большасці людзей асацыюецца музыка Мендэльсона. Але ці кожны зможа прыгадаць больш чым адну мелодыю кампазітара?.. Ліквідаваць прабелы дапаможа мерапрыемства, дзе будзе гучаць канцэрт Мендэльсона для скрыпкі і фартэпіяна з аркестрам. Выконваць яго будзе запрошаны саліст, скрыпач Сяргей Крылоў, якога беларуская публіка ўжо ведае па ранейшых праграмах. Музыкант з сусветнай славай, галоўны дырыжор Літоўскага камернага аркестра ў Мінску выступіць разам з міжнародным камерным аркестрам Еаst-Wеst Сhаmbеr Оrсhеstrа пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера, мастацкага кіраўніка фестывалю. Вось такім чынам ХІІІ фестываль Юрыя Башмета ў Мінску паставіць кропку...


Ула­дзі­мір Поз­нер у тэ­ат­раль­на-му­зыч­ным пра­ек­це  на фес­ты­ва­лі Баш­ме­та.

Альбо кропку з коскай... Міжнародны фестываль Юрыя Башмета не толькі прапануе канцэрты ды вабіць імёнамі (на што робіцца асаблівы акцэнт, і не толькі ў назве), але ўмее стварыць рэзананс, які шлейфам будзе ісці ўслед за падзеяй: дзе тут уражвала ўласна музыка, а дзе спрацавала яе арыгінальная падача.

Крэатыў у наш час — залог поспеху ў любых творчых праектах. Усё, што парушае звыклы парадак рэчаў, можна аднесці да крэатыву. Вось хоць бы афіцыйнае адкрыццё фестывалю Башмета адбылося ўжо пасля таго, як публіка схадзіла на першы канцэрт «Легенды фартэпіяна», дзе выступіў народны артыст Расіі
Мікалай Луганскі ў суправаджэнні Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Беларусі, кіраваў якім у гэты вечар галоўны дырыжор Гётынгенскага сімфанічнага аркестра Крыстаф-Маціяс Мюлер.

Але якое адкрыццё фестывалю без Башмета і камернага ансамбля «Салісты Масквы»? Непарадак выпраўляецца, як аказалася, вельмі проста: урачыстым адкрыццём трэба лічыць той канцэрт, на які збіраецца шмат знакамітых асоб, дзяржаўных дзеячаў і дзе гучаць словы прывітання ад Прэзідэнта Беларусі, зачытаныя міністрам культуры краіны Юрыем Бондарам: пра бліскучых музыкантаў міжнароднага ўзроўню, шэдэўры сусветнай класікі і найлепшыя творы сучасных кампазітараў, а таксама пра асветную місію фестывалю. Маэстра Юрый Башмет патрапіў у танальнасць: лічба «13» павінна сёлета стаць шчаслівай. І сапраўды, гэта ж якое шчасце для расійскіх музыкантаў — ужо другі дзясятак гадоў мець стабільную магчымасць прыязджаць з канцэртамі ў Мінск! Асабліва, калі за гэта не проста кажуць «дзякуй», а яшчэ і ўслаўляюць музыкай. Сёлета Юрыю Башмету і мастацкаму кіраўніку фестывалю піяністу Расціславу Крымеру беларускі кампазітар Віталь Воранаў прысвяціў канцэрт для альта і фартэпіяна з выкананнем галоўнымі асобамі фестывалю. Публіка любіць імёны.

На гэта, між іншым, робіць стаўку фестываль: прапанаваць людзям тое, што немагчыма абмінуць. Яшчэ раней быў знойдзены адметны ход задзейнічаць скрыпкі выдатных майстроў. У канцэрце адкрыцця (урачыстага) скрыпка Страдывары 1733 года гучала ў руках Вадзіма Рэпіна.

Гэты фестываль — свайго роду «машына часу», дзе злучаюцца розныя эпохі. Зразумела, чаму адным з «машыністаў» і хэдлайнераў цягніка стаў музыкант Андрэй Макарэвіч. А яго спадарожнікам — тэлевядучы Уладзімір Познер у музычна-тэатральнай пастаноўцы «Чорт, салдат і скрыпка», створанай паводле «Гісторыі салдата» і іншых твораў Ігара Стравінскага. Аўтар ідэі і выканаўца адной з роляў — скрыпач і дырыжор Дзмітрый Сіткавецкі. Асобы — вось на каго ідуць людзі на фестывалі Башмета.

І калі сярод асоб, уцягнутых у фестываль, ёсць творцы высокай музыкі — можна казаць пра папулярызацыю сучаснага музычнага мастацтва. Латвійскі кампазітар Петэрыс Васкс і яго творы ў выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі — адметная падзея: выкананне сучаснай музыкі (якую слухач можа не ведаць зусім) — заўсёды рызыка для калектываў. Але музыка, што ствараецца сёння, перадае стан рэальнага жыцця, імкнецца дастукацца да сучаснага чалавека. Яна пішацца для нас, таму павінна гучаць у свой час. І дзе яшчэ, як не тут, на фестывалі, што вельмі імкнецца заявіць пра сваё сучаснае аблічча? І можа быць з часам асобнымі канцэртамі будуць прэм'еры (не адна!) беларускіх кампазітараў.

Тым больш што слухач фестывалю Башмета гатовы нават для самых радыкальных эксперыментаў. Музыка плюс мастацкая гімнастыка — паспрабавалі, пайшло (сёлета Еаst-Wеst Сhаmbеr Оrсhеstrа і расійскі віяланчэліст Аляксандр Князеў выступілі разам з беларускім прызёрам чэмпіянатаў свету і Еўропы Кацярынай Галкінай). Альбо вечны Моцарт — у канцэрце для немаўлят з мамамі і для цяжарных жанчын.

Але рэальны класічны экстрым — гэта першы ў Беларусі начны канцэрт у метро з пачаткам а другой гадзіне ночы. Перон ператварыўся ў партэр. Лазернае шоу — каб развеяць сон. Але ж і без таго публіка ў тонусе: аркестр пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера, маштабны хор, салістка Вялікага тэатра оперы і балета Аксана Волкава ды такія папулярныя выканаўцы, як Дзядзя Ваня ды Віталь «Артыст» (гурт «Без білета»), і спевы «Песняроў»... Ох!  Аб'яднаць тое, што, здаецца, аб'яднаць немагчыма, спалучыць тое, што спалучыць складана, — на што толькі не пойдзеш, каб кожны прасунуты малады чалавек захацеў далучыцца да абмеркавання музычных праектаў. Але як далучышся, калі не «пакаштаваў» гэткай радасці? Музыка даходзіць да людзей у наш час пакручастымі шляхамі. А далей яны стануць думаць: што гэта было? дзеля чаго?.. І, магчыма, захочуць схадзіць на апошні канцэрт фестывалю, традыцыйны і акадэмічны. І зразумеюць, што на філарманічнай сцэне такія канцэрты — рэгулярная справа, і кожны з іх незвычайны і гучыць толькі тут і толькі цяпер.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Башмет і Крымер ладзяць фэст

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!