Вы тут

Пах zzzгубіўся


Пах zzzгубіўся

Яна ціха і пільна стала абнюхваць усю маю руку, палец за пальцам, даследуючы кожную фалангу, як новую планету. Копа ўдыхала цёплы кісларод, але выдыхала гарачы вуглякіслы газ наўзамен. Адбывалася гэта так інтэнсіўна, што мне здавалася: я растаю і замярзаю паперамен­на. Гэта як прызямліцца седаўкай на лёд: холадна, але весела. Да пары да часу.
Але самае галоўнае было тое, што вусамі і вільготным носам яна казытала дробны пушок на пальцах, а мне хацелася смяяцца ў голас — так гэта было невыносна. Яна ж толькі сапла, ага­ляючы іклы, і хутка рухала сваёй рудаватай піпачкай-носам, як трус, уверх–уніз.
Вольнай правай рукой я пацягнулася, каб размяшаць цукар у гранёнай шклянцы з гарбатай і перастаць думаць пра казытанне.
Гэтак жа нечакана Копа адвяла пысу ад рукі, гледзячы на мяне сваімі міндалінамі–вачыма колеру пясчаных выдмаў і, коратка мяўкнуўшы, махнула хвастом у процілеглым напрамку, схаваўшыся пад крэслам.
«Спачатку лашчаць, як прынцэсу, а пасля цураюцца, як жабрачкі...»
На хвіліну я задумалася. Раптам успомніла пра гарбату і павярнулася, а лыжка ў маіх паль­цах па–ранейшаму рытмічна пабразгвала аб шклянку. Копа стаілася ў злавеснай цемры пад крэслам, а я ніяк не магла зразумець, чаму цукар, нарэшце, не можа растварыцца?
— Мр–а–аў! — сказала паласатая істота. Вочы яе — дзве бліскучыя зоркі — асляпілі мяне.
— І чаго? — спытала я ў адказ, жмурачыся.
Копа высунулася толькі напалову і коратка павяла вушамі ў бок пустой міскі.
— Што–што? — няўцямна глядзела на яе я.
— М–м–мр, — сказала яна вантробна і ўся выгнулася, паспешліва кідаючы хвост то ўлева, то ўправа, быццам гімнастка — стужку.
— Нічога не ведаю, — сказала я прымірэнча. — Вас ужо частавалі.
Яна падміргнула мне абодвума вачыма, але я ўсё роўна адвярнулася ў цвёрдым намеры за­хаваць сваю стойкасць. Бо карміць яе ўжо не было чым.
Пад столлю вакол лямпачкі без абажура шалёна насіўся начны матылёк. «Як па гадзіннай стрэлцы».
Копу такая жыўнасць у хаце не цікавіла, таму неяк хутка і я страціла да яе цікавасць. «Хм, а можа, такі аповед напісаць: "Бег па гадзіннай стрэлцы"?.. Не, глупства. Хаця, калі распрацаваць сюжэт і вывесці цікавага героя, апісаць яго цяжкі шлях да ісціны і іншае, то можа спрацаваць».
— А, Копа? — я кінула сваю думку наўздагон безуважнай котцы, якая збягала з пакоя. — Ну і... Эх, згодная, назва ідыёцкая. І, па сутнасці, пра што пісаць? Пра бег, пра гадзіннік, пра стрэлку? Ды і сучасны чытач наўрад ці ацэніць. Людзям цяпер не кніжкі важныя, а пінжакі малінавыя... Можа, лепш так? — і мігатлівы экран ПК, што паўхвіліны назад нагадваў маленькае вакно ў светлае Нікуды, цяпер пачаў разбаўляцца шэрай вяззю дробных літар «Блокнота».
«Яна...» — пачала была я. І праз хвіліну: «...ціха і пільна стала абнюхваць усю маю руку, палец за пальцам, даследуючы кожную фалангу, як новую планету».
Пальцы забегалі па клавіятуры. Словы выляталі кулямётнай чаргой, і вельмі хутка белы ліст запоўніўся шэрагамі раскіданых літар. Мне здавалася, што гэта лёгкі занятак — пісаць, — тое адзінае сапраўднае, што я магла шчасліва і бескарысна рабіць у гэтым жыцці для людзей.
Не гандляваць кветкамі каля пераходу, не прадаваць у кіёсках снікерсы і пэпсі, не расклей­ваць аб’явы і не кіраваць прыватнай фірмай, а менавіта бесклапотна пісаць, вось так, лёгка чыркаючы віртуальным пяром «Pentium–90». А калі пісьменніцтва выходзіла такім забаўным і нетрывыяльным, то, магчыма, я выбрала правільны шлях. Бо самы правільны шлях — гэта шлях пачуцця, за якім заўсёды лёгка і прыемна ісці.
Так казаў адзін чарадзей з ксеракопіі ксеракопіі ксеракопіі замежнай кнігі, якую дастаў мой добры калега ў выдавецтве. Забароненасць надавала самвыдату нейкую адчувальную важ­касць, як быццам табе адкрывалася нешта сапраўднае, нешта поўнае містыкі і таямніц — як само жыццё — нешта, даступнае толькі абраным.
Я хацела быць часткай гэтай загадкі. Я хацела гэтак жа пісаць.
Калі першая глава аповеду была гатовая і я ў думках падбірала словы для пачатку новага абзаца, экран рэзка патух і кнопка «вкл» згасла, быццам у гульні скончыліся ўсе жыцці і я не мела нават права на перазагрузку. Канчатковы GAME OVER.
Я захвалявалася: «Э–э–э, а што з аповедам? Няўжо нічога не захаваецца?! Шкада... Дзяўбаная жалязяка!»
«Хаця не, пачакайце. Зусім не шкада. Я ж магу напісаць яшчэ, і нават лепш. Усё засталося са мной — у галаве».
Тут з–за дзвярэй паказалася Копа, раптам спыніўшыся на паўдарозе. Яна ўтаропіла ў мяне свае іскрыстыя вочы, прыкінуўшыся, што ўбачыла першы раз у жыцці. Неяк занадта агрэсіўна Копа падняла свой хвост амаль вертыкальна, выгнула спіну і замерла, распушыўшы поўсць так, што стала падобная да хатняй версіі снежнага барса. Зрэнкі яе неймаверна расшырыліся, пафарбаваўшы вочы чарнатой лістападаўскага вечара.
— Ты чаго? — амаль нема спытала я.
Без маёй дапамогі працэсар уключыўся зноў, зарабіў вентылятар. У разгубленасці я пагля- дзела на экран, белы экран у адказ — на мяне. Раптам я адчула, што ў кватэры нехта ёсць.

