Вы тут

Панрытмія


ПАНРЫТМІЯ

Не памятаю, калі ўпершыню пачуў гурт «Nox arcana». Памятаю, што гэта музыка зрабілася фонавай для разнастайнай дзейнасці. Яна не цягне да сябе прыслухацца, проста гучыць, стварае дадатковы слой рэальнасці і яе ўспрымання. Яшчэ адзін слой пустэчы запаўняецца чымсьці, як салат запраўляецца маянэзам. Увага менш рассейваецца, адчуванні і думкі вяжуцца ў адно, атрымліваюць рытм. Прасцей, напрыклад, пісаць як зараз. Напэўна, з рытмам усё прасцей, бо сэрца наша гоніць кроў у пэўным рытме, дыхаем мы рытмічна, вакол паўсюль рытм.

Расклад дня дапамагае нам менавіта па гэтай прычыне: ён не кідае нас у раку часу бездапаможнымі, ён голасна агучвае рухі, якія мы павінны рабіць рукамі, каб не пайсці на дно. Самі ведаеце, як выбівае з сябе нечаканасць. Праспалі раніцай — і ўсё пайшло не так. Рыхтаваліся да паездкі, а цягніка не было; ці не рыхтаваліся, а давялося ехаць — рытм парушаецца. Мы губляемся. Быццам стаім у даўжэзнай калоне салдат, дзе ўсе ідуць у нагу, а мы стаім.

Творы «Nox arcana» са сваёй містычнасцю, усёзапаўняльнасцю і цішынёй вяртаюць мяне да аднаго з маіх любімых пісьменнікаў — Говарда Філіпса Лаўкрафта. Я не пакідаю тэму рытму, я пашыраю яе. Я прывожу яе да містычнасці, усёзапаўняльнасці і цішыні. Бо напісанне празаічных тэкстаў — гэта таксама рытм. І самі тэксты, і фільмы, і людзі. Сюжэт не ствараецца сам па сабе, ён трапляе ў прыдуманы аўтарам рытмічны алгарытм, сістэму дынамікі і паўз, паскарэнняў і спакою. Рытм запаўняе кропкі паміж сказамі, прабелы на пачатку новага абзаца. Персанажы рытмічна пераглядваюцца і крок за крокам заводзяць танец даўжынёй у апавяданне, аповесць, кнігу. Танец, які праносіцца ціха і незаўважна для чытача. Чытач проста чытае. Чытач далёка не на свядомым узроўні прымае ў сябе гэтыя такты, алгарытмы, гэтыя «раз–два–тры, раз–два–тры». Бо, вернемся да салату, каму цікавы гэты маянэз, калі ў нас тут крэветкі і кавалачкі ананасаў, курыца і грыбы, салёныя агуркі і гарошак? Але рытм не заўсёды запраўка. Часам рытм раскрывае сябе максімальна, і мы бачым, што гэта ён увесь твор: песня, верш, казка. Калі, напрыклад, сутыкаемся з фугай. Мы адключаемся ад усяго свету, вочы і вушы, і рукі сочаць за вар’яцкім рухам сістэмы, пераносяць яе ад кончыкаў пальцаў да мозгу, да сэрца, да поўнага пазбаўлення самасці і пагружэння ў невыносна штучную да самай сапраўднай натуральнасці завіруху. Фуга — гэта не толькі Бах. Фуга — гэта не толькі ноты. «Фуга смерці» — адзін са знакаміцейшых вершаў Паўля Цэляна. Пачытайце яго — і вы зразумееце, пра што я кажу. Вы зразумееце, наколькі лёгка падхоплівае нас рытм, наколькі мы слабыя перад ім. Бо мы яму служым. Мы — частка яго. Шрубы і шасцярэнькі адной сусветнай фугі.

Я ўжо казаў пра крывяносную сістэму і дыханне. Магу дадаць яшчэ шмат слоў і словазлучэнняў. Уся фізіялогія чалавека імкнецца да рытму. Класціся і ўставаць прыкладна ў адзін час кожны дзень, дабірацца на працу ці ў школу так, як заўсёды, і так, як заўсёды, харчавацца. Прырода падтрымлівае нас. Дзяржава падтрымлівае нас. Сонца, грамадскі транспарт, месяц, распарадак працоўнага дня. Заплюшчыўшы вочы і вушы, і ўсё цела, мы ў даўжэзнай калоне салдат ідзём у нагу. Мы плывём па рацэ, самі зрабіўшыся часткай гэтай ракі. Без яе нас няма, а яна застанецца, і калі нас не стане.

