Вы тут

У Беларусі жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту становіцца менш - эксперт


Беларускі саюз жанчын правёў круглы стол па пытаннях павышэння прэстыжу інстытута сям'і і ўмацавання здароўя жанчын. Акрамя членаў гэтай грамадскай арганізацыі, надзённыя праблемы абмеркавалі прадстаўнікі міністэрстваў аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, інфармацыі, а таксама сталічнага і рэгіянальнага цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, грамадскага аб'яднання шматдзетных бацькоў і іншыя.


Намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын (БСЖ), ганаровы прафесар факультэта журналістыкі БДУ Лілія Ананіч паведаміла, што ў Беларусі 5 084 580 жанчын (53 %). У складзе БСЖ іх 130 тысяч.

— Гэта вялікі энергетычны патэнцыял. А ініцыятывы Беларускага саюза жанчын падтрымліваюцца на дзяржаўным узроўні, — падкрэсліла Лілія Ананіч, заклікаўшы ўдзельніц круглага стала да абмеркавання найперш праблемных пытанняў.

Беларуская жанчына: хто яна?

Пра тое, як сёння выглядае сярэднестатыстычная беларуская жанчына і як яна змянілася за чвэрць стагоддзя (з 1992 года), расказала намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Антаніна Морава. Сярэдні ўзрост беларускі — 42,8 года (37,6 у 1992 годзе). Жыць мы сталі даўжэй: працягласць жыцця павялічылася на 3,7 года, прычым у горадзе яна вырасла на 4,2 года, у вёсцы — на 3,6. А вось нараджаць нашы суайчынніцы сталі пазней: першае дзіця — ва ўзросце 26,5 года (на 3,6 года пазней, чым у 1992-м). Адпаведна, у шлюб сённяшняя беларуска ўступае таксама пазней — у 25,8 года (раней у 22,4).

Як сведчыць статыстыка, сярэднестатыстычная беларуская жанчына добра адукаваная і вялікая працаўніца: 37 % беларусак маюць вышэйшую адукацыю і аддаюць працы ў сярэднім 38 гадзін у тыдзень. Апошні паказчык, дарэчы, адзін з самых высокіх у Еўропе. Акрамя занятасці на рабоце, каля 26 гадзін у тыдзень жанчына прысвячае вядзенню хатняй гаспадаркі. Чвэрць гэтага часу ідзе на догляд непаўналетніх дзяцей. Увогуле ў беларускіх жанчын высокая ступень занятасці: 91 % жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, працуюць. Прычым нярэдка сумяшчаюць сям'ю і вядзенне хатняй гаспадаркі з работай на высокай пасадзе: 40 % жанчын-кіраўнікоў маюць непаўналетніх дзяцей. Увогуле ў Беларусі амаль палова (48 %) жанчын-кіраўнікоў, 33 % першых асоб (кіраўнікоў) у розных арганізацыях — прадстаўніцы прыгожай паловы.

На варце здароўя — сучасныя тэхналогіі

— Калі ў жанчыны столькі абавязкаў, ёй проста неабходна мець моцнае здароўе, — працягнула тэму намеснік дырэктара па акушэрстве і гінекалогіі РНПЦ «Маці і дзіця» Святлана Нагібовіч.

Яна засяродзіла ўвагу на праблеме дэмаграфічнай бяспекі і адзначыла, што каэфіцыент нараджальнасці сёння не вельмі радуе. Ён складае (па выніках за 2017 год) 1,54. У той час як дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» прадугледжвае яго на ўзроўні 1,94.

— Больш за палову беларусак нараджаюць паўторна. Аднак не сакрэт, што жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту становіцца менш. І іх варта падтрымаць у нараджэнні другога, трэцяга, чацвёртага дзіцяці, — адзначыла Святлана Нагібовіч.

Міністэрства аховы здароўя, у сваю чаргу, падтрымлівае будучых мам і ў плане асветы. На гэта, у прыватнасці, накіраваны інтэрнэт-праект MаmаРrо.

— Мы разам са спецыялістамі — педыятрамі, неанатолагамі, гінеколагамі, псіхолагамі — выязджаем у кожны рэгіён, запрашаем будучых матуль, навучаем, каб не было страхаў перад мацярынствам. Увогуле ж здароўе будучай маці пачынаецца яшчэ ўнутрывантробна, — падкрэсліла Святлана Нагібовіч.

