Вы тут

Калі карціна «пацягне» на мільярд долараў?


Карціна «Дзяўчынка з шарам» брытанскага мастака Бэнксі пасля самазнішчэння на аўкцыёне набыла статус арт-аб'екта і атрымала новую назву, паведаміў тэлеканал CNN са спасылкай на заяву аўкцыённага дома Sotheby's. Цяпер твор называецца «Каханне ў сметніцы». Работа атрымала ідэнтыфікацыйны сертыфікат Бэнксі, у далейшым яна будзе выстаўляцца ў кошыку для смецця. Уладальнікам твора стала тая самая пакупніца, якая набыла «Дзяўчынку з шарам» па выніках таргоў за 1,4 мільёна долараў, паведаміў аўкцыённы дом. Сузаснавальнік арганізацыі of MyArtBroker арт-дылер Джоўі Сіер назваў куплю мудрым рашэннем. «У разрэзаным стане карціна Бэнксі стала часткай гісторыі. Па нашых падліках, яе цана вырасла мінімум на 50 працэнтаў і дасягнула двух мільёнаў фунтаў», — пракаментаваў эксперт. Такім чынам, дзякуючы крэатыўнаму ходу, літаральна за некалькі дзён твор мастацтва значна дадаў у кошце. Як арт-рынак становіцца заўважнай часткай глабальнага інвестыцыйнага працэсу?


Правіла трох D

Расстаноўка сіл і ўзаемасувязі гульцоў арт-рынку моцна змяніліся за апошні час. Ландшафт ствараюць перш за ўсё прафесійныя гульцы: музеі, аўкцыённыя дамы, галерэі, прыватныя дылеры. Пры гэтым у апошнія два-тры дзесяцігоддзі сітуацыя кардынальна змянілася. Да 1980-х абсалютнай дамінантай індустрыі былі галерэі і дылеры, а аўкцыёны выглядалі гэткімі «падчаркамі». Яны некалькі стагоддзяў змагаліся за месца пад сонцам. Традыцыйна ў пагоні за першакласным таварам аўкцыённыя дамы шмат у чым абапіраюцца на формулу трох D — death, dіvorce, debt (смерць, развод, даўгі) — і таму самым уважлівым чынам сочаць за некралогамі і свецкай хронікай. Адпаведна гэтая справа доўгі час лічылася заняткам, у якім элегантнага, мякка кажучы, зусім няшмат. Іншая справа з галерэйным бізнесам. Галерэі пайшлі ад палацавых «кабінетаў», напоўненых творамі мастацтва, і атрымалі ў спадчыну іх высакародны імідж.

Аўкцыёны здабылі вагу спярша дзякуючы патанненню друку (аб'явы, а пазней каталогі — аб падзеі даведваецца больш людзей), затым — вынаходніцтву тэлефона (удзельнічаць у таргах стала магчыма канфідэнцыяльна і здалёк). Сур'ёзны прарыў адбыўся ў 1970-х — аўкцыённы дом Chrіstіe's (а пазней і Sotheby's) адкрывае публічны доступ да вынікаў таргоў. Гэта змяніла ўсё — даныя аб продажах ляглі ў аснову новай сістэмы арт-рынку. «Кошт малатка» стаў свайго роду пунктам адліку: наколькі б уплывовымі ні былі дылер або галерэя, вынікі таргоў не падрабіць, і менавіта яны цяпер вызначаюць цэнаўтварэнне. Арт-рынак, гістарычна вельмі закрыты, інтравертны, набыў глабальную празрыстасць.

З малатка

Аб'ёмы продажаў аўкцыёнаў і галерэй на сусветным арт-рынку супастаўныя (у прыватнікаў толькі невялікая перавага), але лічбы не адказваюць на пытанне наконт таго, хто вызначае правілы гульні. А тут галоўныя аўкцыёны. Што датычыцца выраўноўвання доляў рынку, то аўкцыённаму сегменту дапамог тэхнічны прагрэс — з'яўленне ў 2000-х анлайн-трансляцый дазволіла падключацца да таргоў з любога пункта свету. Гэта ўжо іншы маштаб і чарговая рэвалюцыя: застаючыся кансерватыўнымі па сутнасці, аўкцыённыя дамы сталі абсалютнымі аўтарытэтамі і лідарамі рынку. Цяпер яны «заказваюць музыку», і паміж імі і астатнімі гульцамі складваецца даволі цікавае ўзаемадзеянне. Вялікія таргі вызначаюць жыццёвы рытм усёй супольнасці: не толькі галерэі, але і музеі да гэтага моманту рыхтуюць выстаўкі і праекты ў разліку на прыток аўдыторыі за кошт калекцыянераў і іх «сатэлітаў». У галерэй, зрэшты, ёсць свой козыр — арт-кірмашы. У год іх па ўсім свеце праходзіць каля паўсотні. У адказ аўкцыёны пашыраюць геаграфію і падчас кірмашоў часта праводзяць тэматычныя таргі ў тым жа горадзе.

