Вы тут

Бізнес па франшызе = хуткія грошы?


Як прадпрымальніку не набіць шышак на старце.

«Мне заўсёды здавалася, што франшызы — гэта для слабакоў. Маўляў, у цябе няма фантазіі, каб прыдумаць нешта сваё. Але гэта добры спосаб зарабіць грошы», — дзеліцца адзін з беларускіх прадпрымальнікаў. Пра адкрыццё бізнесу па франшызе і падводныя камяні гэтай справы расказвалі на нядаўнім семінары ў рамках праекта па садзейнічанні занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі (ён рэалізуецца Праграмай развіцця ААН і Міністэрствам эканомікі нашай краіны пры фінансавай падтрымцы Расіі). Мы наведалі гэту сустрэчу і занатавалі самае цікавае.


Ідзеш у медыцыну — май цярпенне

— Заўсёды хочацца расказваць толькі пра пазітыўныя вынікі, але мы сутыкаемся і з непрадбачанымі абставінамі, — заўважыў на пачатку свайго выступлення Віталь ШЫЯНАЎ, старшыня наглядальнага савета Незалежнай лабараторыі ІNVІTRO ў Беларусі.

Гэтая медыцынская кампанія адкрылася ў 1995 годзе ў Расіі. Сёння ў яе ёсць больш за 1100 офісаў у розных краінах. У нас лабараторыя прадстаўлена ў 20 гарадах.

Віталь Шыянаў прызнаецца: запускаць франшызу ў медыцынскім сегменце ў Беларусі няпроста. Першая прычына — цэнаўтварэнне на рынку медыцынскіх паслуг. Паколькі гэты бізнес мае сацыяльную скіраванасць, дзяржава накладае пэўныя абмежаванні. Другая — сур'ёзныя патрабаванні да арганізацыі справы. Пачынаючы ад памяшкання і заканчваючы персаналам.

— Усе медыцынскія работнікі прыватных устаноў павінны быць з першай ці вышэйшай катэгорыяй. Калі ў 2015 годзе выйшаў указ Прэзідэнта № 475, у нас далёка не ўсе медсёстры адпавядалі такім патрабаванням. І было праблемай набраць патрэбны персанал, — расказвае бізнесовец.

Што да памяшканняў, то знайсці гатовае пад медыцынскія паслугі практычна нерэальна: трэба шмат укладацца ў рамонт.

— Каб запусціць бізнес у гэтай сферы, медыцыну трэба любіць, — упэўнены Віталь Шыянаў. — І мець цярпенне, бо гэта не хуткія інвестыцыі. Толькі ад моманту заключэння кантракта да адкрыцця франшызы праходзіць мінімум год. Не хачу пакрыўдзіць калег з кавярнямі, але гэта не піражкамі гандляваць.

Трэба быць таксама гатовым да таго, што кампанія, якая выдае франшызу, будзе дыктаваць свае правілы гульні, бо ёй важны ўласны імідж. Так, у медцэнтрах ІNVІTRO нельга рабіць аборты — штрафныя санкцыі за гэта для прадпрымальніка дасягаюць 500 тысяч еўра.

Дзе паставіць гандлёвы пункт?

Віталь МАКЕЙ, уладальнік аднайменнай кампаніі па выпуску аўтарскіх вырабаў са скуры, прайшоў шлях ад рамесніка да бізнесоўца. Калі ён убачыў, што яго прадукцыя стала вядомая, стаў адкрываць уласныя крамы, замест таго, каб аддаваць сумкі і кашалькі на рэалізацыю ў гандлёвыя сеткі. Спрабаваў розныя варыянты — «астраўкі» ў гандлёвых цэнтрах, прысценачныя пункты, асобныя крамы.

— Мы ўбачылі, што нашы вырабы ў «астраўках» не прадаюцца. Увесь тавар адтуль вяртаўся. А справа ў тым, што ў такіх пунктах робяць імпульсіўныя пакупкі. Бяруць, напрыклад, зарадкі для тэлефонаў. А ў нас сур'ёзны прадукт, — дзеліцца вопытам выступоўца.

