Вы тут

Адбылося сумеснае пасяджэнне міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі


У Мінску адбылося пасяджэнне сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.


Фота БелТА

Кіраўнікі ваенных ведамстваў дзвюх краін Андрэй Раўкоў і Сяргей Шайгу абмеркавалі рэалізацыю плана сумесных мерапрыемстваў па забеспячэнні ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, у тым ліку ўдасканаленне аб'яднаных ваенных сістэм і ход выканання праграм ваеннага складніка Саюзнай дзяржавы.

— Працягваецца развіццё і паглыбленне вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі нашых прадпрыемстваў у галіне распрацоўкі і вытворчасці ўзбраення і ваеннай тэхнікі, — сказаў Андрэй Раўкоў. — Расія з'яўляецца нашым асноўным партнёрам у пастаўках прадукцыі ваеннага прызначэння, а таксама ў рамонце і мадэрнізацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

Паспяхова рэалізуецца супрацоўніцтва ў галіне падрыхтоўкі ваенных кадраў. Зараз у інтарэсах беларускай арміі ў Расіі навучаецца больш за 450 спецыялістаў.

— Існуе нямала і іншых сфер вайсковага супрацоўніцтва, дзе мы дасягнулі значных вынікаў. Гэта дазваляе на працягу многіх гадоў характарызаваць узаемадзеянне нашых абаронных ведамстваў як дынамічнае і эфектыўнае, — падсумаваў Андрэй Раўкоў.

Адной з асноўных тэм пасяджэння стала сумеснае аператыўнае вучэнне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Шчыт Саюза — 2019». Вучэнне пройдзе на тэрыторыі нашай суседкі і стане галоўным мерапрыемствам сумеснай падрыхтоўкі органаў ваеннага кіравання і войскаў у будучым годзе.

Сяргей Шайгу заявіў, што ваенная актыўнасць НАТА дасягнула небывалага ўзроўню з часоў халоднай вайны.

— Палітыка альянсу накіравана на ўзмацненне сваёй перадавой ваеннай прысутнасці на ўсходнім флангу. Для гэтага НАТА актыўна выкарыстоўвае міф аб расійскай пагрозе. Пашыраюцца маштабы аператыўнай і баявой падрыхтоўкі каля нашых межаў, расце іх інтэнсіўнасць. Краіны блока адпрацоўваюць задачы вядзення баявых дзеянняў наступальнага характару. Да гэтых мерапрыемстваў альянс актыўна падключае пазаблокавыя краіны.

Асабліва адзначыў расійскі міністр, што планы польскага ўрада размясціць на пастаяннай аснове на сваёй тэрыторыі дывізію ўзброеных сіл ЗША контрпрадукцыйныя і не спрыяюць захаванню стабільнасці і ўмацаванню нацыянальнай бяспекі.

— У гэтых умовах мы вымушаны прымаць меры ў адказ і павінны быць гатовыя нейтралізаваць магчымыя вайсковыя пагрозы на ўсіх напрамках. Падкрэслю, што мы не хочам уцягвацца ў ваенную канфрантацыю з Захадам і імкнёмся да ўзаемнага супрацоўніцтва па ўсім спектры бяспекі, — дадаў Сяргей Шайгу.

У рамках калегіі кіраўнікамі ваенных ведамстваў падпісаны шэраг важных дакументаў у галіне ваеннага супрацоўніцтва, у тым ліку пагадненне аб абмене інфармацыяй аб перспектыўных тэхналогіях і распрацоўках. Згаданае пагадненне рэгламентуе абмен інфармацыяй паміж міністэрствамі абароны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па навуковых даследаваннях і распрацоўках, якія выкарыстоўваюцца для стварэння перспектыўных узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі.

Таксама падчас пасяджэння зацверджаны план работы сумеснай калегіі на наступны год, у які ўнесены толькі найбольш важныя і перспектыўныя кірункі двухбаковай ваеннай дзейнасці. У ліку падпісаных дакументаў — план мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сяргей КУЛАКОЎ

Загаловак у газеце: Шчыт Саюза

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?