Вы тут

На Магілёўшчыне памятаюць народныя традыцыі


Абрады, традыцыі, звычаі — адметныя рысы кожнага народа, неад'емны складнік яго духоўнай культуры. Менавіта яны адлюстроўваюць народную душу, надаюць непаўторнасць, умацоўваюць сувязь пакаленняў. А гістарычныя звычаі беларусаў, бясспрэчна, унікальныя.


Нараджэнне дзіцяці — велізарная радасць у жыцці кожнага з бацькоў. Абрад хрышчэння дзяцей — гэта асаблівая падзея, да якой трэба рыхтавацца пэўным чынам.

У Ціманаўскім сельскім доме культуры на Магілёўшчыне памятаюць народныя традыцыі і адраджаюць народныя абрады. Абрад хрышчэння дзіцяці, характэрны для гэтай мясцовасці, адноўлены работнікамі культуры дзякуючы ўспамінам старажылаў. (Рэканструкцыю першага купання і хрышчэння прадэманстравалі для жыхароў аграгарадка сёлета ў канцы жніўня.)

— Пра абрад хрышчэння дзіцяці мы даведаліся са слоў Марыі Цыкуновой, — кажа загадчыца Ціманаўскага СДК Таццяна Пікун. — Падчас фальклорнай экспедыцыі запісалі ў 75-гадовай Марыі Нічыпараўны не толькі пэўныя факты, але і абрадныя песні.

— Пры першым купанні немаўляці бабка абавязкова кідала ў ваду хлеб, соль, збожжа і сярэбраную манетку, — тлумачыць мастацкі кіраўнік Людміла Брэдзіхіна, якая выконвала ролю бабкі. — Гэта сімвалізуе, што дзіця будзе расці здаровым і ў дастатку.

Перад хрышчэннем бабуля выносіць дзіця да кумы і кажа: «Бярыце народжанае, а прынясіце нам хрышчонае». Пасля таго, як усе члены сям'і бласлаўляюць дзіця, кумы адпраўляюцца ў царкву. Бацькі па традыцыі застаюцца дома.

Згодна з павер'ем, у былыя часы, калі хросныя бацькі адпраўляліся ў царкву, гаспадар запрашаў сваякоў і суседзяў на маючую адбыцца ўрачыстасць. На стол у асноўным падавалі мучныя вырабы: бліны, пірог з пшанічнай мукі, розныя перапечкі, піражкі. Некаторыя госці прыносілі аладкі ў хустачцы.

Дачакаўшыся з царквы хросных бацькоў з дзіцем, усе дарослыя садзіліся за святочны стол. Елі абрадавую кашу і адорвалі немаўляці падарункамі.

Вакол кашы, дарэчы, разгарнуўся цэлы спектакль. Яе выкуплялі, а затым кожнаму госцю давалі пакаштаваць. З'еўшы лыжку, яны клалі ў яе манету і казалі пажаданні.

— Як жа цікава заўважаць, што многія традыцыі жывыя, па-ранейшаму перадаюцца ад пакалення да пакалення, ад бацькі — сыну, ад маці — дачцэ, — сказала адна з прысутных, Ганна Кірпічэнка, якая прыйшла ў клуб паглядзець на работу аднавяскоўцаў.

Дар'я ЭВЕРС

Фота Надзеі САБІРАВАЙ

Загаловак у газеце: Адноўлены абрад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».