Цяпер уладальнік кампаніі сам прапануе франшызы. Кажа, каб адкрыць краму, спецыяльнай адукацыі не трэба. Галоўнае — каб было жаданне і падабаўся тавар.

Вырабы Віталя Макея прадаюцца ў дзевяці краінах свету. Сярод іх — Вялікабрытанія, Чэхія, Германія. Хутка крамы з'явяцца ў Партугаліі і Іспаніі. Прадпрымальнікам ён раіць слухаць парады кампаній, якія выдаюць франшызы, — тыя ўжо набілі шышак і ведаюць, як прымусіць бізнес працаваць.

Тэхналогіі павышаюць эфектыўнасць

ІТ-распрацоўкі трэба ўкараняць у розныя сферы. У гэтым упэўнены выканаўчы дырэктар расійскай сеткі кавярняў японскай і паназіяцкай кухні Муbox Раман АРЭШКІН. Ён расказаў пра праграмнае забеспячэнне, якое дапамагло кампаніі стаць больш эфектыўнай.

Так, яны распрацавалі сваю праграму для касы. З цікавінак — прадавец бачыць на экране, колькі яму засталося да выканання дзённага плана.

— Чым больш кароткі адрэзак часу на заданне вы выстаўляеце для лінейнага персаналу, тым больш эфектыўна ідзе работа. У нас праз гэтае новаўвядзенне (дагэтуль арыентаваліся на месячны план) стала прадавацца на 3-5 працэнтаў больш тавару.

Кампанія стварыла таксама ўласны кол-цэнтр. Як толькі аператар падымае трубку, перад ім на маніторы выскоквае ўся гісторыя зваротаў кліента — яго адрас, пазіцыі ў меню, якія ён часцей заказвае. Гэта скарачае час званка.

Яшчэ адна карысная знаходка — task manager. Яе падглядзелі ў заходніх кампаній. Сутнасць у тым, што работнік адзначае ў мабільнай праграме, што ён калі робіць: заходзіць на склад, едзе ў банк ці ў правяраючыя органы. Гэта дазваляе ўбачыць, на што траціцца рабочы час.

А для кіраўнікоў сеткі кавярняў прыдумалі праграму, якая выводзіць на экран камп'ютара ўсе ключавыя паказчыкі работы кожнага аддзела. Так лягчэй сачыць за вялікім бізнесам і аператыўна прымаць рашэнні.

Усе гэтыя «навароты» дазволілі кампаніі павялічыць частату заказаў — сярэднестатыстычны госць стаў заходзіць у кавярню (ці карыстацца яе дастаўкай) не раз у 2,3 месяца, а раз у 1,7 месяца.

Складанасці першапраходца

Бізнесовец Аляксей САДАВОЙ развіваў шмат праектаў. Адзін з іх — барбершоп Fіrm (франшыза кіеўскай мужчынскай цырульні). Калі прадпрымальнік яго адкрываў, такія ўстановы яшчэ не былі папулярныя ў Беларусі. Ён адзначае, што быць першапраходцам заўсёды складана.

— Я спытаў прыяцеля, які адкрыў салон прыгажосці для жонкі: «Як думаеш, мужчынская цырульня — добрая ідэя?» Ён адказаў, што гэта катастрофа. «А як жа ламінацыя, пафарбоўка каранёў? Гэта ж самае дарагое! А стрыгчы мужчын нявыгадна». Добра, што я яго не паслухаў, — усміхаецца Аляксей Садавой.

Ён, дарэчы, развенчвае міф, што запускаць бізнес за мяжой нашмат прасцей. Адзін толькі прыклад: калі ён адкрываў барбершоп у Вільнюсе і хацеў зрабіць шыльду над ім, давялося абысці ўсіх жыхароў гэтага дома і атрымаць іх дазвол.

Як правільна выбраць франшызу? Бізнесовец раіць звяртаць увагу на тое, наколькі кампанія паспяховая, ці ёсць у яе «пераймальнікі» (дрэннае капіраваць не будуць) і ці прадстаўлена яна ў суседніх краінах (калі так, то гэта вартая прапанова).

— Франшыза — самы хуткі спосаб маштабіравання бізнесу, — падсумоўвае ён. — Робячы штучныя праекты, я ўкладаў больш высілкаў і зарабляў менш.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.