Вы тут

Юлія Быкава і Яўген Алейнік — пра творчасць, побыт, выхаванне


Урач і эканаміст, спявачка і кампазітар, паэтка, якая з аднолькавым імпэтам піша на рускай, беларускай, англійскай, французскай і іншых мовах, і музыкант, якога смела можна назваць чалавекам-аркестрам, бо ён іграе на гітары, баяне, клавішных... А яшчэ яны — бацькі дваіх сыноў, музычны гурт «Аўра» і аўтары больш чым 300 песень, якія гучаць у розных краінах свету. І, мабыць, адна з самых трывалых сямейных пар беларускай сцэны.


Юлія Быкава і Яўген Алейнік ужо 13 гадоў як утвараюць сямейны і творчы дуэт. «Гэта калі лічыць афіцыйна, з рэгістрацыі шлюбу ў загсе, — удакладняе Юлія. — Насамрэч мы разам з 1999 года — страшна сказаць, хутка 20 гадоў будзе!».

Пра час і сямейны лад

— Існуе стэрэатып, што дзвюм творчым асобам цяжка ўжывацца ў межах адной сям'і...

— І гэта чыстая праўда, — смяецца Юлія. — Літаральна днямі быў чарговы скандал — не сышліся ў меркаваннях наконт новага кліпа. Мне катэгарычна не падабалася, як я выглядаю, а Жэня быў упэўнены, што без гэтага кадра поўная карцінка не складзецца, хоць трэсні. У нас насамрэч часта «гарыць і іскрыць», але толькі на творчай глебе, у тым, што датычыцца працы. У бытавых пытаннях сварымся надзвычай рэдка, але і тады стараемся не трымаць крыўду ў сабе. На мой погляд, калі людзі не вырашаюць канфлікт адразу, а трымаюць крыўды ўнутры, гэта можа выліцца ў няправільныя наступствы, таму, мне здаецца, што ў сямейным жыцці як нідзе важна ўмець гаварыць і дамаўляцца. У нас так: хто лічыць, што ён не мае рацыі, той і пачынае прымірэнчы працэс. Але з узростам усё часцей пагаджаюся з псіхолагамі, што ініцыятыва тут мусіць зыходзіць ад жанчыны. Хоць у мяне самой перад вачыма не было прыкладу, як трэба сварыцца і мірыцца, і Жэня таксама рос у няпоўнай сям'і, і мы абодва прызвычаіліся адстойваць свае перакананні, але разумеем, што часам трэба ісці на кампраміс — калі ты ўзважваеш усе плюсы і мінусы вашых адносін, і плюсоў значна больш — значыць, можна і ахвяраваць нейкімі ўласнымі «я хачу». Мне здаецца, што большасць трывалых сем'яў якраз на гэтым і стаіць — мае бабуля з дзядулем пражылі разам больш як 50 гадоў, і якая б вайна паміж імі не разгортвалася, у выніку ўсё адно адзін аднаму даравалі...

Зазвычай лета ў артыстаў — гарачая пара, але і тут сям выпрацавала сваю стратэгію: як правіла, у жніўні ўсе вялікія фестывалі ўжо завяршаюцца, і выпадае досыць вольнага часу, каб разам з дзецьмі зладзіць сабе канікулы. Напрыклад, сёлета ў поўным складзе з'ездзілі ў адзін з санаторыяў пад Мінскам. «І хоць словазлучэнне «адпачынак з дзецьмі» для нас гучыць як аксюмаран, тут усё атрымалася найлепшым чынам: мы і змянілі абстаноўку, і паралельна вырашалі нейкія рабочыя пытанні».

— Пра пары са стажам ходзіць мноства анекдотаў: хто першы забыўся на важную дату — гадавіну заручынаў ці вяселля, народзіны цешчы і г. д. У вас хто адказвае за сямейны летапіс?

Я.: Мы не надаём празмернага значэння датам. Калі ёсць час і магчымасць, з задавальненнем арганізуем сяброўскую вечарынку проста так, без нагоды. А калі працуем над важным праектам, то якая б ні была значная і памятная дата, «адсоўваем» яе на потым.

— Сцэна — справа, якая патрабуе шмат высілкаў і часу, а вы прынцыпова не давяраеце дом і дзяцей чужым людзям. Як тады ўсё паспяваеце?

Ю.: Насілу паспяваем... Вельмі дапамагае мая мама, якая можа пасядзець з унукамі, а калі трэба мне адной на здымкі або некалькі песень у канцэрце выканаць, то Жэня выручае. Нават старэйшы сын Саша можа крыху заняць малога, але адных іх мы, безумоўна, не пакідаем.