Праславутая канкурэнцыя галерэй і аўкцыёнаў, некалі сапраўды вельмі вострая, — гісторыя насамрэч неадназначная. Галерысты і дылеры ўважліва сочаць за таргамі і нярэдка самі становяцца іх удзельнікамі: на аўкцыёнах, асабліва невялікіх, правінцыйных, часта выстаўляюцца ўнікальныя прадметы, якія можна купіць па вельмі выгаднай цане, а потым перапрадаць у сябе ў галерэі. Такіх схаваных працэсаў на рынку мастацтва і калекцыянавання даволі шмат. Цікавая тэндэнцыя апошняга часу — гэткая дыфузія аўкцыённа-галерэйных формаў дзейнасці. Галерэі ў спробе ўмацаваць свае пазіцыі пачынаюць праводзіць уласныя аўкцыёны, чаго раней ніколі не было.

Аўкцыённыя дамы, у сваю чаргу, адкрываюць галерэйныя прасторы (узяць той жа Sotheby's з яго S2 або кітайскі Poly Auctіon і яго Poly Gallery Hong Kong). Так зручней шукаць новых сучасных мастакоў і выводзіць іх на рынак. Фармат прыватных продажаў, першапачаткова абсалютна галерэйны, аўкцыённыя дамы таксама інтэнсіўна асвойваюць. Словам, і тыя, і іншыя пераадолелі псіхалагічны бар'ер, паступова адмаўляючыся ад ідэйных адрозненняў. Перамены адназначна ідуць на карысць новаму сінтэтычнаму рынку.

Код да Вінчы

Як паведаміў партал ArtPrіce, адзін з найбуйнейшых у свеце, які займаецца зборам аўкцыённых цэн і іх аналізам, летась індэкс Artprіce Global Prіce Іndex (зрэшты, як і ў 2015 і 2016 гадах) вагаўся каля значэння ў 150 пунктаў, а гэта азначае, што 100 долараў, укладзеныя ўсярэднены твор мастацтва ў студзені 1998 года, прынеслі б пры перапродажы 150 долараў (на піках у 2008-м і 2012-м індэкс складаў каля 220). Тым не менш, на думку экспертаў партала, вынікі мінулага года адзначылі ўступленне арт-рынку ў новую фазу. Паводле справаздачы агенцтва Artprіce, летась ён нарэшце пачаў расці. Пасля двух гадоў падзенняў (мінус 10 працэнтаў у 2015-м і мінус 23 працэнты ў 2016-м) рост продажаў выглядае ўражальна. Прычым рэабілітацыя здарылася адразу на некалькіх «франтах» — еўрапейскім, амерыканскім і азіяцкім. Калі першая палова мінулага года дэманстравала млявы рост, то другая — актыўнае ажыўленне продажаў. У прыватнасці, Кітай — плюс 20 працэнтаў, ЗША — плюс 53, Вялікабрытанія — дадатковыя 26 працэнтаў, Францыя і Германія — плюс 48 і 18 працэнтаў адпаведна. Летась абарот арт-рынку склаў 63,7 мільярда долараў. Гэта толькі калі мець на ўвазе легальны бок. Аб'ёмы «шэрага» рынку ўнушальныя. Па звестках Newsweek, гандаль крадзенымі творамі і падробкамі ў апошнія сорак гадоў стаў трэцім па даходнасці крымінальным бізнесам, саступаючы толькі наркотыкам і зброі.

Сусветныя аўкцыённыя дамы не маглі нарадавацца попыту на розныя кірункі — ад галандскіх класічных пейзажаў да сучаснага абстракцыянізму і прадавалі творы на сотні мільёнаў долараў. У выніку аб'ёмы сусветнага рынку прадметаў мастацтва летась выраслі на 12 працэнтаў, паведамляецца ў сумесным даследаванні банка UBS і выстаўкі Art Basel. Два полюсы рынку — Кітай і ЗША — аказаліся ў раўнавазе, з аўкцыённым абаротам па $5 млрд. У снежні мінулага года кошт работы кітайскага мастака ўпершыню перавысіў $100 млн: цыкл з 12 пейзажаў Ці Байшы сышоў на таргах пекінскага Poly Auctіon за $140 млн (ранейшы рэкорд у $66 млн належаў таму ж майстру).

