Вы тут

Маршрут экспедыцыі: Мінск — Тарту


Навуковы зборнік «Місія выканальная. Праблемы вывучэння фальклору» і тэматычны выпуск эстонскага электроннага часопіса Folklore, прысвечаны беларускай тэматыцы, прэзентавалі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Гэтыя выданні сталі вынікам сумеснай трохгадовай працы Эстонскага літаратурнага музея і Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.


Тэматыцы параўнальнага вывучэння літаратуры, традыцый, песень краін, што мяжуюць з Беларуссю, прысвечана мноства даследаванняў. Нікога не здзіўляе чарговая манаграфія ці кандыдацкая дысертацыя па спецыфіцы беларуска-польскага, украінскага, літоўскага, латвійскага, расійскага памежжа. Яно і зразумела: традыцыі народаў, што маюць непасрэдны кантакт у памежнай зоне, складана адсачыць, з дапамогай даследчыцкага «скальпеля» выразаць выцінанку адметнасцяў, дакладна пазначыўшы «свае» і «чужыя». Іншая справа — стасункі краін і народаў, што не маюць непасрэднага кантакту. Тым больш цікавымі падаюцца вынікі сумеснага даследчыцкага праекта беларускіх і эстонскіх навукоўцаў, прадстаўленыя ў зборніку «Місія выканальная» і ў беларускім выпуску часопіса Folklore.

Зрэшты, калі паразважаць, то ў гісторыі беларускага і эстонскага народаў можна заўважыць шмат агульных рыс. Гэта архаічная народная культура, імкненне захаваць уласную ідэнтычнасць пад уціскам іншых краін і народаў і агульныя паўночныя карані. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя «Наша Ніва» з захапленнем пісала пра нацыянальны тэатр Эстоніі і заклікала беларусаў пераймаць гэты станоўчы вопыт. І вось цяпер атрымалася наладзіць сапраўды плённае супрацоўніцтва — у галіне фалькларыстыкі, архіўнай работы, экспедыцыйнай дзейнасці.

— Калі мы, у адпаведнасці з падпісаным пагадненнем, каля трох гадоў таму пачыналі сумесную работу з навукоўцамі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, крыху хваляваліся, што не будзем паспяваць вытрымліваць высокі тэмп, зададзены калегамі. Але супрацоўніцтва атрымалася сапраўды плённае, — кажа загадчыца аддзела фалькларыстыкі Эстонскага літаратурнага музея Марэ Кыйва. — У ходзе вывучэння, абмеркавання розных пытанняў мы пабачылі, што беларускі і эстонскі народы маюць шмат агульнага ў мове, у культуры і этнаграфіі. Адкрыліся новыя аспекты даследаванняў, пра якія адпачатку нават не задумваліся.

Навукоўцы адзначылі, што за многія дзесяцігоддзі этнаграфічных даследаванняў і ў Беларусі, і ў Эстоніі выдадзена шмат матэрыялаў па гэтай тэме — на беларускай, эстонскай, англійскай мовах, таму сумесны зборнік «Місія выканальная» вырашылі скласці з тэкстаў на рускай мове. З аднаго боку, гэта пашырыць кола патэнцыйных чытачоў, а з іншага — зробіць большым моўны абсяг кампетэнцый саміх даследчыкаў.

 Так, на старонках гэтага навуковага выдання можна пазнаёміцца з самымі новымі даследаваннямі ў галіне беларускай і эстонскай фалькларыстыкі, а таксама параўнаць падыходы, што выкарыстоўваюць нашы і замежныя даследчыкі. Так, побач з работамі эстонскіх калег работы беларусаў тут выглядаюць больш традыцыйнымі, гэта выяўляецца і ў тэматыцы артыкулаў, і ў падыходах да выкладання фактаў. Напрыклад, творамі фальклору ў Эстоніі ўжо лічаць жарты, прадстаўленыя ў інтэрнэт-мемах, вывучаюць этнічныя жарты праз прызму глабалізацыі, пісьменнасць і фальклорныя экпедыцыі канца ХІХ стагоддзя ў разрэзе суаднесенасці з сацыяльнымі слаямі насельніцтва.

— Наша супрацоўніцтва з эстонскімі калегамі распачалося з тэарэтычных семінараў, што ў выніку дазволілі зладзіць сумесную экспедыцыю ў Любанскі раён Мінскай вобласці, — кажа доктар філалагічных навук, загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна. — Так нашы стасункі з толькі акадэмічнага ўзроўню ператварыліся ў сяброўства. А ўжо пазней супрацоўнікі нашага Цэнтра атрымалі магчымасць праходзіць стажыроўкі ў эстонскім Тарту.

Эстонія — узор стаўлення да сваёй спадчыны. Яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя тут пачалася маштабная акцыя па зборы вуснапаэтычнай спадчыны, і сёння фальклорны архіў у Літаратурным музеі краіны — адзін з найбуйнейшых у свеце. Таму, дзякуючы сумеснай праграме, беларускія фалькларысты атрымалі магчымасць папрацаваць у гэтым архіве, пераймаць методыкі работы з матэрыяламі, а таксама назіраць за больш шырокімі захадамі па захаванні традыцый народа. Як падкрэслілі ўдзельнікі стажыровак, народныя святы ў Эстоніі ўпісаны ў цыкл культурнага жыцця мясцовасці, нават свята маленькай народнасці сэту (у краіне пражывае каля 10—13 тыс. прадстаўнікоў) ператвараецца ў вялізны фестываль са значнай падтрымкай мясцовых улад. Фальклорныя святы ўключаюцца ў турыстычныя маршруты, іх імкнуцца паказаць гасцям краіны, каб з дапамогай атрыманых сродкаў паспрыяць захаванню і добраўпарадкаванню сакральных мясцін.

Што да выхаду беларускага выпуску электроннага часопіса Folklore, гэта сапраўды вялікі крок наперад у справе прадстаўлення вынікаў даследаванняў беларускіх фалькларыстаў усяму свету. Часопіс выдаецца ў Эстоніі тройчы на год на англійскай мове з 1996 года і стаў адным з першых выданняў, што дазволіла размяшчаць поўныя тэксты артыкулаў у інтэрнэце і прадастаўляць да іх бясплатны доступ. У рэдакцыйную калегію выдання ўваходзяць самыя вядомыя фалькларысты свету, а перад тым, як трапіць у часопіс, кожны тэкст праходзіць двайное «сляпое» рэцэнзаванне: аўтар не ведае, хто крытычна ацэньвае яго тэкст, ды і рэцэнзенту не паведамляюць, чыё даследаванне ён чытае.

 Адметна, што менавіта артыкул Алены Боганевай, прысвечаны вывучэнню беларускай народнай Бібліі, стаў паўтысячным тэкстам, змешчаным у выданні. Са зместам выпуску можна пазнаёміцца на старонцы http://www.folklore.ee/folklore/vol72, тут жа размешчаны і поўныя тэксты ўсіх артыкулаў.

 Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.