Вы тут

Помніш, як тады?


Па сацыяльных сетках яшчэ дагэтуль гуляе рэха стыхійнага настальгічнага флэшмобу, прысвечанага 90-м гадам ужо мінулага стагоддзя. Розныя людзі выкладваюць здымкі — каляровыя і чорна-белыя, зробленыя на «стужку» альбо палароідныя, якія так ці інакш нясуць у сабе адбітак эпохі. У кагосьці — гэта ўспаміны пра піянерскія летнікі, у кагосьці — пра заводскія прахадныя ці лабараторыі НДІ, на здымках — модныя ласіны і спадніцы-«ламбады», спартыўныя касцюмы «Adіdas» і дзявочыя чубчыкі, пастаўленыя дыбкі з дапамогай цукру з вадой (бо лак для валасоў быў далёка не ўсім па кішэні), яркія пакеты з кідкімі фота і надпіскамі, постары замежных выканаўцаў і аўдыякасеты з рэдкімі аўдыязапісамі, якія дзеля эканоміі перамотвалі з дапамогай алоўка ці шарыкавай ручкі, дыскеты 3,5, пэйджары і розная іншая, «прасунутая» на той час, тэхніка... Самай маладой з удзельнікаў флэшмобу — прынамсі, каго ведаю асабіста я — у 1990-м быў усяго год, але і яна прызналася, што, разглядаючы зробленыя ў дзіцячым садку фота 25-гадовай даўніны, адчувае пэўную настальгію. І хоць пазней гэты элегічны экскурс у мінулае жыццё некаторыя даследчыкі медыйнай сферы назвалі «зрэжысіраванай прапагандысцкай акцыяй, закліканай абяліць «цяжкія 90-я», большасці ўдзельнікаў, мяркуючы па водгуках, было прыемна ўспомніць уласнае дзяцінства і юнацтва або маладосць бацькоў.

Насамрэч, настальгія па тым, якая раней была зелянейшая трава, — з'ява вечная, якая, напэўна, не залежыць ад краіны і эпохі. І хоць тэрмін «настальгія» швейцарскі ўрач Іаган Хофер увёў у карыстанне толькі ў 1688 годзе, але пачуццё суму па бацькоўскім доме, па далёкай радзіме, па страчаных сябрах, па ўчарашнім часе наогул вядомае са старажытных часоў (успомнім гамераўскага Адысея). І ведаеце што? Калі напачатку настальгію лічылі літаральна хваробай і сімптомам сур'ёзнага разладу, то потым псіхолагі прыйшлі да высновы, што настальгія... карысная. Бо гэта яна ратуе нас ад самоты і дазваляе адаптавацца ў складаных умовах, робіць больш гасціннымі і цярпімымі да іншаземцаў. Спецыялісты сцвярджаюць, што агульныя ўспаміны — безумоўна, гаворка пра пазітыўныя — мацней звязваюць сямейныя пары. І нават горкі смак незваротнай страты, сум па мінулым дапамагае натхнёна жыць у бягучым часе, цаніць тое, што маеш, і з верай у лепшае глядзець у будучыню. Словам, «успомніла бабка, як дзеўкай была» — гэта не смешна і не сорамна, а цікава і карысна.

Так што, жывучы сёння, тут і цяпер, імкліва бегучы за птушкай шчасця заўтрашняга дня, час ад часу прыпыняйцеся, каб азірнуцца назад, успомніць свае карані і карэньчыкі, дзядоў і прадзедаў, «капнуць» мінулае так глыбока, як толькі зможаце. Клубок памяці — бясцэнная штука, і не толькі напярэдадні свята Дзядоў, а наогул. Успамінаючы цёмныя палосы, мы імкнёмся прыкласці ўсе намаганні, каб падобнае не паўтарылася наноў, перабіраючы светлыя, — адчуваем натхненне жыць. І зусім не важна, што паслужыць для гэтага штуршком: фотапрывітанне з 90-х або 60-х, дзядулевы «тэхнічныя дыназаўры» на гарышчы ці маміна вясельная сукенка з далёкага кутка шафы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.