Вы тут

На рэўматоідны артрыт ва ўсім свеце пакутуе каля 1 % насельніцтва


На рэўматоідны артрыт ва ўсім свеце пакутуе каля 1 % насельніцтва, і наша краіна — не выключэнне. З аднаго боку, большасць хворых добра ведае, як важна трымаць артрыт пад кантролем. А з другога — многія не ўсведамляюць элементарных рэчаў. Напрыклад, што пашкоджанні суставаў — з'явы незваротныя. Некаторыя памылкова мяркуюць, што адсутнасць болю і ёсць кантроль над хваробай. У той жа час тут важна своечасова паставіць дыягназ і як мага хутчэй пачаць лячэнне. Якія сімптомы павінны насцярожыць і прымусіць звярнуцца да ўрача, што павышае рызыку гэтай хваробы, а якія фактары яе, наадварот, мінімізуюць, расказала ўрач-рэўматолаг 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Мінска Іна БАШТАВАЯ.


— Рэўматоідны артрыт — гэта хранічная аўтаімунная сістэмная запаленчая хвароба злучальнай тканкі з пераважным пашкоджаннем суставаў. Адбываецца своеасаблівая паломка ў імунітэце, і лімфацыты — клеткі-абаронцы нашага арганізма — замест таго, каб актыўна дыягнаставаць чужародныя бактэрыі, вірусы, грыбы і ліквідаваць іх, пачынаюць атакаваць і знішчаць уласныя здаровыя клеткі. З-за гэтага, папросту кажучы, з'яўляецца запаленчы працэс у суставах. Рэўматоідны артрыт сустракаецца ў 0,1-1 % насельніцтва, і ва ўсім свеце такіх хворых каля 58 мільёнаў. Гэта дастаткова распаўсюджаная хвароба. Прычым жанчыны на яе пакутуюць у 2-3 разы часцей за мужчын. Пік хваробы прыходзіцца на працаздольны актыўны ўзрост — 30—55 гадоў.

— Па якіх прычынах яна ўзнікае?

— Гэта дакладна не высветлена. Праўда, вылучана некалькі фактараў, якія спрыяюць развіццю хваробы. Па-першае, генетычныя. У хворых устаноўлена спадчынная схільнасць да парушэнняў імуналагічнай рэактыўнасці. Таму калі кроўныя сваякі хварэюць на рэўматоідны артрыт, рызыка яго ўзнікнення павялічваецца ў 16 разоў.

Па-другое, выяўлена некалькі інфекцыйных агентаў, якія з'яўляюцца пускавым механізмам для развіцця захворвання. Найперш гэта вірус Эпштэйна — Бар — даследчыкі адводзяць яму вялікую ролю, а таксама вірусы краснухі, герпесу, мікаплазмы, кішэчныя бактэрыі.

Дарэчы, кампаненты тытуню могуць спрыяць развіццю хваробы, таму курыльшчыкі таксама рызыкуюць. Па-трэцяе, вялікае значэнне маюць гарманальныя фактары. У жанчын, якія кормяць дзіця грудзямі на працягу 24 месяцаў, імавернасць захварэць у некалькі разоў змяншаецца, а ў тых, хто не корміць, адпаведна рызыка павялічваецца. Гэтак жа прыём кантрацэптываў павышае рызыку развіцця рэўматоіднага артрыту, а цяжарнасць яе зніжае.

— Як сябе праяўляе хвароба?

— Не заўважыць яе нельга, бо суставы ў нас заўсёды задзейнічаныя. Найбольш характэрнай праявай з'яўляецца поліартрыт — запаленне адразу некалькіх суставаў. Як правіла, гэта сіметрычны артрыт: калі на адной руцэ пашкоджаны сустаў, то і на другой, як правіла, таксама. Часцей за ўсё пакутуюць суставы кісцяў, ступняў, каленяў і праменезапясцевыя, пазванковыя — радзей. Адчуваюцца балючасць пры пальпацыі, прыпухласць, скаванасць рухаў, павышэнне тэмпературы скуры над суставам. Вельмі важны сімптом — скаванасць сустава на працягу гадзіны пасля сну. Пацыенты адзначаюць тугагнуткасць, яны не могуць сябе абслугоўваць. Немагчыма выканаць банальныя дзеянні — адрэзаць хлеб, трымаць кубак, пачысціць зубы. Патрабуецца каля гадзіны, каб распрацаваць суставы.

— Як дыягнаставаць гэта захворванне? Яно можа маскіравацца пад іншыя сустаўныя хваробы?

