Вы тут

Ад равеснікаў суверэннай Беларусі залежыць далейшае развіццё краіны


Такое меркаванне выказаў кіраўнік дзяржавы падчас выступлення на сустрэчы са студэнтамі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Перад гэтым для яго правялі экскурсію па ВНУ.


Адукацыя для Прэзідэнта

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся: з прадстаўнікамі юнага пакалення Беларусі ён сустракаецца з вялікім задавальненнем. Уласныя студэнцкія гады Прэзідэнт назваў найцяжкім для сябе часам — паколькі па складзе з'яўляецца гуманітарыем, тэхнічныя рэчы даваліся няпроста.

Сёння кіраўнік дзяржавы актыўна займаецца перафарматаваннем вышэйшай адукацыі — спрабуе зрабіць яе практыкаарыентаванай. Ён настойвае, каб час знаходжання ў ВНУ быў скарочаны да мінімуму: калі можна за чатыры гады атрымаць адукацыю, то трэба за чатыры, а не за пяць ці шэсць.

На яго думку, лепш на першым курсе сысці з універсітэта, калі разумееш, што гэта не тваё, чым вучыцца пяць гадоў, мучыцца, марнаваць грошы (і свае, і дзяржаўныя) і потым сыходзіць. Беларускі лідар дадаў: трэба як мага раней акунуцца ў будучую прафесію, каб зразумець для сябе — хочаш ты гэтым займацца ці не.

Кіраўнік дзяржавы расказаў пра свой вопыт перанавучання. Стаўшы выкладчыкам, ён зразумеў, што яго цягне ў сельскую гаспадарку і прамысловасць. Разам з тым, гістарычная адукацыя яму вельмі дапамагла. Кіраўнік дзяржавы не сумняваецца: калі б не скончыў гістфак ці эканамічны факультэт, то не змог бы ўзначаліць краіну.

Аляксандр Лукашэнка крытычна ставіцца да сучаснага ўзроўню адукацыі. Ён заўважыў, што цяперашні міністр прыступае ўжо да трэцяй хвалі ўдасканалення гэтай сферы — яго папярэднікі таксама гэтым займаліся.

Хто пабудуе нашу будучыню

Беларускі лідар сказаў, што сённяшніх студэнтаў і іх аднагодкаў па ўсім свеце называюць пакаленнем Z, але для яго яны, перш за ўсё, дзеці маладой дзяржавы.

Маладыя людзі ўвойдуць у гісторыю як равеснікі суверэннай Беларусі. У гэтым заключаецца іх унікальнасць.

«Усе мы, хто стаяў ля вытокаў станаўлення нашай краіны, бачым у кожным з вас будучыню. І мы верым, што яна ў надзейных руках. І, гледзячы сёння на вашы поспехі і дасягненні, я яшчэ раз пра гэта падумаў», — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што многія студэнты актыўна займаюцца навуковай дзейнасцю, імкнуцца да самаўдасканалення. Гэта з'яўляецца паказчыкам эфектыўнасці сістэмы адукацыі, а таксама майстэрства выкладчыкаў і навуковых кіраўнікоў.

Беларускі лідар пагадзіўся, што гродзенскія ВНУ з'яўляюцца інтэлектуальным цэнтрам не толькі вобласці, але па асобных кірунках — усёй краіны.

Максімальна блізка да рэальнасці

«У гэтай сувязі трэба, каб умовы навучання былі максімальна набліжаны да рэальных умоў будучай дзейнасці», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт ведае аб сістэме «Універсітэт 3.0», якая актыўна выкарыстоўваецца ў Беларусі, і па якой працуе Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Прэзентацыя, прадстаўленая кіраўніку дзяржавы, яго ўразіла. Аднак, ці гатовыя студэнты самастойна ўдыхнуць жыццё ва ўласныя праекты? На думку Аляксандра Лукашэнкі, гатовыя, некаторыя з праектаў камерцыялізаваныя, сродкі прыходзяць.

Сістэма адукацыі павінна заахвочваць ініцыятыву, рыхтаваць спецыялістаў новай фармацыі з добра развітымі прадпрымальніцкімі навыкамі, паколькі гэта патрабаванне сучаснага свету, лічыць беларускі лідар. «Часта мы пакутуем менавіта праз тое, што не ўмеем выгадна прадставіць інтарэсы і магчымасці нашай краіны за мяжой», — заўважыў ён.

Прэзідэнт дадаў, што хацеў бы даведацца аб адносінах студэнтаў да перспектывы працы на дзяржаўнай службе. «Але пасля мяне, мне канкурэнты не патрэбныя», — пажартаваў кіраўнік дзяржавы і дадаў, што будзе рады, калі праз нейкі час з'явяцца маладыя людзі, якім можна спакойна перадаць партфель. «Хтосьці прыйдзе іншы, пажадана, каб такія былі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ды і мясцовага губернатара пакідаць на гэтай пасадзе доўга не плануюць, у перспектыве ён можа атрымаць новае рабочае месца, заўважыў кіраўнік дзяржавы і разам з тым пахваліў старшыню выканкама за добрае стаўленне да яго мясцовых людзей.

Асобна Прэзідэнт спыніўся на кіраўнічых навыках — іх трэба развіваць. Ён звярнуў увагу на Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце, дзе фарміруецца цэласная эфектыўная сістэма адбору прэтэндэнтаў на атрыманне другой вышэйшай адукацыі. Большая частка поспехаў краіны залежыць ад якасці кіраўнікоў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: годных і гатовых да дзяржаўнай службы маладых людзей заўсёды будуць усяляк падтрымліваць.

Разабрацца, дзе лепш

Яшчэ адна тэма, якая трывожыць Прэзідэнта, — імкненне маладых людзей атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой. Непакоіць таму, што таленавітыя маладыя людзі потым там застаюцца. Нядобра, калі выпускнікі, якія атрымліваюць адукацыю ў нас, потым з'язджаюць за мяжу.

Беларускі лідар не агітуе заставацца: калі рашэнне прынятае, то ўсё роўна малады чалавек з'едзе. «Але мая вам парада: не спяшайцеся. Разбярыцеся спачатку, дзе лепей», — сказаў ён.

У вышэйшыя эшалоны за мяжой мы не патрапім, мы заўсёды будзем там чужыя, людзьмі другога гатунку, выказаў меркаванне Прэзідэнт. Хацелася б, каб наша моладзь вучылася ў нас, працавала ў нас, тым больш, ёсць дзе атрымаць вышэйшую адукацыю, дадаў Аляксандр Лукашэнка. У нас сістэма захавана і ўзмоцнена, высока ацэнена і замежнымі студэнтамі.

Паводле слоў беларускага лідара, сёння назіраецца імкненне гэту сістэму паламаць, змяніць. Аднак еўрапейская сістэма мае свае заганы: чалавек заканчвае ўніверсітэт, але атрымлівае няпоўную вышэйшую адукацыю. Прэзідэнт анансаваў, што ў найбліжэйшы час будзе слухаць, як яго даручэнні па гэтым кірунку выконваюцца ўрадам. Ён заявіў, што з'яўляецца катэгарычным праціўнікам сляпога капіравання іншых сістэм адукацыі, упэўнены, што нашу ламаць нельга, трэба яе прыстасоўваць да сучасных умоў. Трэба абнаўляць абсталяванне, умовы і методыкі.

Пасля гэтага Прэзідэнт запрасіў студэнтаў да адкрытай гутаркі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Добра там, дзе мы ёсць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.