Вы тут

З блаславеннем Яфіміі


Чарговы раз творцы з нашай краіны ўзялі ўдзел у сербскім міжнародным фестывалі паэзіі, які прымеркаваны да духоўнага і культурнага свята «Дні Яфіміі».


Ганна Мартынчык на сербскім міжнародным фестывалі паэзіі.

Святкаванне адбываецца кожны год у памяць аб першай сербскай паэтэсе, манахіні Яфіміі, у горадзе Трсценіку. Традыцыя бярэ пачатак з 1971 года, але па розных прычынах доўгі час мерапрыемства не арганізоўвалася. Цэнтральная частка сучаснай праграмы — паэтычна-музычная вечарына «У гонар Яфіміі», аснова якой — «Паэтычныя дары», дзе свае вершы чытаюць самыя вядомыя сербскія паэты і паэтэсы, а таксама адбываецца ўручэнне ўзнагарод за лепшую кнігу паэзіі. У дадатак да традыцыйнага зместу ў мерапрыемства ўключаны міжнародны паэтычны фестываль, дзе можна пазнаёміцца з творчасцю паэтаў розных краін (Польшчы, Балгарыі, Македоніі, Босніі і Герцагавіны, Францыі, Германіі і інш.). На сёлетнім мерапрыемстве прадстаўніком Беларусі стала паэтэса Ганна Мартынчык.

— Прыём быў на самым высокім узроўні. Знакаміты сербскі паэт Вералюб Вушашынавіч пераклаў мае вершы на сербскую мову, з тым жа тэмпарытмам, максімальна набліжана да арыгінала. Таму выступаць перад сербскай публікай было камфортна, — распавяла Ганна Мартынчык. — Чытала вершы ў арыгінале, акцёры агучвалі на сербскай мове паэтычны пераклад. Гучалі шматлікія пытанні з залы, што і радавала, і здзіўляла. Пыталіся і пра тое, якая яна, беларуская зямля. Была арганізавана прэс-канферэнцыя, падчас якой цікавіліся сучаснай паэзіяй Беларусі ўвогуле, маёй творчасцю, прасілі прачытаць вершы на беларускай мове. Прапанавала творы Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей» і Янкі Купалы «Спадчына». Слухалі ўважліва, спрабавалі ўлавіць знаёмыя словы.

Галоўная падзея мерапрыемства — гала-канцэрт — адбылася ў старажытным манастыры Любасціння XIII стагоддзя. Бясплатныя аўтобусы курсіравалі цэлы дзень, каб з горада Трсценіка і са сталіцы прывезці гледачоў на фестываль. Людзей было шмат, гэтае свята шануюць. Манахіня Яфімія лічыцца святой у Сербіі, яе параўноўваюць з Ефрасінняй Полацкай.

Увага да іншых культур на фестывалі нацыянальнага ўзроўню сведчыць пра значнасць міжнародных сувязяў у творчым жыцці Сербіі. Правядзенне паэтычных сустрэч такога кшталту — важны складнік для ўзмацнення духоўнасці народаў, творчых і сяброўскіх сувязяў.

Яўгенія ШЫЦЬКА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.