Вы тут

«ТЭАРТ»: тры мушкецёры, тры сястры і колькі спосабаў разгерметызавацца


Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» сёлета прайшоў пад слоганам «Разгерметызацыя».


Сцэна са спектакля «Тры сястры».

Асноўная нагрузка па разбурэнні і пашырэнні тэатральных межаў, звыклых для беларускай прасторы, прыйшлася, канечне ж, на міжнародную праграму. У Мінску паказалі дзевяць спектакляў з розных краін свету (ад Фінляндыі да Паўднёвай Карэі). І межаў напраўду стала меней. Дзякуючы гэтым паказам беларускія гледачы, напрыклад, аказаліся аператыўна ўключанымі ў сусветны тэатральны кантэкст, пабачыўшы спектаклі з апошніх праграм заканадаўцы тэатральнай моды — Авіньёнскага фестывалю. Важна падкрэсліць, што нас знаёмілі з працэсам, які сёння стварае пакаленне 30—40-гадовых еўрапейскіх рэжысёраў. Акрамя таго, Міжнародная праграма форуму дазволіла паглядзець на тэатр са шмат якіх нечаканых ракурсаў: тэатр як сродак масавай інфармацыі; тэатр, створаны па законах кіно; тэатр і яго новыя адносіны з тэкстам. Карацей, разгерметызацыя адбылася.

Рэпартаж ад трох мушкецёраў

Працэс пераўтварэння тэатра ў СМІ амаль сорак гадоў таму зафіксаваў і апісаў у сваім слоўніку вядомы французскі тэатразнаўца Патрыс Паві. Аднак наш час і эпоха постпраўды абвастрылі адносіны спажыўцоў і вытворцаў інфармацыі, зрабілі відавочным крызіс даверу да журналістаў. У такіх умовах дакументальны тэатр усё больш актыўна выконвае ролю таго ідэальнага, аб’ектыўнага СМІ, якое шукаюць сёння чытачы і гледачы. Гэта адчуваецца і ў беларускай тэатральнай прасторы: п’еса Паўла Пражко «Тры дні ў пекле», спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Мабыць?..», спектакль Лабараторыі сацыяльнага тэатра ECLAB «11 красавіка» ды інш. «ТЭАРТ» прэзентаваў нам «міжнародную журналістыку». У спектаклі «Тры мушкецёры. На ўсход ад Вены» (тэатр «Клакрыкетэатэрн», Фінляндыя; тэатр «На вуліцы Гертрудэс», Латвія) Атос, Партос і Араміс паказваюць гледачам справаздачу свайго падарожжа па краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Акцёры ў вобразах мушкецёраў праехаліся па рэальных краінах з высакароднай уяўнай мэтай — знайсці тое, за што сёння варта было б пазмагацца вайскоўцам караля. Мушкецёры не клапоцяцца пра тое, каб апавядаць нейкім журналісцкім ці даследчыцкім канонам. Гэта фактычна аматарскае відэа з падарожжа, дзе спачатку героі сустракаюць сірыйскіх бежанцаў у венскім аэрапорце, потым апынаюцца ў нейкім бары, а потым разважаюць пра дзіўныя ўрбаністычныя асаблівасці Прыднястроўя — помнік Леніну насупраць праваслаўнай царквы. Аднак такі немудрагелісты падыход да здымак урэшце і дае гледачам аб’ектыўную інфармацыю, з якой кожны робіць вынікі самастойна, у лепшых традыцыях інфармацыйнай журналістыкі.

Замаўчы, каб я цябе ўбачыў

Сёння тэатр прапануе два магістральныя кірункі для работы з класічнымі тэкстамі. Першы, больш звыклы, — інтэрпрэтацыя. Другі — адмысловае перастварэнне. Ну вось, напрыклад, адкрыў міжнародную праграму форуму спектакль «Вяселле» (ОКТ / Вільнюскі гарадскі тэатр, Літва), рэжысёр якога Оскарас Каршуновас пакінуў сюжэтную канву п’есы Бертольта Брэхта «Мяшчанскае вяселле», але разам з акцёрамі перастварыў дыялогі, наблізіўшы іх да нашага часу.

