Вы тут

Як падстрахавацца, плануючы замежнае замужжа


Некалькі гадоў таму ў Мінску адбыўся проста казачны сюжэт: 35-гадовы арабскі прынц прыехаў у нашу краіну на спартыўныя спаборніцтвы. І з першага погляду закахаўся ў 19-гадовую студэнтку Наташу, якая падчас вакацый працавала афіцыянткай у гасцініцы. Літаральна праз дзень прынц зразумеў, што хоча бачыць дзяўчыну сваёй жонкай, праз тыдзень зрабіў прапанову і атрымаў згоду яе бацькоў. І павёз у далёкі Дубай, дзе Наташа стала шэйхай Айшай аль-Саід. Прынц пасяліў маладую жонку ў прыгожым белым палацы з мармуру, асыпаў золатам і каштоўнасцямі, падарыў нават ручнога гепарда. Неўзабаве ў Айшы нарадзілася дачка, якую прынц вельмі песціць...


Напэўна, пра такі паварот уласнага жыцця марылі і мараць многія жанчыны, якія шукаюць сямейнае шчасце з замежнікам. Штогод каля 400 беларусак рэгіструюць шлюб з іншаземцамі. Штосьці яны знаходзяць, але штосьці і страчваюць у такіх стасунках.

Выйсці замуж за мяжу — мара 1990-х, якая нарэшце стала рэальнасцю. Напрыканцы мінулага стагоддзя здарыўся феномен, які ў спецыялістаў атрымаў назву «жаночая шлюбная міграцыя». У тыя гады была зламана праславутая жалезная заслона. Подых вольнага жыцця закружыў галаву, жыхары СНД адкрывалі далёкі свет, і, як ні дзіўна, мы таксама аказаліся цікавыя для замежнікаў. На Захадзе расквітнела мода на «славянскіх» нявест. Сотні нашых суайчынніц сталі з асаблівай увагай чытаць шлюбныя аб'явы, а самыя смелыя нават пасылалі свае фота і запаўнялі карткі шлюбных агенцтваў. Ды і сёння многія працягваюць шукаць сваё каханне і сямейнае шчасце ў замежжы. Навошта нашай жанчыне муж-іншаземец? Сацыёлагі мяркуюць, што такі выбар вымушаны. Спецыялісты склалі спіс прыярытэтаў — якасцяў, якія жанчыны звычайна шукаюць у спадарожніку жыцця. У выбранніка павінна быць жыллё або перспектыва ім абзавесціся ў найбліжэйшай будучыні. Плюс пастаянная работа і стабільны даход. Ён павінен любіць дзяцей. Калі браць чарку, то толькі па святах... Пагадзіцеся, патрабаванні не занадта завышаныя! Аднак адпавядае гэтым патрабаванням толькі адзін з дзесяці айчынных мужчын.
А сярод замежных патэнцыйных жаніхоў — кожны восьмы. Вось такая арыфметыка...

Акрамя таго, замежныя мужчыны лаяльна ставяцца да перспектывы ажаніцца з жанчынай з дзіцем (і нават з двума). Нашых жа мужчын, што і без сацыёлагаў зразумела, перспектыва «карміць чужое дзіця» рэдка натхняе.

Вось і атрымліваецца, што падыходзячага на ролю прыстойнага і адказнага за сям'ю мужа прасцей знайсці за мяжой, чым у суседнім двары. Таму і рынуліся на пошукі «сіняй птушкі» шчасця беларускія прыгажуні за мяжу, калі з'явілася ў іх такая магчымасць.

Геаграфія шлюбаў беларусак багатая: Германія, Польшча, Чэхія, Аўстрыя, Швецыя, Іспанія, Бельгія, Францыя, Ізраіль, арабскія краіны. І многія жывуць з мужамі-іншаземцамі ў каханні і згодзе, шчасліва дзяцей гадуюць. Такія ёсць і сярод маіх знаёмых. Іх мужы аказаліся сапраўды «другой палавінкай», апорай і надзеяй. Што ж, і надалей ім паразумення і дабрабыту!

Аднак зусім не лішнім будзе напомніць, што шлюб з замежнікам, на жаль, можа стаць не толькі шчаслівым білетам у дом з квітнеючым садам і гарантаваць бязбеднае жыццё. Гэта можа быць таксама і зламаны лёс.

Большасць маладых дяўчат вераць у казачны паварот свайго шляху, звяртаючыся ў шлюбныя агенцтвы, службы знаёмстваў, пішучы на шматлікія інтэрнэт-сайты. Толькі вось не заўсёды мары спраўджваюцца.

