Вы тут

Унікальнае палатно з 200 лапікавых фрагментаў цяпер можа ўбачыць кожны


Творчы праект «Покрыва Свету» быў створаны да фестывалю нацыянальных культур, які праходзіў у 2012 годзе. Але затым доўгі час лапікавы шэдэўр захоўваўся па частках дзесьці ў майстэрнях, і толькі нядаўна 30-метровае покрыва стала даступна для агляду. Цяпер яго можа ўбачыць кожны, хто завітае ў Гродзенскі цэнтр рамёстваў.


Разам з метадыстам гарадскога цэнтра культуры Людмілай Лебедзь заходзім у памяшканне, дзе вісяць і ляжаць доўгія каляровыя пакрывалы. Іх тут каля дзясятка. Напачатку ўсе фрагменты былі складзены ў адзінае доўгае палатно, якое ўпершыню прадэманстравалі на дзявятым фестывалі нацыянальных культур. Падчас урачыстага шэсця покрыва, нібы абярэг, пранеслі па вуліцах горада. Але пасля фестывалю сляды ўнікальнага народнага твора дзесьці згубіліся. Як аказалася, «Покрыва Свету» разабралі майстрыхі і яно па частках ляжала ў розных падсобных памяшканнях.

— У цэнтры «Спадчына» пачалася работа па трансгранічным праекце, і майстрыхі скруцілі яго і вывезлі. Тады былі нават спрэчкі, дзе захоўваць гэта вялізнае палатно, якое дасягае 30 метраў у даўжыню і два метры ў шырыню, — расказвае Людміла Іосіфаўна. — Праз некаторы час мне ўдалося выцягнуць гэты цуд на свет божы з розных запаснікаў і размясціць для шырокага агляду ў зале нашага цэнтра «Спадчына».

Большасць фрагментаў вісіць на спецыяльных драўляных драбінах, якія дастаюць амаль да столі, яшчэ адно, самае доўгае палатно, ляжыць на вялізным стале. Ад стракатых узораў разбягаюцца вочы.

Кожнае палатно складаецца з паўметровых асобных пано, якія сшыты разам у вялізнае покрыва. Ідэя праекта належыць майстру Валянціне Цыганец, а канчатковы выгляд увасобіла кіраўнік студыі шыцця са шматкоў Алена Чумрай. Работа над покрывам доўжылася амаль два гады, — успамінае Валянціна Лебедзь.

Ідэя была стварыць агульнае покрыва з невялікіх фрагментаў на тэму сяброўства народаў. Як вядома, у Беларусі пражывае 140 нацыянальнасцяў, і прадстаўнікі многіх дыяспар прынялі ўдзел у рабоце над праектам. У творы кожны адлюстроўваў свае нацыянальныя матывы. Далучыліся да ўдзелу майстры з усіх куткоў краіны і нават замежжа.

Свае кавалкі дасылалі майстры з Расіі, Літвы, Польшчы, Латвіі і нават Ізраіля. Тэхнікі выканання самыя розныя. У асноўным, канешне, гэта пэчварк з канкрэтным сюжэтам. Ёсць ткацтва, вышыўка, батык, аплікацыі, вязанне шыдэлкам і на прутках.

— Мне вельмі падабаецца вышыўка «Кветкі Беларусі» гродзенскай майстрыхі Анастасіі Матусевіч, — кажа Людміла Іосіфаўна. — А вось гэты «Палёт на фестываль» з матылькамі прапанавала вядомая рукадзельніца з Мінска Святлана Платунова, Тамара Волах з Віцебска даслала ткацкі ўзор. Такіх пано ўсяго каля 200, і гэта сапраўдныя творчыя работы з цёплай энергетыкай, бо адлюстроўваюць і прыроду, і жывёльны свет, і дзіцячыя мары — той свет, які кожнаму дарагі і які трэба зберагчы.

Такія абярэгі, але меншыя па памеры, існуюць у Мінска і Полацка. Гэтыя гарады славяцца сваімі майстрамі шыцця са шматкоў, асобныя пано нават выстаўляліся ў гродзенскім цэнтры «Спадчына». Як аказалася, і там існавала праблема іх размяшчэння з-за вялікіх памераў. Але ў рэшце рэшт цудоўныя работы знайшлі сваё пачэснае месца і сталі даступныя для агляду. Дарэчы, частка гродзенскага покрыва знаходзіцца ў адкрытым сёлета культурным цэнтры «Фестывальны», дзе сабрана атрыбутыка і творчыя работы, прысвечаныя Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур. Фрагмент покрыва адлюстроўвае карагод дзяўчат, якія танцуюць, узяўшыся за рукі.

Ці будзе «прырастаць» гродзенскае покрыва новымі фрагментамі, пакуль невядома. Магчыма, гэты працэс працягнецца, як і сам фестываль. У кіраўніцтва цэнтра, між іншым, ёсць намер увасобіць у аналагічным палатне тэму малой радзімы. Людміла Лебедзь дзеліцца планамі па адкрыцці на базе цэнтра гуртка па шыццю са шматкоў, ці, як яго яшчэ называюць, пэчварку. У горадзе ёсць майстрыхі гэтай справы, і нават праходзяць заняткі ў адным з сацыяльных цэнтраў горада.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Абярэг Гарадзенскага краю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».