Вы тут

З інтэрната — у сям'ю


Дзесяць інтэрнацкіх устаноў для сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, закрылі ў сталіцы за 12 гадоў. Мяркуецца, што налета знікне яшчэ адзін мінскі дзетдом. Колькасць дзяцей-сірот з кожным годам таксама змяншаецца. Цяпер у чатырох дзіцячых дамах і дапаможнай школе-інтэрнаце жыве прыкладна 350 непаўналетніх. Бацькоў, якіх пазбавілі правоў у адносінах да сваіх дзяцей, за час выканання патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта № 18 стала ўтрая менш.


Пры пастаянным павелічэнні дзіцячага насельніцтва колькасць асірацелых малых у Мінску штогод змяншаецца. Раней у сталіцы было 14 сірот у разліку на 10 тысяч непаўналетніх, сёння іх ужо толькі шэсць. Такія лічбы прывяла Зінаіда ВАРАБ'ЁВА, загадчык сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, расказваючы пра дэінстытуцыялізацыю дзяцей (уладкаванне іх на розныя сямейныя формы выхавання з інтэрнатаў).

— Летась у сем'і грамадзян аддалі 87 гадаванцаў дзетдамоў, пры гэтым 23 дзіцяці ўсынавілі, а 34 малыя ўладкаваны ў апякунскія і прыёмныя сем'і. Бацькі шасцярых дзетак аднавіліся ў правах на малых, 24 дзіцяці вернуты ў рэабілітаваныя сем'і. Практычна знікае такое паняцце, як «дзеці-адказнікі». Калі ў 2000 годзе такіх малых было 147, то летась — 17. Справы яшчэ больш пойдуць угору, калі ў Мінску адкрыюць гарадскі сацыяльна-педагагічны цэнтр, у дадатак да аналагічных раённых устаноў.

Думаецца, што закрыць усе дзетдамы ў сталіцы не атрымаецца. Дзве-тры такія ўстановы маюць права на існаванне, лічыць спецыяліст:

— Кожнаму асірацеламу непаўналетняму форма ўладкавання вызначаецца індывідуальна. Бывае і так, што найлепшае рашэнне — дзіцячы дом, асабліва для падлетка. Пры дзяржаўным утрыманні сёння выхаванцу дастаецца больш увагі, чым у многіх сем'ях, бо не кожны бацька па выхадных заўжды водзіць сваіх дзяцей на розныя мерапрыемствы. Акрамя таго, усе дзеці заахвочаны дадатковымі заняткамі па інтарэсах. Умовы жыцця ў дзетдамах максімальна набліжаны да хатніх — у дзяцей асобныя пакоі на двух-трох чалавек. Усіх гадаванцаў матывуюць на вучобу. Пасля дзявятага ці адзінаццатага класа яны ідуць вучыцца далей. Сёлета чацвёра з 56 выпускнікоў дзіцячых дамоў паступілі ў ВНУ, двое — у сярэднія спецыялізаваныя навучальныя ўстановы. Так што сіроцтва не азначае прысуд.

Найбольш паспяхова ў нас развіваецца апякунская форма выхавання дзяцей. 96 малых з дзетдамоў рэгулярна забіраюць да сябе на выхадныя, святы і канікулы таксама і патранатныя выхавацелі, якія заключаюць дагавор з інтэрнатамі.

— Палажэнне аб патранатным выхаванні нам вельмі дапамагае. Знаходзячыся нейкі час у сям'і, выхаванцы дзетдамоў атрымліваюць вопыт нармальных сямейных стасункаў, — дадае Зінаіда Вараб'ёва. — Як і раней, шукаем найлепшае жыццевызначэнне сірот з адхіленнямі псіхафізічнага развіцця. Такіх дзетак уладкаваць у сям'ю даволі цяжка. А яшчэ не кожнае дзіця — перш за ўсё падлеткі — само жадае патрапіць у сям'ю, і мы, вядома, прыслухоўваемся да іх пажаданняў.

Кожная дзіцячая ўстанова чымсці адметная. Напрыклад, у дзіцячым доме ў Першамайскім раёне сталіцы ўсе дзеці штодня праводзяць гадзіну за чытаннем мастацкай літаратуры, прычым без прымусу. Гэта ўжо адна з традыцый. Дарэчы, ужо 30 гадоў з
дня адкрыцця гэтую ўстанову ўзначальвае Валянціна Зяневіч. Пра яе жыццёвы шлях і багаты вопыт працы мы абавязкова раскажам у адным з найбліжэйшых нумароў «Сямейнай газеты».

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».