* * *

Раптам я адчуў, што ў кватэры нехта ёсць. Акрамя мяне і Лізы. Яна прыбегла да мяне ў па­кой, калі я збіраў свае намёткі для артыкула перад тым, як засесці за працу. Паглядзела на мяне дзікімі вачыма і ці то жаласна, ці то вінавата мяўкнула.
Пару хвілін таму я чуў нейкі звон — быццам грукат аб шкло, але падумаў, што мне падало­ся. Недаверлівасць у маленькай кватэры знікла пасля доўгіх гадоў адзінокага сужыцця з кот­кай. Ну, гукі, ну, незвычайныя — ці мала што. Можа, галінка шкрабецца аб вакно, можа, мэбля дваццацігадовай даўніны рыпае, як незадаволеная старуха, можа, сусед хоча скрасці тапкі з калідора. Можа, можа… а можа і не.
Але Ліза ніколі (ніколі!) не прыбягала да мяне такая.
— Што здарылася? — насцярожана спытаў я. Яна зноў мяўкнула–прапішчала і, хутка развярнуўшыся, знікла ў дзвярным праёме.
«Не–е–е», — падумаў я. І праз хвіліну ўсё–ткі вырашыў прасачыць за ёй.
Сэрца чамусьці нервова ёкнула, я адчуў, як скроні пакрываюцца дробным ліпкім потам. Рэз­ка ўварваўшыся ў рабочы кабінет, каб не было так страшна, я заспеў Лізу ў «абарончай» позе: яна фыркала ў незразумелым кірунку. Мая шклянка з гарбатай усё гэтак жа стаяла на стале, каля яго з мяккім святлом у рэжыме чакання працаваў макбук.
— І што за ложная трывога, Лізавета?
— Фрш–ш–ш, — не супакойвалася яна, гледзячы, хутчэй за ўсё, на крэсла. Але я нічога не ўбачыў. Нават прыўзняў накідку для пераканаўчасці.
— Лізка — трусік, матай на вусік, — засмяяўся я і, расставіўшы рукі, як раз’юшаны мя- дзведзь, пайшоў, касалапа і фыркаючы, у бок Лізы. Яна доўга не хацела здаваць пазіцыі і неяк дзіўна глядзела скрозь мяне. Але праз імгненне іракез на спіне апаў і яна, перавёўшы зрэнкі на мой твар, здзіўлена міргнула вачыма, куляй схаваўшыся ў іншым пакоі.
— Бач, жанчыны, — з уздыхам сказаў я сам сабе і збянтэжана плюхнуўся ў крэсла. Яно было на здзіўленне цёплае.
У сувязі з усім гэтым Лізіным пазёрствам ува мне прачнуўся гуллівы настрой, пужацца было няма чаго. Ні паранармальнасцей, ні рабаўнікоў, ні НЛА. Толькі самога сябе.
«Артыкул можа пачакаць, тым больш, што натхненне ў гэты дом трапляе так рэдка». Я павадзіў пальцам па тачпадзе, і працоўнае вакно аднавілася. Белы ліст «Блакнота» ўжо зусім не палохаў, і крыху па–дзіцячы я надрукаваў па цэнтры «Пах...».
У гэты ж момант ноўтбук багнуўся, пераключыўшыся з беларускай раскладкі на англійскую. Палец левай рукі саслізнуў на клавішу з літарай «я» пры спробе вярнуць мову. І атрымалася «zzz».
«Пах zzz».
«З-з-заснуў», — падумаў я. «Не. З-з-згубіўся».
«Але чый пах?» — тут жа спытаў я незразумела каго. «Відавочна: героя», — адказаў я сам сабе.
«Але хто герой?»
«Ах, герой!»
Хай тады будзе: «Яна...»
І праз хвіліну: «...ціха і пільна стала абнюхваць усю маю руку, палец за пальцам, даследуючы кожную фалангу, як новую планету».

Юлія ДУБОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.