Вы тут

Няякасная алкагольная прадукцыя і яе ценявы абарот — пагроза жыццю людзей


Пра гэта заявіў Прэзідэнт на нарадзе аб развіцці лікёра-гарэлачнай галіны, а таксама аб выніках уборачных работ.


Фота: БЕЛТА

«Не сакрэт, што дадзены прадукт з'яўляецца сур'ёзнай дапамогай для нашага бюджэту. Так усюды, у любой дзяржаве, мы гэта не ўтойваем. Але не гэта галоўнае, — адзначыў ён. — Галоўнае — не толькі вырабляць і піць, а галоўнае — гэта наступствы гэтага піцця».

У сувязі з гэтым Прэзідэнт запатрабаваў ад адказных за развіцце алкагольнай галіны агучыць аспект наступстваў ужывання алкаголю.

Беларускі лідар адзначыў, што алкагольная прадукцыя — гэта асаблівы тавар, падакцызны, зварот якога ва ўсім свеце жорстка рэгулюецца дзяржавай. «Беларусь не выключэнне. Напэўна, у нас самае жорсткае рэгуляванне, паколькі, увогуле, існуе пэўная ў нейкай ступені манаполія на вытворчасць і рэалізацыю алкаголю. І я абсалютна перакананы, што мы на гэтым этапе павінны гэтую манаполію ўзмацніць, зыходзячы з вопыту работы апошніх гадоў», — дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гэтая тэма ўжо абмяркоўвалася на высокім узроўні тры гады таму, калі былі падрабязна разгледжаны праблемы гэтай сферы і прыняты неабходныя рашэнні па іх ліквідацыі. На яго думку, сёння пытанне заключаецца ў тым, наколькі гэтыя рашэнні адпавядалі духу часу, зыходзячы з практыкі. Таксама былі вызначаныя накірункі эфектыўнага развіцця галіны. Беларускі лідар падкрэсліў: сёння трэба высветліць, чаго не хапае ў гэтым плане.

«Адно з пытанняў — абарона ўнутранага рынку, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Нельга дапускаць з'яўлення няякаснай прадукцыі і ценявога абароту алкагольных напояў. Гэта, перш за ўсё, пагроза жыццю і здароўю людзей. Не скажу, што ў нас ужо вельмі вялікая праблема з гэтай справай, асабліва з імпартам недабраякаснай прадукцыі з-за мяжы. Імпарт у нас складае ўсяго толькі 3-3,5 % — і тое, тых моцных лікёра-гарэлачных прадуктаў, якія мы не вырабляем, дапусцім, каньякоў».

Фота: БЕЛТА

Па словах кіраўніка дзяржавы, з'явіліся прыкметы нядобрасумленнай канкурэнцыі на ўнутраным рынку, ёсць складанасці ва ўзаемаразліках паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі. Акрамя таго, павольна расце экспарт.

«Насцярожвае, што ўрад, мясцовая ўлада, сілавыя структуры, ды і самі вытворцы глядзяць на рашэнне праблемы па-рознаму і не змаглі выпрацаваць узгодненую пазіцыю, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Таму давайце паспрабуем абмеркаваць гэтае пытанне».

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што па выніках нарады неабходна прыйсці да ўзважаных, сістэмных і канчатковых рашэнняў.

«Аднак зрабіць гэта трэба прафесійна і аб'ектыўна, паколькі любое змяненне або новаўвядзенне закранае як спажыўцоў, так і работнікаў галіны. А ўсе яны нашы людзі, і мы ў першую чаргу павінны ўлічваць іх інтарэсы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У адказ намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы адзначыў, што за перыяд, які прайшоў з моманту нарады па гэтай тэме ў 2015 годзе, за кошт выпрацаваных рашэнняў у мэтах выканання даручэнняў Прэзідэнта было зроблена шмат. «Сітуацыя, будзем прама казаць, стабілізавалася», — канстатаваў ён.

Міхаіл Русы звярнуў увагу, што былі прыняты адпаведныя рашэнні па забеспячэнні абароны ўнутранага рынку, ўдасканаленні парадку кватавання вытворчасці алкагольнай прадукцыі, узгадненні мерапрыемстваў па павелічэнні дзеючых і стварэнні новых вытворчых магутнасцяў, якія за гэты час павінны былі стварацца ў Беларусі. Паводле яго слоў, на пляцоўцы ЕЭК Беларусь настойліва адстойвае выпрацаваную пазіцыю па захаванні абавязковай сертыфікацыі алкагольнай прадукцыі ў мэтах аховы здароўя i жыцця людзей, а таксама доступу якаснай прадукцыі на нашы рынкі.


Каментар у тэму

Па выніках нарады з журналістамі пагутарыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы.

Паводле яго слоў, лікёра-гарэлачная галіна — важная ва ўсіх аспектах: з аднаго боку, гэта напаўненне бюджэту, з другога —здароўе і культура нацыі. «Было нашых некалькі прапаноў па ўзмацненні падыходаў да тых мер, якія былі прынятыя па выніках нарады 2015 года», — сказаў намеснік прэм'ер-міністра.

Ён зноў звярнуў увагу, што рашэнні, прынятыя на сустрэчы тры гады таму, прынеслі вялікую карысць: прадпрыемствы, якія ўваходзяць у склад дзяржаўных органаў кіравання, сталі працаваць прыбыткова, павялічылі аб'ём паставак на экспарт, аналагічна і з прыватнымі прадпрыемствамі.

Ёмістасць беларускага рынку вядомая — 11,5 мільёна долараў (столькі спажывае народ, у 2015 годзе было 14,3 мільёна). На нарадзе прагучала пытанне: як на гэтым рынку працаваць, каб не ўшчаміць інтарэсы ні дзяржаўных кампаній, ні прыватных? Беларускі лідар паставіў задачу: да новага года выпрацаваць механізмы і крокі, якія дазволяць працаваць на роўных умовах усім па-за залежнасцю ад формы ўласнасці. Паводле слоў Міхаіла Русага, на нарадзе былі ўнесены прапановы ўзмацніць меры дзяржаўнага рэгулявання праз масавыя віды лікёра-гарэлачных вырабаў — устанаўленне мінімальнай уваходнай цаны, адзінай гандлёвай нацэнкі і, такім чынам, адзінай цаны ў розніцы.

«Той, хто будзе вырабляць прадукцыю прэміум-класа, эксклюзіўную, сувенірную — ніякіх абмежаванняў няма і не будзе, яны будуць працаваць па тых цэнах, як дамовяцца», — сказаў ён.

Яшчэ адна тэма нарады — завяршэнне ўборачнай. Па словах намесніка прэм'ер-міністра, беларускі лідар паставіў задачу па тэрмінах яе заканчэння: «Да 7 лістапада — буракі, кукуруза на зерне і кукуруза на сілас. Вось сёння гэтая задача была вельмі жорстка пастаўлена і мне, і міністру, і кожнаму губернатару. Акрамя таго, 700 тысяч гектараў зяб’і паднята, яшчэ 750 тысяч гектараў мы павінны падняць. Гэта ўраджай ужо наступнага года».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?