Вы тут

Адамаў шлях пад вечным небам


Данінай прызнання, павагі, памяці стала святочная імпрэза ў гонар Адама Міцкевіча на ягонай малой радзіме — у Музеі-сядзібе “Завоссе”, што ў Баранавіцкім раёне


Так цяпер выглядае Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе”. Фота Андрэя Сяркова

Адам Міцкевіч амаль два стагоддзі таму, зведаўшы многа пакручастых жыццёвых дарог, быў шчыры ў прызнанні: “Ёсць у мяне зямля, край светлых мрояў…”. З тае пары імклівая рака часу шмат чаго змяніла ў сваёй плыні. Мы згадваем пра ХІХ стагоддзе як далёкае мінулае. Ды й сёння ж, калі чытаеш Міцкевіча, то здаецца: адчуваеш свае повязі з папярэднікамі, праз ягоныя вобразы — больш глыбока спазнаеш сябе.

Праз стагоддзі імя паэта “выкрышталізавалася”, ён прызнаны як геніяльны творца. Міцкевіч стаў сваім для розных народаў, ён і цяпер дапамагае беларусам быць знанымі ў свеце. Яго творчасць — узор сыноўняй любові да Радзімы. Здзіўляюся: паэт, жывучы ў Парыжы, змог так дакладна маляваць карціны роднай зямлі, распавесці пра побыт беларусаў, тонка перадаць норавы тагачаснага шляхецтва. Як вядома, сярод французаў ствараўся ягоны “Пан Тадэвуш”: эпічная паэма, пранікнутая спрадвечным беларускім духам.

Напалеон Орда. Двор Міцкевічаў у Завоссі

Кажуць: каб лепш спазнаць паэта, трэба пабываць на яго Радзіме. І ў суботу, 29 верасня, так пашанціла многім, хто гасцяваў на свяце “Адамаў шлях пад вечным небам”. Галоўным арганізатарам імпрэзы стаў Баранавіцкі райвыканкам. Вялікая літаратурна-мастацкая дзея разгарнулася ў Музеі-сядзібе Міцкевічаў “Завоссе”, сабрала шматлікіх удзельнікаў, гасцей. Кожнаму хацелася адчуць дух малой Радзімы вялікага паэта, якая натхніла яго на вялікія творы. Вітаючы грамаду, Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі падкрэсліў значнасць імя Адама Міцкевіча для двух народаў — польскага і беларускага. І дзякуючы творчасці генія мы маем магчымасць для лепшага разумення адзін другога, больш блізкага сяброўства.

“Завоссе” — сапраўды цудоўная мясціна, з непаўторнаю таямнічай сілай. Святочная атмасфера там поўнілася вялікай духоўнасцю. Здавалася, Адам Міцкевіч — гэта сама сучаснасць, а можа й будучыня. Настаяцель касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску ксёндз Уладыслаў Завальнюк падтрымаў ідэю ўзвядзення на тэрыторыі Музея-сядзібы “Завоссе” капліцы. Кіраўнікі Баранавіцкага райвыканкама гаварылі пра намер пабудаваць у гэтых мясцінах гатэль: госці едуць “да вытокаў” Міцкевіча з усяго свету.

Святочныя ўрачыстасці як прызнанне павагі да Адама Міцкевіча ў год ягонага 220-годдзя з дня нараджэння будуць ладзіцца таксама і ў Навагрудку, і ў сталіцы.
Даведка ГР. Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе”, што ля вёскі Завоссе ў Баранавіцкім раёне Брэстчыны, цяпер — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. У 1798 годзе ў сядзібе нарадзіўся знакаміты паэт Адам Міцкевіч. Пабудовы адноўлены ў нашым часе на старых падмурках. Вось як тое было. Пры набліжэнні юбілея класіка паводле ўказа Прэзідэнта Беларусі “Аб святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння паэта Адама Міцкевіча” было прынята рашэнне: рэканструяваць сядзібу ў Завоссі, стварыць там музей. За аснову ўзялі малюнак Э. Паўловіча, мастака з Навагрудка, які ён зрабіў летам 1843 года. Калі праводзілі на месцы сядзібы археалагічныя раскопкі, то быў знойдзены падмурак таго дома, што згарэў, ды шмат іншых цікавых рэчаў. Узноўленыя пабудовы стаяць менавіта на тых самых мурах, як і стаялі раней. Адкрыўся ж Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе” 8 верасня 1998 года. 

Ганаровыя госці свята

З часоў паэта захаваліся на ягонай малой радзіме толькі старая ліпа і невялікая сажалка.

Алена Стэльмах

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.