Вы тут

Дырэктар «Лістапада»: Кінафестываль павінен быць па-за цэнзурным кантэкстам


Калі раней Мінскі кінафестываль успрымаўся мной выключна як «свята, што заўсёды з табой», сёння я бачу ў ім не толькі натхненне, але і сумненні. З аднаго боку, праграмныя дырэктары на прэс-канферэнцыі называюць імёны, на якія хочацца бегчы набываць білеты, як толькі яны трапяць у продаж — Карлас Рэйгадас, Ларс фон Трыер, Сяргей Лазніца, Нуры Більге Джэйлан, Брыянтэ Мендоса, Аньес Варда і іншыя. З іншага боку, каардынатар Нацыянальнага конкурсу падбірае словы, каб апісаць сёлетні «эксперымент».


Сёлета рашэнне па змесце праграмы беларускіх фільмаў прымала камісія пры Міністэрстве культуры, у якой не было прадстаўнікоў дырэкцыі «Лістапада». Пытанне ў тым, ці не скажацца гэты эксперымент негатыўна на статусе і прэстыжы кінафестывалю і пастаяннай акрэдытацыі FІAPF — Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў. У кінаасяроддзі ў сеціве нават прагучаў заклік да байкоту Нацыянальнага конкурсу, нехта падзяліўся, што сёлета наўмысна не падаваў на яго заяўку з-за недаверу да прынцыпаў адбору.

«Увогуле, гэта праблема, — кажа дырэктар «Лістапада» Анжэліка Крашэўская. — Згодна з адным з пунктаў міжнароднага рэгламенту, кінафестываль павінен быць па-за цэнзурным кантэкстам. Інакш ні ў адной краіне свету з яе ідэалагічным разуменнем — а ў кожнага свае погляды на палітыку — немагчыма будзе правесці міжнародны фестываль. Сёння я нічога не магу сказаць — мы будзем даваць справаздачу FІAPF па выніках года. Канешне, усё гэта (маецца на ўвазе сітуацыя з Нацыянальным конкурсам. — Аўт.) не на карысць фестывалю. У гэтым годзе мы сутыкнуліся з яшчэ адной сітуацыяй — быў аб'яўлены тэндар (конкурс на арганізацыю і правядзенне 25-га «Лістапада». — Аўт.). Гэта таксама па-за рэгламентнымі патрабаваннямі, згодна з якімі дырэкцыя павінна быць пастаяннай. Мы пра гэта гаворым ужо дзевяць гадоў. Ёсць маса вельмі вострых пытанняў, і я не ведаю, як іх вырашаць і як дзейнічаць».

Узніклую размову пра статус «Лістапада» і ўмовы фарміравання Нацыянальнага конкурсу працягнула першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, якая на прэс-канферэнцыі прадстаўляла ўласна аднаго з заснавальнікаў кінафестывалю (ні для каго не сакрэт, што вялікую частку сродкаў на арганізацыю «Лістапада» выдаткоўвае Міністэрства культуры): «Ёсць патрабаванне заканадаўства, якое датычыцца бюджэтнага фінансавання і падтрымкі праектаў. Пакуль гэтае заканадаўства аб дзяржаўных закупках дзейнічае, адпаведна існуе і сістэма тэндара — іншага ў гэтай сітуацыі не дадзена. Што датычыцца Нацыянальнага конкурсу, я б не стала наўмысна згушчаць фарбы, таму што рэкамендацыі, якія дала дырэкцыя, камісія разглядала і ўлічвала. Адзінай мэтай было зняць пэўнае напружанне, што існуе ў кінаасяродку ў адносінах да, скажам так, адбору. Чаму нехта трапляе ў конкурс, а нехта не трапляе? Такая практыка дзейнічае не першы год, і зараз рабіць з гэтага сенсацыю не бачу ніякіх прычын».

Так ці інакш, мэта і дасягненні «Лістапада», што датычацца беларускага кіно, застаюцца неаспрэчныя. З самага пачатку існавання Нацыянальнага конкурсу «Лістапад» штогадова прадстаўляе найбольш цікавыя работы айчынных аўтараў, фарміруючы такім чынам пэўны вобраз беларускага кіно. Важна таксама, што яго ацэньвае міжнароднае журы, у якое запрашаюцца прафесіяналы, што маюць дачыненне да дыстрыбуцыі і фестывальнага руху. Гэта значыць, у конкурсе яны могуць нешта ўпадабаць і даць гэтаму ўваход на іншыя міжнародныя пляцоўкі. А калі не — аб'ектыўна ацаніць работы з пункту гледжання сучасных тэндэнцый і запытаў кінасферы.

«Гэта пляцоўка, дзе беларускае кіно паказваецца не толькі гледачу, але і міжнародным прафесіяналам. Фільмы, якія ўдзельнічалі ў Нацыянальным конкурсе, працягваюць сваё падарожжа па міжнародных кінафестывалях у іншых краінах», — кажа каардынатар Нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўранюк. Сёлета ў журы ўвайшлі тры жанчыны — фестывальны агент з Францыі Паскаль Рамонда, адборшчык праграмы «Дні аўтараў» Венецыянскага кінафестывалю Рэната Сантора і беларуска Дар'я Юркевіч, рэжысёр.

Нацыянальны конкурс 25-га «Лістапада» ўключае сем ігравых, восем дакументальных і пяць анімацыйных карцін. Сярод іх ужо вядомы гледачам «Хрусталь» Дар'і Жук, што трапіў у лонг-ліст кінапрэміі «Оскар», фільм Мары Тамковіч «Дачка», што не так даўно быў прадстаўлены ў кінапраекце «СВАЁ КІНО», створаны на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» альманах «Вайна. Застацца чалавекам». Тут жа кароткаметражны «Ягор», зняты купалаўцамі па матывах кнігі «Радзіва «Прудок» Андруся Горвата. Дакументальная частка прадстаўлена работамі Галіны Адамовіч, Евы-Кацярыны Махавай, Аляксандра Свішчанкова і іншых. У анімацыйнай секцыі — Ігар Волчак, Таццяна Кубліцкая, Марына Карпава і іншыя аніматары.

Пазаконкурсных паказаў беларускіх фільмаў гэтым разам не будзе. Дарэчы, заявак на Нацыянальны конкурс было пададзена 87. Паказы пройдуць з 6 да 8 лістапада ў кінатэатры «Беларусь».

Іншыя навіны з кінафестывалю «Лістапад» шукайце ў наступных нумарах газеты, а таксама на нашым сайце zvіazda.by.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Страсці па «Лістападзе»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.