...Алена праз інтэрнэт-сайт пазнаёмілася з самавітым, паважаным галандцам. Той прапанаваў ёй для пачатку «пробны шлюб», запэўніўшы, што ён прызнаецца гэтак жа, як і аформлены ў мэрыі. Алена прыехала ў Галандыю са сваёй дачкой. Новы муж пасяліў жанчыну ў недабудаваным доме, прапанаваўшы заняцца яго добраўпарадкаваннем — для душы, зразумела, каб не сумаваць. Шчаслівая «маладая» кінулася парадак наводзіць. А ў мужа любімым заняткам сталі бясконцыя падлікі на калькулятары выдаткаў на Алену і яе дачку. Гэтыя выдаткі ні ў якім разе не павінны былі перавысіць адведзенай для гэтага сумы. Ну, а калі Алена завяршыла добраўпарадкаванне ў доме, муж заявіў, што добра было б ёй вярнуцца ў родны Магілёў. Маўляў, там жыць танней, ды і шлюб у іх «пробны», і наогул, калі Алена жадае, то можа нават паспрабаваць жыць з іншым мужчынам...

У мужоў-замежнікаў нават пры афармленнні афіцыйнага шлюбу бываюць «свавольствы» на мяжы прадуманага падману. Напрыклад, аказаць жонцы вялікі давер: зарэгістраваць на яе імя фірму і ўзяць пад гэты праект крэдыт у банку. Грошы «раптам» вярнуць не атрымліваецца, а ў судзе адказнасць па ўсіх пунктах нясе «ўладальніца фірмы».

Калі замежны жаніх невымоўна рады, што ў вас двое-трое дзяцей, і спяшаецца зарэгістраваць афіцыйна шлюб, таксама не варта спяшацца. Хутчэй за ўсё гэты спадар — беспрацоўны. Шлюб дасць яму магчымасць атрымліваць істотную дапамогу на жонку і яе дзяцей. Толькі наўрад ці вы ўбачыце гэтыя грошы...

Хапае ў шлюбнай латарэі з замежнікамі і крымінальных сюжэтаў. Мінчанка Ларыса выйшла замуж у Швецыю. Нарадзіла сына. Але сямейнае жыццё не складвалася. Сваркі і скандалы часам заканчваліся рукапрыкладствам. Ларыса ў адчаі сфатаграфавала сінякі, атрыманыя пасля збіцця мужам, і звярнулася ў паліцыю. Аднак паводле сустрэчнага іску яе абвінавацілі ў спробе «забіць грамадзяніна Швецыі» і абавязалі выплаціць — былому ўжо мужу — салідную грашову кампенсацыю. Зрэшты, сітуацыя тыповая, калі з-за няведання законаў чужой краіны жонкі-іншаземкі не могуць адстаяць свае правы. Іх заявы часта нават да суда не даходзяць.

Тым не менш спецыялісты па сямейных адносінах лічаць, што тэндэнцыя выходзіць замуж за замежнікаў будзе і далей захоўвацца. Чаму? Хоць бы таму, што «родных» беларускіх мужчын на ўсіх нас проста не хапае. У Беларусі толькі ў самай маладой узроставай групе, згодна з данымі статыстыкі, суадносіны жанчын і мужчын прыкладна роўныя. А чым бліжэй да 30 гадоў, тым больш гэты паказчык змяняецца ў бок «прыгожага» полу. У заходніх краінах — наадварот. Напрыклад, у той жа Галандыі на 230 мужчын шлюбнага ўзросту прыпадае ўсяго
159 жанчын. Вось і шукаюць галандскія, а таксама шведскія, аўстрыйскія, нямецкія, а цяпер ужо і кітайскія жаніхі сабе нявестаў за мяжой.

Асабліва схільныя да замежнага замужжа беларускі, якія перажылі развод з прычыны бытавога бескультур'я мужоў, іх прыхільнасці да алкаголю. Перад такімі жанчынамі паўстае дылема: або застацца век векаваць адзінокай на радзіме, або думаць пра ўласнае сямейнае «гняздо» з замежнікам. Такім чынам, у апошнія гады, згодна з вывадамі спецыялістаў, у памкненні з'ехаць «замуж за мяжу» пераважаюць менавіта маральна-псіхалагічныя матывы: сталая жанчына шукае ў спадарожніку жыцця павагі да сабе, жадае бачыць пэўны культурна-бытавы ўзровень.

Але плануючы замежнае замужжа, жанчыне неабходна таксама працаваць над сабой. Ёй варта добра ведаць не толькі замежную мову, але і ўяўляць менталітэт, культуру і законы чужой краіны. Трэба помніць таксама пра сваю нацыянальную годнасць і ні ў якім разе не спяшацца адмаўляцца ад беларускага грамадзянства. У такім выпадку правы жанчыны і яе дзяцей будуць гарантаваны законамі нашай краіны, а юрыдычная і іншая дапамога будзе забяспечаная праз беларускае Міністэрства замежных спраў. Сёння ўсім добра вядомы выпадак са спробай адабраць сына-немаўля ў нашай знакамітай тэнісісткі Вікторыі Азаранкі яе бойфрэндам. Толькі дзякуючы ўдзелу беларускіх юрыстаў пытанне вырашылася на карысць маці, грамадзянкі Беларусі.

Людміла КУСЛІВАЯ

Пра тое, як яшчэ можна падстрахавацца, плануючы замежнае замужжа, і як падрыхтавацца да жыцця ў чужой краіне, можна даведацца са старонак кастрычніцкага нумара часопіса «Алеся».

Загаловак у газеце: Шукаю мужа з замежжа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?