Вы тут

Ці існуе «жаночая паэзія» і ці праўда, што яна абавязкова дрэнная?


Зямля не пляскатая, жыццё не чорна-белае — гэта добра разумеюць усе людзі дваццаць першага стагоддзя. З чорна-белым як-небудзь разабраліся, але большасць усё яшчэ падзяляе сусвет на ружовае і блакітнае, таму існуюць не толькі мужчынскае і жаночае адзенне, але і мужчынскія і жаночыя справы, колеры і іншыя рэчы. Пад гэты падзел трапіла нават літаратура.


Калі ў анатацыі да аповесці «Пад шкляным калпаком» Сільвіі Плат пішуць, што гэты твор быў названы «жаночым варыянтам «Над прорвай у жыце», не ведаю, ці можна абразіць твор мацней. Рэч не ў тым, што з аповесцю Сэлінджэра нешта не так, а ў тым, што такая характарыстыка ўказвае не толькі на другаснасць, але і абмежаванасць мэтавай аўдыторыі. На кнізе Сэлінджэра ж не напісана, што яна толькі для мужчын. Навошта патрэбны «жаночы варыянт»? І чым, акрамя полавай прыналежнасці галоўнай гераіні, гэты «варыянт» такі «жаночы»? Можа, чытаць пра жанчын цікава толькі жанчынам? А як тады з той жа «Ганнай Карэнінай»? Ці чытаць тое, што напісана жанчынай, цікава толькі жанчынам? Так ці інакш, уяўленне пра жаночую літаратуру ў агульным даволі цьмянае.

Гендарныя пытанні разглядаюцца шмат і паўсюль: ад інтэрнэту да акадэмічнай прасторы. Месца жанчыны ў розных сферах жыцця яшчэ патрабуе пэўнага асэнсавання. Калі ў Мінску праходзіў форум, прысвечаны жанчынам у літаратуры — «Lafemme — чытай пра сябе», падчас яго адбыўся паэтычны вечар дзвюх аўтарак — Сабіны Брыло і Югасі Каляды (Яўгеніі Стрыжак), разгарэлася дыскусія наконт больш вузкага паняцця — жаночая паэзія.

Калі ў паэтак спыталі, як яны ставяцца да такога абмежаванага азначэння, яны выказалі амаль палярныя меркаванні.

Сабіна Брыло падзяляе вершы толькі на добрыя і дрэнныя, але лічыць, што гендарныя (або полавыя) аспекты, вопыт існавання і сацыялізацыя ў гэтых межах так ці інакш адбіваецца на любой творчасці. Яўгенія Стрыжак, наадварот, адказала, што гендар не з’яўляецца важным для творцы, і на пытанне пра жаночую паэзію заўсёды адказвае з нейкай разгубленасцю і неразуменнем, чаму яно ўвогуле было зададзена. «Я пішу вершы тым, што ў галаве, а не тым, што абазначае маю полаваю прыналежнасць». Абедзве паэткі згадвалі, што сутыкаліся з прадузятасцю ў адносінах да сваёй творчасці праз тое, што яны жанчыны. «Чаго толькі не пісалі і не казалі, але пра вершы там было няшмат», — адзначаюць паэткі.

Усё ж такі што такое жаночая паэзія? Пад гэтым азначэннем разумеюць вершы, якія створаны жанчынамі і маюць пэўныя характарыстыкі, а менавіта агульную рэфлексіўнасць, засяроджанасць на тэме кахання і ўнутраных перажыванняў, эфемерны «жаночы погляд» на сусвет. Што пад ім маецца на ўвазе, выявіць складана, але ён з’яўляецца асноўным зыходным пунктам вылучэння жаночай паэзіі ў асобную катэгорыю. Зноў жа, чаму мужчынскай не існуе — пытанне рытарычнае. (Мужчыны таксама пішуць пра тое ж каханне, але на іх праз гэта ніхто не прычэплівае ярлыкоў.)