Аднак і на гэтых дасканала вывучаных прасторах нас яшчэ могуць чакаць адкрыцці. Расійскі рэжысёр Цімафей Кулябін вынайшаў свой унікальны падыход да класічнага тэксту. П’еса Чэхава «Тры сястры» ў яго пастаноўцы (тэатр «Чырвоны факел», Расія) ідзе на жэставай мове, а арыгінальны тэкст падаецца ў цітрах. То-бок ствараецца своеасаблівы эфект перакладу (у гэтай якасці выступае добра вядомы нам тэкст), эфект адчужэння тэксту, які дасягаецца зменай глядацкага ўспрымання: не слухаем, а чытаем. Такое пастановачнае рашэнне істотна змяняе і спосаб існавання акцёраў, вымагаючы па-новаму будаваць дыялог з партнёрам ды камунікацыю з залай. Але перадусім гэта выхад на «нуль-пазіцыю» чэхаўскай п’есы, рэплікі якой, дзякуючы рэжысёрскай канцэпцыі, успрымаюцца як невядомы, новы тэкст, праяўляючы раней незаўважанае.

Сцэна са спектакля «Арктыка».

Вока чапляецца і за харэаграфічны спектакль «40» (Польскі тэатр танца). Ён звяртае на сябе ўвагу інтэрпрэтацыяй сучаснага тэксту. У пластычным тэатры слоў аказваецца нечакана многа. Фактычна тэкст, гісторыя жыцця саракагадовай жанчыны, гучыць на працягу ўсяго дзеяння ды падпарадкоўвае сабе рух. Харэаграфія выступае тут не самадастаткова, а хутчэй ілюстратыўна, ствараючы пластычнае ўвасабленне кожнай новай старонкі гісторыі. Аднак такое пераразмеркаванне сіл працуе.

Кінатэатр — не будынак, а жанр

Кіно і тэатр ужо даўно знаходзяцца ў стане межаў, якія плывуць. Можна згадаць, напрыклад, пастаноўкі з мінулых тэартаўскіх праграм: «Персону. Мэрылін», дзе класік польскага тэатра Крысціян Люпа намагаўся адшукаць мяжу паміж міфічнай і рэальнай Мэрылін Манро, разабрацца з прыродай кінагульні з дапамогай тэатральнай, «Івону, прынцэсу Бургундскую» таксама з Польшчы (рэжысёр Кшыштаф Гарбачэўскі), дзе значная частка падзей адбывалася па-за сцэнай, а мы бачылі іх відэатрансляцыю, і тэатральная рэчаіснасць стваралася па кіназаконах. Зазначу, што па адваротны бок мяжы карціна тая ж. Напрыклад, мінулагодні фестываль-школа сучаснага мастацтва «Тэрыторыя» ў Маскве адкрыўся прэм’ерай фільма Аляксандра Шэйна «ВМаяковский», дзе дамінуюць відавочна тэатральныя сродкі выразнасці. Напрыклад, зафіксаваны працэс паступовага тэатральнага пераўвасаблення акцёра Юрыя Калакольнікава ва Уладзіміра Маякоўскага — ад першых чытак тэксту да генеральнай рэпетыцыі.

