Вы тут

Знаёмім з прыкладамі махлярства і дзелімся парадамі, як пазбегнуць падману


Анталогія ашуканства

Мы працягваем знаёміць чытачоў з прыкладамі махлярства і дзелімся парадамі, як пазбегнуць падману. Сёння нашымі суразмоўнікамі сталі работнікі пракуратуры Магілёва — памочнік пракурора Таццяна Іванова і старшы памочнік пракурора Марыя Івуціна. Мэта праекта ўсё тая ж — падказаць, як пазбегнуць непрыемных момантаў у жыцці і засцерагчыся ад злачынцаў.


Усе гэтыя гісторыі аб'ядноўвае менавіта празмерная даверлівасць грамадзян і чалавечая прагнасць. А яшчэ банальная прававая непісьменнасць. Тое, што дазваляе некаторым нядобрасумленным грамадзянам маніпуляваць людзьмі і «разводзіць» іх на грошы.

Амаль паводле Булгакава

Ну як тут не ўспомніць класіка, які так вобразна апісаў містычнае прадстаўленне Воланда ў вар'етэ. Памятаеце момант, калі ў залу на людзей пасыпаліся чырвонцы? А потым грошы ператварыліся ў звычайныя паперкі. Дык вось, знайшоўся магіляўчанін, які пажадаў паўтарыць гэты трук, але на свой манер. Усё пачалося з таго, што ён набыў у краме сувенірныя долары. На выгляд яны нагадваюць сапраўдныя — двухбаковы друк, на некаторых ёсць нават банкаўская стужка. На папераджальныя надпісы — «банкнот не з'яўляецца плацежным сродкам» і «Вясельны банк» звяртаеш увагу не адразу. У Магілёве, напрыклад, пачак з 80 такіх купюр прадаецца ўсяго за 3 рублі. 48-гадовы магіляўчанін змог зарабіць на іх амаль 1500 беларускіх рублёў.

Ахвяр шукаў каля буйных гандлёвых цэнтраў або наўпрост на вуліцы. Аднойчы падышоў да пенсіянера і папрасіў дапамагчы зняць пакойчык у кватэры. Мужчына запрасіў госця да сябе, каб паглядзець умовы. Таму ўсё спадабалася, ён дастаў з кішэні 50 долараў задатку і са словамі — прабачце, беларускіх грошай няма, папрасіў даць яму хоць колькі беларускіх рублёў на дробныя расходы. Пенсіянер трапіўся шчодры і перадаў чалавеку, якога бачыў першы раз у жыцці, 140 рублёў. Толькі калі кватарант не вярнуўся, разгледзеў, што за «валюту» той яму пакінуў, і забіў трывогу.

Чарговы фокус з сувенірнымі доларамі махляр правярнуў ужо з немаладой жанчынай. Прыдумаў гісторыю, нібыта ён толькі што прыехаў у горад і яму тэрмінова патрэбны грошы. «Вось вам 50 долараў, дайце хоць што-небудзь у беларускіх рублях», — маліў ён. І жанчына, не чакаючы падвоху, адлічыла 70 рублёў. Калі нарэшце зразумела, што купюра не сапраўдная, незнаёмца ўжо побач не было.

З яшчэ адным даверлівым грамадзянінам махляр разлічыўся ліпавымі доларамі за праезд. Кіроўца прыняў «валюту» і нават даў 50 рублёў рэшты. А «долары» панёс у банк, дзе яму і адкрылі вочы.

Таццяна Іванова ўдакладняе:

— Усе, каго падмануў мужчына, пенсіянеры, двум з іх было нават болей за 70 гадоў. Мужчына прызнаны вінаватым па дзвюх частках артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з законам ён павінен выплаціць 60 базавых велічынь, кампенсаваць маральную страту пацярпелым і выдаткі за матэрыялы на правядзенне экспертызы па купюры.

Дарэчы, у Магілёве гэта не адзіны махляр, які зарабляў на сувенірных доларах. Марыя Івуціна прыгадала, што тры гады таму за фальшывыя банкноты неаднаразова судзімы мужчына купіў сабе ноўтбук. Але прадавец хутка разгледзеў, што гэта за грошы, і кінуўся наўздагон. Затрымаць злачынцу дапамаглі міліцыянеры.

Да ведама

Ніколі не забывайцеся пра народную мудрасць: бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы. Трэба ўважліва глядзець, што вам прапаноўваюць, і не спяшацца заключаць здзелку з незнаёмымі людзьмі. Тым больш што ў Беларусі разлікі валютай паміж грамадзянамі наогул забаронены. Нават калі купюра сапраўдная, можна пазбавіцца не толькі заробленых на абмене грошай, але яшчэ і атрымаць штраф у памеры 50 базавых велічынь за незаконную здзелку.

Як вярнуць гаджэт з рамонту

Бываюць выпадкі, калі дабравольна гэтага рабіць не жадаюць. У Магілёве ахвярамі аднаго такога «майстра» за два гады сталі 10 чалавек. Працаваў 20-гадовы прадпрымальнік легальна, нават арандаваў пад майстэрню памяшканні ў розных гандлёвых цэнтрах. Браўся за рамонт любых гаджэтаў. Прычым выключна па перадаплаце. Распісак і квітанцый сваім кліентам не даваў, усе зносіны будаваліся на даверы. Адна з пацярпелых здала ў рамонт тэлефон, перадала запатрабаваную майстрам суму «на запчасткі», але яе чаканні вельмі зацягнуліся. Стала цікавіцца, калі ж адрамантуюць? Малады чалавек — сама ветлівасць — супакойваў, маўляў, усё добра, запчасткі ўжо прывезлі з Мінска, але тут яшчэ адна дэталь паляцела і патрэбны грошы, каб яе заказаць. Жанчына яшчэ ўнесла задатак, але тэлефона так і не дачакалася. Майстар перастаў адказваць на яе званкі і з'яўляцца на рабочым месцы. Па аналагічнай схеме малады чалавек «развёў» яшчэ чатырох кліентаў. У кожнага бралася перадаплата, даваліся абяцанкі-цацанкі, а потым сувязь з майстрам абрывалася.

У «бермудскім трохвугольніку» знікалі не толькі тэлефоны, але і зарадныя прыстасаванні, планшэты. Быў выпадак, калі пацярпелы прапанаваў: вярні планшэт і грошы, я аднясу тэхніку ў іншую майстэрню. Малады чалавек сумленна прызнаўся, што планшэта няма, але ён гатовы аддаць наўзамен тэлефон. Пацярпелы не стаў больш выпрабоўваць лёс і звярнуўся ў міліцыю.

Падчас следства высветлілася, што тэлефонных спраў майстар паспеў правярнуць аферу яшчэ і з былой ва ўжыванні машынай. Пры пакупцы «Форда» ён даў гаспадару 600 рублёў авансу, абяцаў астатнія грошы прынесці потым, сеў у машыну і з'ехаў у невядомым напрамку. Як вы ўжо здагадаліся, былы ўладальнік аўто дазваніцца да свайго пакупніка больш не змог.

— Здзіўляе даверлівасць людзей, іх цярплівасць. Некаторыя чакалі свае рэчы па паўгода і звярталіся ў міліцыю, толькі зусім страціўшы надзею. Дарэчы, нягледзячы на дастаткова юны ўзрост, малады чалавек ужо паспеў атрымаць судзімасць за махлярства. Тады яго пакаралі двума месяцамі арышту. Але ён ніякіх высноў не зрабіў. Агульны доўг, які хлопец павінен вярнуць пацярпелым, склаў каля 3,5 тысячы рублёў. А тры наступныя гады яму прыйдзецца правесці ў папраўчай установе адкрытага тыпу, — канстатуе Таццяна Іванова.

На заметку

Не будзьце вельмі даверлівыя. Калі нехта ставіць умовы і пры гэтым пазбягае браць на сябе адказнасць, ён відавочна нешта задумаў. Патрабуйце квітанцыю, дзе будзе апісана ўсё, што вы здалі ў рамонт, і ў якой ступені зносу яно знаходзілася. Там жа павінна быць пазначана сума перадаплаты. І наогул, перад тым як скарыстацца чыімі-небудзь паслугамі, пацікаўцеся, што за фірму ён прадстаўляе, дзе яна зарэгістраваная, якія водгукі ёсць у інтэрнэце.

Як жаночае футра стала дзіцячай курткай

А гэта трэба браць на заметку наведвальнікам інтэрнэт-рэсурсаў па продажы былых ва ўжыванні рэчаў. Менавіта там магіляўчанка размясціла аб'яву, што прадае футра-трансформер з сапраўднага пясца. Трэба сказаць адразу, што ніякага футра ў яе не было, а фота яна ўзяла ў інтэрнэце. Але пакупніца з Ліды, якой спадабалася рэч, гэтага яшчэ не ведала. Яе толькі крыху здзівіла ўмова спачатку ўнесці перадаплату. Яна нават паспрабавала паспрачацца, маўляў, вы ж нічым не рызыкуеце, на пошце, пакуль грошы не аддам, тавар не атрымаю. Але магіляўчанка стаяла на сваім — або перадаплата, або ніякага футра. У рэшце рэшт пакупніца пагадзілася, адправіла 150 рублёў, але чэк на ўсялякі выпадак сфатаграфавала. Калі прыйшло паведамленне на пасылку, яна ўзяла з сабой сяброўку, якая потым зафіксавала момант адкрыцця скрыні на камеру. І, як аказалася, недарэмна. Замест футра ў пасылцы аказалася дзіцячая куртка чырвонага колеру.

— Абвінавачаная не чакала, што пацярпелая напіша заяву ў міліцыю. Прызналася, што яе аднойчы так падманулі і яна нікуды не звярталася. Наадварот, ёй стала цікава, ці зможа яна кагосьці абвесці вакол пальца. У выніку атрымала судзімасць. Самае цікавае, што маладая жанчына ў грашах вялікай патрэбы не мела. Яе муж дастаткова забяспечаны чалавек. За злачынства ёй пагражаў штраф або грамадскія работы. І яна прасіла штраф, каб не ганьбаваць сябе перад людзьмі. Але ж суд вынес пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ. Магчыма, пакуль яна будзе падмятаць вуліцу ці фарбаваць агароджу, то ўсвядоміць, што зрабіла, і больш не будзе жартаваць з законам, — канстатуе Таццяна Іванова.

Пра тое, што трэба асцярожна рабіць пакупкі ў інтэрнэце, нагадвае і памочнік пракурора Марыя Івуціна:

— Быў выпадак, калі 21-гадовы магіляўчанін у адной з сацыяльных сетак «адкрыў» краму, размясціў там фота адзення і пачаў гандляваць. Пакупнікі перасылалі грошы на яго банкаўскую картку, а вось тавар так дачакацца і не змаглі. У адказ на іх прэтэнзіі малады чалавек выдаліў сваю старонку. Але міліцыі няцяжка было знайсці яго. Ахвярамі махляра сталі пяць чалавек. Малады чалавек атрымаў судзімасць, а таксама штраф у памеры 40 базавых велічынь, які прыйшлося кампенсаваць яго бацькам.

Давярай, але правярай

Купляйце тавар толькі ў надзейных інтэрнэт-крамах. Пры яго атрыманні здымайце працэс распакоўкі на відэа. Так вы зможаце даказаць, што тавар першапачаткова быў няякасны або не адпавядаў запыту. Пры набыцці рэчаў, якія былі ў карыстанні, загадзя абгаварыце з прадаўцом выхад з сітуацыі на той выпадак, калі будуць знойдзены дэфекты. І заўсёды захоўвайце магчымасць вяртання тавару, калі ён вам не падышоў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Бізнес на даверлівасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.

Эканоміка

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Пра новаўвядзенні, якія дэпутаты мусяць разгледзець на вясновай сесіі.