— Гэта азначае, абавязкі па доме на «жаночыя» і «мужчынскія» не падзяляеце?

Ю.: Дзякаваць богу, мы ўжо доўгі час разам, і прыйшлі да простай высновы: у каго ёсць час і магчымасць, той і зробіць неабходнае — прыбярэ, прыгатуе і г. д. Жэню без пытанняў можна пакінуць з малымі, якіх ён і зойме, і спаць пакладзе, і пакорміць. Больш за тое, ён вельмі любіць гатаваць што-небудзь гэткае, няпростае — напрыклад, запякае ў духоўцы, а таксама заўжды гатуе на вялікую кампанію. А я, наадварот, не люблю духоўку, з ёй трэба доўга «марочыцца», аддаю перавагу смачным і здаровым стравам, а яшчэ адказваю за супы. Далучаем да дамашніх спраў і дзяцей — Вову ўсё гэта проста ў радасць, як новая гульня, а Сашу трэба зацікавіць, заахвоціць нейкімі стымуламі і перспектывамі.

Пра Міханавічы і Кітай

Карысным у сямейным жыцці аказаўся і медыцынскі вопыт Юлі — скончыўшы Мінскі медуніверсітэт, яна працавала па размеркаванні тэрапеўтам у амбулаторыі пасёлка Міханавічы, і наогул дзесяць гадоў заставалася ў прафесіі, пакуль канчаткова не змяніла кірунак на творчы. Нагледзелася, канешне, рознага — «часам кім толькі не даводзілася быць, і афтальмолагам, і ЛОР-урачом, і хірургам, і «хуткай дапамогай», калі трэба, і ў пяць замацаваных вёсак дабірацца на УАЗіку, які добра, калі даедзе да месца, не зламаўшыся...» Дагэтуль з болем успамінае пра вясковых старых, якія засталіся не тое што без дапамогі, а без элементарнага догляду дзяцей і сваякоў... Затое, гаворыць, прайшла добрую загартоўку і прыдбала карысны досвед, які дагэтуль дазваляе сям'і не трапляць у хвалі эпідэмій і хадзіць ва ўчастковую паліклініку, хіба толькі па даведкі і прышчэпкі.

— Мабыць, якраз дзякуючы гэтай загартоўцы вы спакойна адпусцілі мужа на кантрактную работу ў Кітай, калі чакалі малодшага сына Вову?

Ю.: Гэта прапанова, вельмі заманлівая ў сэнсе грошай і перспектыў, паступіла, калі я ўжо была цяжарная, і мы доўга абмяркоўвалі: ехаць — не ехаць? Меркаваўся кантракт наогул на дзесяць гадоў, і вырашылі, калі ўсё атрымаецца, то Жэня нас потым туды забярэ. У Кітаі для работы насамрэч былі выдатныя ўмовы — найбуйнейшы прадзюсарскі цэнтр у Пекіне, мноства міжнародных праектаў, высокая запатрабаванасць... А я тут да апошніх тыдняў цяжарнасці вяла актыўны лад жыцця, а напярэдадні родаў дамовілася, каб старэйшы сын начаваў у свекрыві, каб ён раптам не застаўся адзін. І, дарэчы, так і атрымалася, «хуткую» ў радзільню сабе выклікала ўначы. Прызнацца, я не люблю гнеўныя допісы маладых матуль пра тое, якія ў нас жахлівыя ўмовы ў радзільнях і якія «ўсе медыкі гады» — паколькі я пабывала, так бы мовіць, з абодвух бакоў барыкад і разумею, што ўсе людзі розныя, і пацыенты, і ўрачы, і нельга абагульняць уласны досвед. Прынамсі мне пашанцавала, роды прайшлі добра, і раніцай ужо даслала радасную СМСку мужу. Так што ніякага асаблівага гераізму ў тым, што давялося нараджаць адной, не бачу — проста так склаліся абставіны.

...А потым абставіны склаліся так, што ў Беларусі стала хітом напісаная імі песня «Сінявокая», з якой пачаўся цэлы маштабны праект, і пераезд сам сабой адмяніўся — усяго праз тры месяцы Яўген Алейнік вярнуўся на радзіму.

— Сёлета вы прадставілі слухачам частку вялікага праекта, прысвечанага малой радзіме. Што можаце расказаць сваім дзецям пра малую радзіму, з улікам таго, што вы абодва — мінчане?