Сёлетняя Міжнародная праграма «ТЭАРТу» прадэманстравала новыя тэндэнцыі. Спектакль Ан-Сесіль Вандалем «Арктыка» (тэатральная кампанія «Дас Фройляйн», Бельгія) не проста прапануе гледачам пабачыць частку дзеяння, схаваную ад іх вачэй, у анлайн-відэапраекцыі — ён створаны па законах кінажанру — трылера. 2025 год, шасцёра людзей аказваюцца на Богам забытым лайнеры, што плыве ў Грэнландыю. Інтрыга — чаму яны тут і чаму менавіта ў такім складзе — раскрываецца паволі, а цалкам пазл складаецца толькі ў фінале. Пачуццё трывожнага чакання не адпускае гледачоў на працягу дзвюх гадзін, але ў адрозненне ад кіно ствараецца жывымі людзьмі тут і цяпер, а не выклікаецца зафіксаваным на плёнку дзеяннем. Шмат у чым эфект трывогі дасягаецца візуальным аздабленнем спектакля: на сцэне ўзведзены шыкоўны інтэр’ер люксавага круізнага лайнера, але ён патанае ў паўзмроку. Шмат у чым — за кошт адчування неспасцігальнасці прасторы: значная частка дзеяння перанесена ў інтэр’еры па-за сцэнай, што бачныя гледачу толькі праз аб’ектыў камеры. А значыць, мы мусім следаваць выключна за кінавокам, без магчымасці акінуць позіркам прастору цалкам ці азірнуцца, калі нам захочацца. Дарэчы, спектакль «Арктыка» — адзін з удзельнікаў сёлетняй праграмы Авіньёнскага фестывалю.

Яшчэ адным асэнсаваннем кіно ў тэатры стаў спектакль рэжысёра Крысціяна Смедса «Проста кіназдымкі» (Нацыянальны тэатр Фінляндыі). З аднаго боку, гэта прызнанне кінематографу ў любові, з другога — іронія над ім. Спектакль уяўляе сабой ланцужок з дэтальных пародый на стужкі ды нацыянальныя кінашколы, які разыгрываюць акцёр і актрыса (Юхан Ульфсак і Анамарыя Ланг). Гэта спроба праз скетчы асэнсаваць прыроду кіно. Спецэфекты дасягаюцца падручнымі сродкамі: папкорн ператвараецца ў снег, а сочыва становіцца бутафорскай крывёю. «Галівуд» змяняецца «Масфільмам». Але паўз гэтыя смешныя дробязі паўстае галоўнае: ахвярнасць творцы мастацтву.

Спазнаючы белы свет

Падаецца сімвалічным, што для завяршэння форуму, прызванага разгерметызаваць нашую тэатральную прастору, быў выбраны спектакль, дзе гаворка вядзецца акурат пра межы. Удзельнік Авіньёнскай праграмы — 2017 спектакль «Сайгон» («Лез Омз Апраксіматыф», Францыя, В’етнам) Караліны Гуіелы Нгуен распавядае жыццёвыя гісторыі «замежных в’етнамцаў». Некалі яны вымушаны былі пакінуць радзіму, каб перабрацца ў Францыю. Чым сталася гэтае развітанне для тых, хто з’ехаў? А для тых, хто застаўся? Чаму адны прагнуць вяртання, калі толькі палітычны рэжым становіцца больш лаяльным, а іншыя нізавошта не хочуць з’язджаць? Трохгадзінная гісторыя жыцця некалькіх пакаленняў разгортваецца ў інтэр’ерах в’етнамскага рэстаранчыка. Але «Сайгон» — гэта не толькі жыццяпіс ці асэнсаванне з’явы праз канкрэтныя гісторыі канкрэтных асоб. Спектакль можна трактаваць метафарычна, як выказванне на адвечную тэму «свой сярод чужых, чужы сярод сваіх». Бо калі два чалавекі насупраць і намагаюцца сказаць нешта важнае адно аднаму праз чатыры столікі (такія «аддаленыя мізансцэны» характэрныя для пастаноўкі), не так ужо і істотна, хто там з В’етнама, а хто з Францыі. Галоўнае, каб здолеў сказаць, каб дакрычаўся. Гэта пра нас усіх, без нацыянальных, полавых і ўзроставых прыкмет.

«Сайгон» не пакідае адчування, што ўсе межы магчыма пераадолець. Гэтая пастаноўка, хутчэй, сцвярджае адначасовасць хараства ды складанасці светаўладкавання. І разуменне гэтай адначасовасці — таксама разгерметызацыя.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.