Здаецца, быццам гэтае ўяўленне пра гендарны падзел паэзіі з’явілася і атрымала распаўсюджанне не так даўно. Сёння «жаночую паэзію» даволі часта асацыіруюць з так званай палазкоўшчынай — па імені Веры Палазковай — сучаснай паэткі, якая стала своеасаблівым феноменам і адыграла вялікую ролю ў вывядзенні паэзіі на большменш масавы ўзровень. Яе вершы маюць пэўную стылістыку, якая абумовіла фарміраванне сеткавай паэзіі ў тым выглядзе, у якім яна існуе сёння. Яе найбольш яскравыя асаблівасці — тая ж накіраванасць на ўнутраныя перажыванні, вобразы, пабудаваныя на звычайных побытавых рэчах, свабоднае і адкрытае выказванне пачуццяў, зразумелая мова. Найбольш распаўсюджаная рэакцыя на такога кшталту творы — пазнаванне сябе ў лірычных героях, «быццам пра мяне напісана», «западае ў душу». Тэхніка ў такіх вершах — справа другасная, таму жаночая паэзія, акрамя іншага, асацыіруецца з павярхоўнасцю і беднасцю сродкаў выразнасці.

Такой паўстае гэтая дзіўная з’ява сёння. Як устойлівы выраз яна, можа быць, замацавалася і не так даўно, але нельга сказаць, што з’явілася ў інтэрнэце і ў сеткавай паэзіі. Сто гадоў таму Аляксандр Блок адзначаў, што паэтка «пишет стихи, как бы стоя перед мужчиной, а надо бы — перед Богом». Нягледзячы на тое, што гэтая фраза была адрасаваная менавіта Ганне Ахматавай, можна сустрэць меркаванне, што яна характарызуе жаночую паэзію ў цэлым. Зразумела, што такія выказванні ў адрас паэтак былі распаўсюджаны і сто гадоў таму, і сёння пачуць вердыкт «жаночая паэзія» і прагноз «выйдзеш замуж — уся паэзія пройдзе» можна і на мінскім паэтычным шоу як ад слухачоў ды «экспертаў», так і ад выкладчыка ва ўніверсітэце.

Застаецца яшчэ раз спытаць у паэтак, што яны пра гэта паняцце думаюць і як да яго ставяцца. На пытанні адказваюць: Вольга Гапеева (паэтка, перакладчыца і даследчыца ў галінах лінгвістыкі, філасофіі і гендарных праблем. Мае сем выдадзеных кніг, пераклады з шасці моў), Дар’я Бялькевіч (паэтка, арт-менеджар. Удзельнічала ў розных літаратурных вечарах і фестывалях у Беларусі і Украіне, пераможца двух паэтычных слэмаў. Адна з арганізатараў паэтычных праектаў «ARTJAM», «Рухавік» і «Вершы BY KAVA», а таксама імпрэзы «Добрыядрэнныя вершы»), Ганна Шакель (паэтка, студэнтка, удзельніца некалькіх мінскіх паэтычных шоу і вечарын).

— Як вы ставіцеся да тэрміна «жаночая паэзія»? Ці лічыце яго абразлівым? Што, на ваш погляд, характарызуе гэтае словазлучэнне?

Вольга: Стаўлюся не вельмі добра. Таму што да тэрміна прымешаная ацэнка: ён пазначае не проста паэзію, напісаную жанчынамі, а паэзію пэўнай тэматыкі і пэўнага «жанру», што абразліва для аўтарак.

Дар’я: Калі разглядаць фармулёўку «жаночая паэзія» проста як «паэзію, напісаную жанчынамі», тут няма нічога абразлівага. То-бок, «мужчынская паэзія» — гэта паэзія, напісаная мужынамі. Але цяпер часта тэрмін «жаночая паэзія» ўжываецца для апісання вершаў пра каханне, банальных, другасных і нецікавых. Шчыра, мне не падабаецца гэта, таму што, у прынцыпе, існуюць вершы, напісаныя мужчынамі, якія па сваёй якасці можна аднесці да гэтай катэгорыі. Але з’ява ўсё роўна называецца «жаночай паэзіяй». Гэта крыху крыўдна, але зразумела, таму што такія вершы ўсё ж часцей сустракаюцца ў дзяўчат.

 Ганна: На маю думку, тэрмін «жаночая паэзія» мае месца быць і абразлівым яго не лічу. Элементарна, ёсць вершы, па якіх зразумела, што іх пісала жанчына. Узяць за прыклад хоць «Мне нравится» Цвятаевай, ды і наогул большасць яе вершаў. Хай сабе завуцца жаночай паэзіяй.

— Як лічыце, ці адрозніваецца мужчынская паэзія ад жаночай? Калі так, то чаго гэта датычыцца: якасці, выбару тэмы, вобразных сродкаў і г. д.?