Ю.: А мне здаецца, не важна, дзе знаходзіцца твая малая радзіма, важна, што ты да яе адчуваеш. Маё дзяцінства — напрыклад — гэта сталічны мікрараён Серабранка, і ўсё адно, трапляючы на знаёмыя вуліцы, адчуваю, як нешта шчыміць унутры. Таму з задавальненнем паказала Сашу, у якія дзіцячы садок і школу я хадзіла, расказала, што тут было раней і як змяніўся раён — тым больш, на мой погляд, ён стаў нашмат прыгажэйшы.

Пра тых, хто будзе лепшы за нас

Я.: Што ад нас перанялі дзеці? Саша цікавіцца музыкай — але яму даспадобы электронныя трэкі, так што «Аўра» наўрад ці ператворыцца ў сямейнае трыа. Тым не менш Саша бярэ ўрокі ў нашага гітарыста, вывучае замежныя мовы — ён захапляецца анлайн-гульнямі, і англійская неабходная.

Што да Вовы, то гэта «артыст вялікіх і малых тэатраў» — як сцвярджаюць сваякі, вылітая Юля ў дзяцінстве. «Як расказвалі мае мама і бабуля, я спявала бесперапынна, не змаўкаючы — такім чынам завучвала песні, якія гучалі па радыё і тэлевізары (асабліва любіла італьянскую эстраду), каб яны былі заўжды са мной. Цяпер разумею, як было складана беднай маёй маме, калі мы, сям'я вайскоўца, пераехалі ў Хабараўск, а гэта іншы часавы пояс, і мае спевы прыпадалі якраз на ноч. Уласна, каб хоць крыху ўтаймаваць гэту энергію, мяне і аддалі ў вакальны гурток. Воўка песні, праўда, не спявае, але гэтаксама барабаніць нагамі ў дыван і разыгрывае такія акцёрскія сцэнкі, што трэба бачыць. А яшчэ ён адчайны адарвірог, зноў жа, як я ў дзяцінстве і юнацтве».

— Заўжды хацелася спытаць: што спявачкі выконваюць сваім дзецям у якасці калыханкі?

— Як акын, спяваю пра тое, што бачу — прыгадаю знаёмы матыў, і давай на яго «ля-ля», — усміхаецца Юлія. — Аднак на публіку гэта выносіць нельга, бо словы не акадэмічныя — «спі, мая радасць», а з гэткімі прыкольчыкамі, выключна для ўнутрысямейнага ўжытку.

Калыханка ў рэпертуары «Аўры» ўсё ж ёсць — яшчэ для старэйшага сына Яўген запісаў прыгожую інструментальную кампазіцыю, якую перыядычна выконвае на канцэртах.

— Сёння многія бацькі схільныя шмат патрабаваць ад школы, садка. Педагогі ў адказ нагадваюць, што выхаванне і адказнасць за дзяцей пачынаецца ў сям'і. На ваш погляд, што перадусім трэба закласці ў сваіх дзяцей, якія веды ім даць?

Ю.: Я таксама лічу, што сям'я — аснова асноў. І яшчэ з унутрычэраўнага перыяду яна можа навучыць галоўнаму: адносінам да свету ў цэлым, да людзей — блізкіх і наогул. Навучыць, што такое любоў, міласэрнасць, словам, даць тую базу, з якой дзіця пойдзе далей па жыцці. Безумоўна, кожны мусіць сам набіць свае гузакі, колькі разоў ты ім не растлумачыш свой досвед, аднак мусіць быць уяўленне аб тым, што такое добра і што такое дрэнна. Нельга ігнараваць патрэбы свайго дзіцяці — гэта такая памылка, якая ў далейшым можа дорага абысціся, а са свайго боку, варта паспрабаваць навучыць усяму таму, што ведаеш і ўмееш ты сам. Словам, нічога новага я тут не адкрыю.

У Жэні і Юлі ёсць яшчэ адзін верны памочнік — кошка Дуся, якая, па сутнасці, няньчыла і выхоўвала абодвух дзяцей: зусім маленькім дазваляла нават цягаць сябе за хвост, а з узростам усё больш усталёўвала рамкі дазволенага. Таксама Дуся, як сцвярджаюць гаспадары, заўжды ведае, хто пацярпелы бок, а хто завадатар канфлікту — падыходзіць да вінаватага і пачынае сярдзіта мяўкаць.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота з асабістага архіва герояў

Загаловак у газеце: Калыханка ад «Аўры»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.