Вы тут

Шэрлак Холмс як цукерка – ёсць на любы густ


Шэрлак Холмс як цукерка – ёсць на любы густ

Ці ведаеце вы, які герой сусветнай мастацкай літаратуры атрымаў рэкордную колькасць экранных увасабленняў? Нават калі не, вы лёгка маглі здагадацца: гэта Шэрлак Холмс - персанаж з серыі дэтэктыўных апавяданняў і аповесцеў за аўтарствам сэра Артура Конана Дойла. Першая кінаадаптацыя з'явіліся аж у 1900-м годзе, і з таго часу іх колькасць пераваліла за дзвесце. У сусветных маштабах – проста шалёная папулярнасць, і нядзіўна: дэтэктывы пра Шэрлака Холмса былі адной з першых з'яў масавай культуры, якія не толькі сталі  папулярнымі на радзіме, але і разышліся па ўсім свеце. Экранізацый не проста шмат – яны яшчэ і вельмі разнастайныя геаграфічна. І каб вы не згубіліся, мы зрабілі невялікі гайд па самых вядомых экранізацыях: паспрабуем асэнсаваць шлях, які прайшоў персанаж за сто з лішнім гадоў.

Пачаць варта з «залатой класікі», вось толькі тут невялікая загваздка: у кожнай буйной краіны, якая стварала экранізацыі, свая «класіка». У Брытаніі і ЗША розныя серыялы лічуцца культавымі, знакавымі і проста «першымі ўдалымі спробамі паказаць прыгоды Шэрлака Холмса на экране», не кажучы ўжо пра СССР. Дык вось, раз ужо мы з вамі знаходзімся на постсавецкай прасторы, то наша з вамі «класіка» – гэта серыя фільмаў пра Шэрлака Холмса і доктара Ватсана з выдатным Васілём Ліванавым у галоўнай ролі.

Усяго выйшла пяць серый (з 1980 па 1986), плюс, у пачатку нулявых здымачная група не ўтрымалася ад спакусы і скляпала настальгічны серыял «Успаміны пра Шэрлака Холмса», але гэта ўжо іншая, сумная гісторыя для знатакоў. Чаму арыгінальны серыял стаў класікай і заслугоўвае увагі? Таму што гэта даволі дакладная экранізацыя, хай і з агаворкай «створана па матывах». Лаканічная ў пэўным сэнсе: тут нічога, акрамя заблытаных злачынстваў і інтэлігентнага станістага дэтэктыва, які элегантна гэтыя злачынствы раскрывае, і за чыім ходам думак цікава назіраць. У гэтым і заключаецца «класічнасць»: у дакладнасці вобраза і ва ўплыве ў свой час на сваёй прасторы. Савецкі Холмс быў неверагодна папулярны і любімы, ды і да гэтага часу ў яго нямала аматараў. Тое ж самае можна сказаць, напрыклад, і пра брытанскую класіку з Джэрэмі Брэтам у галоўнай ролі, што робіць бессэнсоўным спрэчкі на тэму «якая экранізацыя лепей?».

Вышэй не выпадкова адзначаліся дакладнасць і лаканічнасць класічных экранізацый. Справа ў тым, што Шэрлак Холмс, апроч усяго, адным з першых абзавёўся актыўным фандомам літаральна ў сучасным разуменні. Гэты фандом актыўна пісаў і выдаваў фанацкія гісторыі, і умудраўся дзейнічаць аўтару на нервы (і нават даканаў крыкамі «дай працяг, пішы естчо» і прымусіў-такі вярнуцца да гэтай гісторыі). Таму не дзіўна, што экранізацыі фантворчасці і вольныя фантазіі на тэму сталі здымацца амаль адначасова з «кананічнымі». Так Шэрлак Холмс паспеў пастарэць, памаладзець, ажаніцца, пабываць у мінулым і будучыні, апынуцца падстаўным акцёрам, пабываць жанчынай... Акрамя гэтага, у апошні час стала модным дэканструяваць геніяльнасць персанажа, і дадаваць «псіхалагізму» ў вобраз. Часам гэта атрымліваецца цікава, часам не вельмі, але тэндэнцыя агулам такая: пакутуе ад гэтага дэтэктыўны складнік.

Выдатны прыклад – серыял «Шэрлак» ад BBC, які выходзіў з 2010 па 2017. Дзеянне перанесена ў ўмоўны «наш час», але застаецца даволі цесна звязана з першакрыніцай (напрыклад, амерыканскі серыял «Элементарна», які таксама прапануе сучасную трактоўку, значна менш адарваны ад рэальнасці і прапануе больш сур'ёзныя змены ў адлюстраванні персанажаў і сітуацый, чым «зараз у Шэрлака Холмса ёсць смартфон, а доктар Ватсан стаў блогерам»). І ў выніку «Шэрлак» – гэта гісторыя ў першую чаргу пра здабыццё сям'і і разважанне, што мы сям'ёй называем, пра псіхалагічныя праблемы і жыццё з імі ў сучасным свеце, а дэтэктыўны складнік пры гэтым дзесьці на задворках.

Серыял атрымаў шмат крытыкі па-за таго, што мясцовы Шэрлак дзейнічае нелагічна і хаатычна, беручы разгадкі злачынстваў літаральна са столі, але на самой справе гэта не мае асаблівага значэння. Ён выглядае пры гэтым пераканаўча – і выдатна, большага не трэба, бо серыял не пра злачынствы і дэдукцыю. Справа ў тым, што за сто з лішнім гадоў з'явілася проста бясконцая колькасць дэтэктыўных раманаў, серыялаў, відэагульняў, у тым ліку і даволі добрых, дасціпных і г.д., – і каб сярод іх не згубіцца, сучаснаму Шэрлаку Холмсу трэба прапанаваць гледачу штосці большае, чым проста добры дэтэктыў.

Напрыклад, стаць асновай для аб'яднання людзей па ўсім свеце. Мала таго, што гэты серыял «глядзелі ўсё» на Захадзе – да 2013 годзе яго паглядзелі амаль усе і ў нас, і разам з усім светам напружана чакалі трэцяга сезона. А дачакаўшыся, глядзелі яго – разам, і абмяркоўвалі – таксама разам. Неверагоднае для таго часу адчуванне датычнасці з усім светам, якое ўжо цяпер, праз некалькі год, здаецца чымсьці звычайным.

Шэрлак Холмс ўсё яшчэ можа выклікаць пачуццё датычнасці – напрыклад, асцярогай, што анансаваная трэцяя частка «Шэрлака Холмса» ад Гая Рычы апынецца яшчэ горш за другую. Вось гэтыя фільмы –  гэта поўны адрыў ад канону, поўная дэканструкцыя сутнасці персанажа. Каму ў здаровым розуме магло прыйсці ў галаву, што Роберт Даўні-малодшы –  гэта выдатны кандыдат на ролю чапурыстага станістага дэтэктыва? Навошта наогул выварочваць гісторыю ў крымінальны баявік, з фірмовым рычаўскім мантажом і мясарубкай дасціпных дыялогаў?

Аднак, невытлумачальным спосабам дэканструкцыя працуе. Працуе настолькі, што ў шматлікіх людзей Шэрлак Холмс зараз асацыюецца больш з Жалезным чалавекам, чым з брытанскім інтэлектуалам. Магчыма, гэта не вельмі добра для першакрыніцы. Але, безумоўна, цікава для агульнасусветнай культуры. Паглядзім, што стане з Шэрлакам Холмсам яшчэ праз сто экранізацый.

Марыя СВІСТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.