Вольга: Грамадства выхоўвае з нас мужчын і жанчын — у нас розныя тыпы выхавання, і соцыум чакае ад нас рознага, гэта не можа не адбівацца на тым, што мы пішам. З іншага боку, вызначыць, мужчынская гэта паэзія ці жаночая, не заўсёды магчыма, бо ёсць універсальныя тэмы і розныя жыццёвыя сітуацыі: так, жанчына магла расці ў спрыяльным для яе грамадстве і адчувае сябе ўпэўнена. А гэта адбіваецца на тым, як яна піша. Але вызначыць пол аўтара часам праблематычна, што я бачу на практыцы, калі даю студэнтам(ткам) заданне па вызначэнні полу аўтара асобных урыўкаў з мастацкай літаратуры.

Дар’я: Калі чытаю верш, не думаю пра тое, хто яго напісаў: жанчына ці мужчына. Для мяне добрая і якасная паэзія адрозніваецца ад дрэннай і няякаснай. І тая, і тая можа быць напісана аўтарамі абодвух полаў. Таму складана адназначна адказаць на гэтае пытанне.

 Ганна: Вось, дарэчы, з тэрмінам «мужчынская паэзія» я якраз не сутыкалася і не магу акрэсліць яго ў сваёй свядомасці.

— Ці ўплывае гендарны аспект на ўспрыманне творчасці асобы? Вы асабіста лічыце яго важным?

Вольга: Так. Гэта важна пры крытычным разглядзе, але ў некаторых выпадках вызначальным можа быць не гендар, а, скажам, раса або сацыяльнае становішча.

Дар’я: Маё агульнае меркаванне наконт любога мастацтва: варта ўспрымаць творцу без улікаў яго полу, прафесіі, узросту і гэтак далей. Ацэньваць трэба толькі прадукт творчасці.

Ганна: Думаю, сёння гендарны аспект на ўспрыманне творчасці ніяк не ўплывае. Ён можа паўплываць на саму творчасць, але гэта залежыць ад творцы.

— Ці сутыкаліся з выпадкамі, калі вашу паэзію ацэньвалі з улікам гендару?

Вольга: Бывае. Прычым кажуць часам супрацьлеглыя рэчы. Так што ўсё залежыць ад інтэрпрэтацыі, хтось бачыць у маёй паэзіі нешта мяккае, хтось — наадварот — нешта моцнае і брутальнае.

Дар’я: Так, на жаль, сутыкалася з фразамі накшталт: «Для дзевачкі нармальна пішаш». Лічу такія рэчы несправядлівымі, таму што яўна не ўсе вершы, напісаныя мужчынамі, лепшыя за мае. Яшчэ адзін мой знаёмы калісьці скінуў мне выказванне Максіма Багдановіча пра творы жанчын: «Дамское рукоделье». Не чакала такога ад спадара Багдановіча: удар у самае сэрца. Крыўдна такое чуць, але даказваць і спрачацца з пенай на губах не збіраюся, проста пішу вершы, выступаю з імі. І радуюся, калі ў мяне атрымліваецца дастукацца да людзей, зачапіць, натхніць. Як жанчын, так і мужчын.

Ганна: Не сутыкалася. Альбо гэта было для мяне нязначна і я не запомніла такіх выпадкаў.

Некаторыя выказванні абсалютна палярныя, у нечым аўтаркі згодныя паміж сабой, але іх меркаванні сыходзяцца ў адным: не заўсёды можна высветліць, хто напісаў верш, а значыць, з’ява, названая «жаночай паэзіяй» па пэўных характэрыстыках зместу, формы і якасці не мае падставы так называцца.

Сусветная культура прызвычаілася ўспрымаць жаночае як нешта слабае — і няякаснае, і безабароннае — адразу ў двух сэнсах. Літаратура — адзін з рэальных шляхоў змяніць гэтыя ўяўленні. Але як гэта зрабіць? І ці варта ўвогуле засяроджваць увагу на тым, што ўплывае на ўспрыманне твораў? Зразумела адно: нішто так не парушае стэрэатып пра дрэнную жаночую паэзію, як добрыя вершы, створаныя жанчынамі.

Дар’я СМІРНОВА

Загаловак у газеце: Ружова-блакітныя вершы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».