Гэтыя развагі прыводзяць мяне да мінулага і будучыні, да пытання дэтэрмінізму і магчымасці выбару. Разгледзім сітуацыю: было ў цара тры сыны. Пра разумовыя здольнасці сыноў усім вядома. Пытанне: чаму? Адказ відавочны. Старэйшы сын — спадкаемец. Сярэдні сын таксама мае пэўныя шансы. Малодшы нікому не цікавы. Стаўленне да яго адпаведнае. Стаўленне яго да жыцця адпаведнае. На яго не ціснуць шматлікія абавязкі, на яго не цісне роля будучага цара. Ён можа дазволіць сабе нашмат больш свабоды. Але ці свабода гэта, калі гэта вынік абставін? Ці свабода гэта, калі сама сітуацыя пачынаецца з адсутнасці пэўных магчымасцей? Так. Ты ўсё адно выбіраеш. У цябе ёсць магчымасць выбару з таго, што засталося. Сур’ёзна? У нас яшчэ ёсць выхаванне і іншыя дробязі (зусім не дробязі). Цаглінка за цаглінкай кладуцца на нашым шляху, і мы ідзём, куды павінны. Гераізм героя — гэта не дасягненне, а вынік. Вынік мелодыі яго жыцця. Вынік рытму.

Калі я гляджу на сваё жыццё, то бачу, наколькі яно дэтэрмінаванае. Я не меў бы нічога з таго, што маю, калі б не сотні тысяч «калі б». Кожны крок узнікае пасля папярэдніх крокаў. Кожны выбар — толькі вынік мінулага выбару, прычына наступнага выбару. Выбару, якога насамрэч няма, бо жыццё — гэта рытм. Ты не выбіраеш, якую нагу падняць у даўжэзнай калоне салдат. Ты нават з часам не сочыш за тым, якую нагу падымаеш. Ты — аўтамат. Твой выбар не большы, чым у музыкі, які злавіў хвалю і цяпер інтуітыўна рухаецца па ёй спрактыкаванымі пальцамі, стварае цуд, бо гукі ператвараюцца ў кісларод, што бяжыць па арганізме–сусвеце і штуршкамі нясецца ад цябе–свядомасці–мозгу да пальцаў–сэрца і наадварот.

Людзі ўпэўнена называюць розніцу паміж чалавекам і камп’ютарнай праграмай. Кажуць, што ў чалавека ёсць свабода волі, а камп’ютар вырашае згодна з алгарытмамі. У чалавека ёсць свабода волі? Я думаю, усе знаёмыя з прыёмамі рытарычнага майстэрства, калі дастаткова некалькі секунд, каб прафесіянал ператварыў людзей са свабодай волі ў натоўп, які слухае толькі яго. Вы чулі пра розных маніпулятараў, фокуснікаў, «магаў», якія правільна кіруюць увагай суразмоўцы, гледача, кліента, кіруюць яго «свядомым» выбарам. Пры нараджэнні чалавек не здольны яшчэ выбіраць. Такая магчымасць прыходзіць да яго вельмі позна. Калі большая частка варыянтаў ужо скрадзена. Застаецца ланцуг рытму. На гэтым ланцугу абставіны цягнуць чалавека ад аднаго пункту выбару да другога. Месцамі дазваляюць спыніцца ля каменя на раздарожжы, няхай абнюхае, няхай паверыць у сябе. Часцей чалавек нават не заўважае магчымасцей павярнуць.

Насамрэч гэты тэкст — гімн чалавечай індывідуальнасці. Бо людзей вельмі шмат. Абставін, у якіх яны нараджаюцца і жывуць, неверагодная колькасць. І той самы рытм, той самы алгарытм, тая ж сістэма ў выніку стварае ўнікальнасць за ўнікальнасцю. Стварае цэльнасці. Гэты тэкст прысвечаны цэльнасці чалавечай асобы. І непрыняццю мной фраз кшталту «такі цудоўны чалавек, вось толькі…» Гэтае «вось толькі» — важная частка цудоўнасці. Яна стваралася на той жа сцяжынцы, на якой стварылася цудоўнасць. Без яе не было б ніякай цудоўнасці. Дазвольце мне вярнуцца да Лаўкрафта. Жаданне напісаць гэты тэкст так з’явілася з яго асобы, і на ёй (на ім) я скончу.

З 1975 года ўручалася Сусветная прэмія фэнтэзі. Лаўрэаты атрымлівалі статуэтку — бюст Говарда Філіпса Лаўкрафта — сапраўды значнага аўтара, які пакінуў пасля сябе падмурак для соцень пісьменнікаў, і ніхто з іх і блізка не падышоў па якасці да заснавальніка новага жанру, новай міфалогіі. Але Лаўкрафт жыў у свой час — і ён быў сабой. Ён жыў у сваім свеце і падарыў нам гэты свет. На жаль, адным з элементаў гэтага свету быў расізм. Расізм на ўзроўні нават не догмы, не прапаганды, а парадыгмы. На тым узроўні, што Лаўкрафт смяяўся з поглядаў Гітлера і называў яго пудзілам гарохавым. А ці магло быць інакш?

Кожны выбар — толькі прычына для іншага выбару і вынік іншай прычыны. Гэты тэкст — толькі вынік, за ім пойдуць новыя вынікі. Бюст Лаўкрафта нядаўна замянілі больш карэктнай выявай, гэта таксама вынік, сумы абставін і акалічнасцей. Даўжэзная калона салдат ідзе ў нагу. «Nox arcana» грае ў слухаўках. Я шукаю адказы на нікому не патрэбныя пытанні. А ці магло быць інакш?

Дзмітрый ШУЛЮК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.