— Калі пацыент упершыню звярнуў увагу на названыя праявы, на тое, што нейкі з суставаў прыпух, варта хутка звярнуцца да ўрача, які прызначыць неабходныя абследаванні: рэнтгенаграфію, біяхімічны аналіз крыві, у якім вызначаюць такія паказчыкі, як рэўмафактар і С-рэактыўны бялок. Існуе і спецыфічны метад лабараторнай дыягностыкі, аналіз крыві на аўтаімунныя антыцелы, або так званы анты-ССР, гэта маркер рэўматоіднага артрыту, яго дакладнасць — 90 %. Рэўматоідны артрыт трэба адрозніваць ад артрозу, на які хварэюць людзі сталага ўзросту (там таксама разбураецца сустаў). З артрозам не бывае такіх характэрных прыкмет, як змяненне колеру скуры і павышэнне тэмпературы сустава. Многія хворыя робяць памылку: доўгі час не звяртаюць увагу на тое, што адбываецца з суставамі, лічачы гэта ўзроставымі зменамі. А трэба адразу ісці да доктара.

— Рэўматоідны артрыт — спадарожнік да канца жыцця?

— Гэта захворванне хранічнае, і яно, на жаль, не вылечваецца. Пацыенты павінны пажыццёва прымаць тэрапію. Сучасныя метады накіраваны на змяншэнне запалення, абязбольванне, паляпшэнне і захаванне функцыі суставаў і папярэджанне інвалідызацыі. Хворыя ставяцца на дыспансерны ўлік, павінны перыядычна наведваць рэўматолага, які кантралюе паказчыкі аналізаў, каб гэта дастаткова агрэсіўная тэрапія не аказала пабочнага ўплыву. Але прыём прэпаратаў дазваляе пацыентам весці нармальнае актыўнае жыццё. Ад пачатку захворвання да пастаноўкі дыягназу праходзіць, як правіла, каля дзевяці месяцаў. Бо нярэдка ёсць клінічныя праяўленні, але пры гэтым лабараторныя паказчыкі ў норме. Ці, наадварот, аналізы дадатныя, а на суставы пацыент не скардзіцца. У такім выпадку няма паказанняў прызначаць тэрапію.

— Чым небяспечны рэўматоідны артрыт, калі яго не лячыць ці лячыць няправільна?

— Гэта дастаткова сур'ёзнае захворванне, якое прыводзіць да інваліднасці. Калі не прымаць мер, усё скончыцца разбурэннем сустава. У хворых, якія не лечацца, суставы моцна дэфармуюцца, яны перастаюць сябе абслугоўваць. Пацыенты, дарэчы, атрымліваюць бясплатнае лячэнне па льготных рэцэптах. Базісныя прэпараты, якія яны павінны прымаць, тармозяць прагрэсаванне дэструкцыі суставаў. Лекавыя сродкі і дозу рэўматолаг падбірае індывідуальна. Таксама пацыенты прымаюць нестэроідныя супрацьзапаленчыя абязбольвальныя прэпараты, каб скаванасць у суставах была меншай, не турбаваў боль.

— Восень — час абвастрэння хранічных хвароб. Рэўматоіднага артрыту гэта датычыцца?

— Так, абвастрэнні, як правіла, здараюцца ў асенне-веснавыя перыяды. Могуць уплываць і знешнія фактары: пераахалоджванні, стрэсы, вірусныя інфекцыі. Таму такія пацыенты ўваходзяць у групу рызыкі і ў абавязковым парадку павінны прышчапляцца ад грыпу ў перыяд рэмісіі рэўматоіднага артрыту. Паколькі базісныя прэпараты — гэта імунасупрэсіўная тэрапія, яна прыгнятае імунітэт, усе вірусныя інфекцыі ў такіх хворых працякаюць больш цяжка. Таму варта адразу саніраваць усе ачагі інфекцыі: вылечваць дэрматалагічныя, уралагічныя, лор-хваробы. Яны ўзмацняюць прагрэсаванне артрыту.

— Што можна рабіць, каб пазбегнуць хваробы?

— Спосабаў прафілактыкі няма, бо, як я казала, дакладных прычын узнікнення не выяўлена. Агульная рэкамендацыя для ўсіх пацыентаў — пазбягаць стрэсу. Часта назіраю ў сваёй практыцы, што менавіта пасля перанесенага стрэсу з'яўляюцца такія хранічныя хваробы. Спрыяюць пераахалоджванне, сур'ёзныя вірусныя інфекцыі.

— Што рабіць, каб жыццё з рэўматоідным артрытам было камфортным?

— Акрамя прыёму прэпаратаў, патрэбна фізічная актыўнасць, накіраваная на максімальную рухавасць суставаў і захаванне цягліцавага тонусу. Суставы трэба распрацоўваць, бо ў адваротным выпадку з'явяцца кантрактуры. Патрэбна дыета, багатая на кальцый, абавязкова ўжываць малочныя прадукты. Калі няма абвастрэння, карысная і фізіятэрапія.

Алена Кравец

Загаловак у газеце: Скаваныя болем

Выбар рэдакцыі

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %.