Вы тут

Савілаў папрасіў прабачэння за выступленне «Дынама» і зборнай


Генадзь Савілаў расказаў пра першыя сто дзён сваёй работы на чале Беларускай федэрацыі хакея.

«Я хацеў бы папрасіць прабачэння ва ўсіх беларускіх балельшчыкаў за выступленне мінскага «Дынама» і зборнай краіны на апошнім чэмпіянаце свету, — сказаў Генадзь Генадзевіч напачатку. — Ад імя кіраўніцтва федэрацыі, адміністрацыі, трэнераў. Хтосьці можа далучыцца да мяне, хтосьці — не. Напэўна, мы ўсе вінаватыя ў тым, што так расчароўваем нашага балельшчыка. Паверце, мы спрабуем выправіць сітуацыю. Сапраўды, нікога не цікавіць, хто вінаваты ў гэтых агрэхах, усе хочуць бачыць змяненні і спыненне гэтага некантралюемага падзення», — запэўніў кіраўнік федэрацыі.


Пра «Дынама»

Большая частка размовы датычылася беларускага прадстаўніка ў Кантынентальнай хакейнай лізе, жахлівай гульні «Дынама» і наспелай змены ў кіраўніцтве клуба. Раней ужо гаварылася пра тое, што федэрацыі і «Дынама» неабходна новая форма супрацоўніцтва. «Цяпер распрацоўваецца план зліцця федэрацыі хакея і мінскага «Дынама», гэта рабочы план, які будзе накіраваны на тое, каб у хакеі ў нас было адзінства кіраўніцтва, каб грамадскасць, кіраўнікі, балельшчыкі ведалі, з каго спытаць за вынікі, — расказвае Генадзь Савілаў. — Спадзяёмся, што заканчэнне працэсу зліцця будзе дзесьці ў канцы лютага наступнага года». Верагодна, тады і будуць агучаны яго падрабязнасці.

Нагадаем, у панядзелак стала вядома аб змене кіраўніцтва ў хакейным «Дынама», пасаду генеральнага дырэктара клуба пакінуў Анатоль Курылец. Як адзначыў Генадзь Савілаў, трэба спадзявацца, гэты крок не стаў запозненым. «Кола кандыдатаў на гэты пост не вельмі шырокае, але больш правільна будзе, калі грамадскасць даведаецца пра імя новага гендырэктара з вуснаў кіраўніка назіральнага савета «Дынама», а не ад мяне». Таксама старшыня федэрацыі паведаміў аб тым, што і ў трэнерскім штабе «зуброў» чакаюцца карэкціроўкі. «Яны ўжо прагаворваюцца, вядома, цярпець далей такое, мякка кажучы, бязладдзе не хочацца», — падкрэсліў Генадзь Савілаў.

Пра зборную

Кіраўнік адзначыў, што ён прыхільнік стратэгічных задач. «Не варта рабіць трагедыю з таго, што наша зборная вылецела з эліты, гэта адбывалася і раней, паступова мы туды вярталіся. Трагедыя — гэта калі ў такой краіне, як Беларусь, з хакейнай гісторыяй, можа, не такой яркай, як у Канадзе, але ўсё роўна з гісторыяй, на працягу многіх гадоў няма ніводнага высакакласнага хакеіста. Не бачу сэнсу ў тым, каб канцэнтравацца на імгненным выніку на чэмпіянаце свету ў Казахстане; што гэта нам дасць, калі наступныя чатыры чэмпіянаты мы правалім? Хоць, вядома, калі не трапім у эліту пасля чэмпіянату ў 2019 годзе, гэта будзе ўспрынята негатыўна балельшчыкамі, скароціць ці знішчыць крэдыт даверу да хакейнага кіраўніцтва, у тым ліку і да мяне. Поспех ці няўдача каманды ў Казахстане не вырашыць галоўнай задачы — падрыхтоўкі якаснага рэзерву ў аб'ёмах, якія патрабуюцца нацыянальнай камандзе».

Праблемы тыя ж

Кіраўнік федэрацыі адзначыў, што за тры месяцы яго работы праблемы не пашырыліся і не паглыбіліся. «Шмат у каго ёсць шчырая вера ў тое, што трэба ад 7-8-гадовых дзяцей дамагацца тых жа матывацыйных установак, якія дапамагаюць дарослым людзям дамагчыся поспеху. Ад гэтага мы пажынаем плады з году ў год, у 11—12 гадоў на турнірах ва ўсім свеце беларусы з буйным лікам перамагаюць шведаў, канадцаў, амерыканцаў, фінаў, а праз пяць гадоў, да выхаду з хакейных школ, мы ім ужо саступаем. Наша асноўная задача цяпер заклікаць спецыялістаў да агульнасусветнага вопыту ў трэнерстве, да іншага падыходу ў рабоце з дзецьмі». Генадзь Савілаў адзначыў, што ўжо многія адгукнуліся на гэты заклік і пачалі рухацца ў патрэбным напрамку. «На наш погляд трэба прыбраць залішнюю спецыялізацыю ў дзіцячым хакеі і сканцэнтраваць дзіцячых трэнераў і бацькоў на тым, што хакей гэта не проста канькі, лёд і клюшка. Гэта яшчэ і тэнісны мячык, бадмінтонная ракетка, дроцікі, кулькі і гэтак далей».

Дар'я Лабажэвіч

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.