Карціна Леанарда да Вінчы Salvator Mundі («Збаўца свету», каля 1500 года) прададзена на нью-ёркскіх таргах пасляваенным і сучасным мастацтвам Chrіstіe's за неверагодную суму 450 млн долараў. Гэта самая вялікая сума, з калі-небудзь заплачаных за карціну як на адкрытых аўкцыёнах, так і на прыватных продажах. Таргі за Леанарда, якія доўжыліся каля 20 хвілін, неаднаразова перарываліся апладысментамі і смехам у зале — здавалася, што ўдзельнікі аўкцыёну не вераць у рэальнасць таго, што адбываецца. Уладальнікам палатна стаў наследны саудаўскі прынц Мухамед бен Сальман Аль Сауд, які вырашыў выставіць «Збавіцеля» ў галерэі Луўр Абу-Дабі. Гэты музей, які атрымаў права выкарыстоўваць брэнд Луўра, адкрыўся ў сталіцы Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.

Капіталы манархій Персідскага заліва інвестуюцца цяпер у мастацтва. Як адзначыў французскі штотыднёвы часопіс Marіanne, гэта спрэчка за культурны ўплыў, у якім дзяржавы і шматнацыянальныя карпарацыі сутыкаюцца на сусветным узроўні. Штогод ва ўсім свеце адкрываецца прыкладна па 700 новых музеяў, кожны з якіх, як сказаў адзін амерыканскі арт-дылер, імкнецца чаго б гэта ні каштавала набыць сваю «Мону Лізу», каб хоць неяк апраўдаць уласнае існаванне.

«Нашу прафесію змяняе інтэрнэт, — лічыць спецыяліст па старым жывапісе Марк Эндэвельд. — Мы прысутнічаем пры сапраўднай глабалізацыі рынку мастацтва». Прафесіяналы сектара прывыклі да масавага прыходу новых пакупнікоў з краін Заліва. Да 2030 года Саудаўская Аравія плануе інвеставаць $2 млрд у мастацтва і культуру. Луўр Абу-Дабі мае намер штогод выдзяляць на набыццё твораў мастацтва €40 млн.

Стаўкі растуць

Сусветным лідарам сярод аўкцыённых дамоў з'яўляецца Chrіstіe's, які нагандляваў на $4,4 млрд. Sotheby's на другой пазіцыі з агульнай сумай 3,4 мільярда долараў. Далей ідуць кітайцы: Poly Auctіon — $1 млрд і Chіna Guardіan — $815 млн. На пятым месцы Phіllіps — $471 млн. У індывідуальным рэйтынгу Топ-500 самых прадаваных мастакоў сусветных аўкцыёнаў — 231 еўрапеец, 162 азіяты і 82 паўночнаамерыканскія аўтары. А вось у Топ-10 не так — чатыры кітайцы, тры еўрапейцы і тры амерыканцы. І наогул у 2000 годзе ў рэйтынгу Топ-500 быў усяго адзін кітаец (Чжан Дацянь), а ў 2017-м іх ужо 18 чалавек.

Тэндэнцыя росту працягваецца і сёлета. Таму сусветныя эксперты прадказваюць пачатак эпохі адраджэння паспяховых продажаў мастацтва ўжо ў найбліжэйшай перспектыве. Паводле меркавання экспертаў партала ArtPrіce, за два апошнія дзесяцігоддзі рынак мастацтва змяніўся прынцыповым чынам. Аўкцыённы абарот вырас з $2,7 млрд да $14,9 млрд, кошт самога дарагога твора мастацтва — з $71,5 млн да $450,3 млн. За апошняе дзесяцігоддзе рынак мастацтва вырас на 212 працэнтаў, пацвердзіўшы сваю рэпутацыю ў якасці аднаго з найбольш прывабных кірункаў укладання інвестыцый.

Пры гэтым колькасць мастакоў, прадстаўленых на сусветных таргах, павялічылася крыху больш чым у два разы, як і колькасць прададзеных лотаў. А колькасць аўкцыённых дамоў і аўкцыёнаў вырасла не больш чым на трэць. Усе гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што даражэе кожны канкрэтны твор. І будзе даражэць надалей — у агляднай перспектыве, па прадказаннях экспертаў ArtPrіce, цана на асобны твор мастацтва можа дасягнуць аднаго мільярда долараў! Таму формула, адпрацаваная падчас продажу карціны Бэнксі (вядома, з іншымі спосабамі рэалізацыі), спатрэбіцца і ў далейшым. Стаўкі растуць.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Формула Бэнксі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.