Яна расказала, што 2/3 цяжарных жанчын маюць экстрагенітальныя паталогіі. Занепакоенасць спецыялістаў выклікаюць такія сацыяльныя хваробы, як цукровы дыябет, метабалічны сіндром, сардэчна-сасудзістыя і анкалагічныя хваробы будучых матуль. Але нават з самымі цяжкімі захворваннямі жанчына мае не толькі ўсе шанцы нарадзіць, але і радавацца мацярынству:

— Штогод у краіне на ўлік у жаночых кансультацыях становіцца каля 100 тысяч цяжарных жанчын. І тыя, хто мае цяжкія хваробы, праходзяць праз высокатэхналігічную дапамогу, якая ёсць у нашай краіне. Усё самае сучаснае, што існуе сёння ў медыцыне ў свеце, у нас ёсць, і гэта дае магчымасць жанчыне нарадзіць здаровае дзіця. Пра многія выпадкі не ўсе нават ведаюць. Напрыклад, калі жанчыне ў раннім пасляродавым перыядзе, праз два месяцы пасля нараджэння дзіцяці, было перасаджана сэрца. Сёння медыцына змянілася: медыкі па-іншаму ставяцца да хворага. Наша мэта — працаваць на пацыента. У аказанне медыцынскай дапамогі жанчыне ўцягнутыя ўсе спецыялісты: нейрахірургі і неўролагі, анколагі, кардыёлагі, эндаваскулярныя хірургі, — заўважыла Святлана Нагібовіч.

У пацвярджэнне яе слоў Кацярына Старавойтава, старшыня Першамайскай раённай арганізацыі шматдзетных бацькоў горада Мінска, прывяла ўласны прыклад:

— На другія суткі пасля нараджэння майго сына прааперыравалі ў Дзіцячым хірургічным цэнтры. Адносіны ўрачоў да нас былі выдатныя. Сыну, дарэчы, ужо хутка споўніцца 18. А ўсяго ў мяне шасцёра дзяцей, і я ганаруся, што я — шматдзетная маці.

На сям'і не эканомім

Аб дзяржаўнай падтрымцы сям'і расказала кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Белаш. Яна адзначыла, што дзяржава ніколі не эканоміла на сем'ях, а старалася ў меру магчымасці іх падтрымліваць. За апошнія 10 гадоў сацыяльныя і асабліва эканамічныя меры падтрымкі істотна павялічыліся. У прыватнасці, у 2 разы вырасла дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці. Дапамога па доглядзе дзіцяці да трох гадоў прывязана да сярэднямесячнага заробку і таксама павялічана амаль удвая. Сёння яна большая, чым мінімальны заробак, і з'яўляецца істотнай падтрымкай.

Паводле слоў Святланы Белаш, у нашай краіне актыўна развіваецца сфера сацыяльных паслуг, у прыватнасці, для сем'яў, дзе бацькі ці дзеці маюць інваліднасць. Тым часам любая сям'я, дзе ёсць дзеці, можа звярнуцца ў сацыяльны цэнтр і атрымаць кансультацыйную юрыдычную, псіхалагічную ці іншую дапамогу.

— На дзяржаўным узроўні ёсць разуменне наяўнасці жыллёвых праблем у шматдзетных сем'яў, і памеры фінансавай падтрымкі пры будаўніцтве жылля павялічваюцца. Уведзена праграма «Сямейны капітал», і яна паказала сваю эфектыўнасць: калі
10 гадоў таму, па даных перапісу, у Беларусі было 62,5 тысячы шматдзетных сем'яў, то зараз па звестках статыстычных справаздач іх каля 100 тысяч, — падкрэсліла Святлана Белаш.

Спецыяліст расказала, што сёння дапамогі атрымліваюць каля 500 тысяч дзяцей, а гэта кожнае трэцяе дзіця ў краіне. У Беларусбанку адкрыта 59 тысяч дэпазітных рахункаў «Сямейны капітал» на агульную суму 589 мільёнаў долараў. Аказваецца і адрасная дапамога: істотнай падтрымкай з'яўляецца бясплатнае харчаванне для дзяцей і бясплатны набор прадуктаў на суму каля 100 рублёў штомесяц. Такімі відамі падтрымкі карыстаецца ў нас каля 18 тысяч дзяцей.

Святлана Белаш праінфармавала і аб нядаўніх новаўвядзеннях:

— Летась у новай рэдакцыі быў прыняты закон аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. Узмоцнена падтрымка сем'яў з дзецьмі-інвалідамі і сем'яў, дзе бацькі з'яўляюцца інвалідамі. А таксама маладым жанчынам, якія ўпершыню становяцца матулямі і не маюць працоўнага стажу. Яны атрымліваюць пэўную выплату да дапамогі па цяжарнасці і родах, калі яна налічваецца ў мінімальным памеры. Падчас вырашэння жыллёвых пытанняў шматдзетных і маладых сем'яў Указам Прэзідэнта ўведзены новыя механізмы падтрымкі. Гэта субсідыі на аплату часткі працэнтаў і субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу. Пакуль толькі ў першым чытанні прыняты Працоўны кодэкс, у якім прадугледжана норма аб увядзенні бацькоўскага адпачынку пры нараджэнні дзіцяці.

Святлана Белаш падкрэсліла, што асаблівую увагу ў краіне ўдзяляюць шматдзетным маці. За мацярынства прадугледжана высокая дзяржаўная ўзнагарода — ордэн Маці. У Беларусі яго атрымала 9531 жанчына, прычым толькі сёлета — больш за 600 шматдзетных маці.

Алена КРАВЕЦ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Аб шлюбе, сям'і і кар'еры

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.