Вы тут

Інвестыцыі, гранты, інавацыі. На чым растуць раёны Магілёўскай вобласці


Развіццё малых і сярэдніх гарадоў для Беларусі — гэта патэнцыял для дынамічнага росту эканомікі ўсёй краіны. Пра гэта неаднаразова казаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, гэта закладзена ў дзяржаўныя праграмы і планы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Стаўка робіцца на сучасныя тэхналогіі, малое і сярэдняе прадпрымальніцтва, новыя рабочыя месцы. І калі ў Еўропе малыя гарады ўжо лічацца камфортнымі і прывабнымі для жыцця, то ў Магілёўскай вобласці над гэтым яшчэ старанна працуюць.


За апошні час вельмі далёка прасунуўся ў гэтым кірунку Крычаў. Нагадаем, гэты горад уваходзіць у спіс населеных пунктаў, дзе Указам № 235 аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна створаны больш камфортныя ўмовы для інвестараў.

У ліпені на тэрыторыі былой вайсковай часці быў запушчаны кітайскі інвестпраект ТАА «Інфэн» па вырошчванні грыбоў, якія збіраюцца пастаўляць на кітайскі і беларускі рынкі. Інвестару бязвыплатна перададзена 30 невыкарыстоўваемых аб'ектаў. Пакуль на прадпрыемстве створана 30 рабочых месцаў, у планах адкрыць яшчэ 50.

Летам у Крычаве быў запушчаны вытворчы ўчастак закрытага акцыянернага таварыства «Легпрамразвіццё» з Бабруйска, якое вырашыла пашырацца ў паўднёва-ўсходнім напрамку. Створана 29 новых рабочых месцаў, прычым працаўладкавацца змаглі не толькі крычаўлянкі, але і жанчыны з навакольных вёсак. Большасць з іх прайшлі перанавучанне ў цэнтры занятасці і атрымалі новую прафесію. Участак спецыялізуецца на пашыве спецыяльнага абутку для супрацоўнікаў буйных газанафтавых кампаній Расіі.

Сёлета ў Крычаве адкрыўся і швейны ўчастак прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Шарм Прэм'ер» — вытворцы расійскай маладзёжнай лініі адзення «Тваё». Пашыў арганізавалі на плошчах філіяла «Крычаўскі завод гумовых вырабаў» ААТ «Белшына». Пакуль тут створана 127 рабочых месцаў, а ўсяго іх будзе каля 350.

За дзевяць месяцаў у Крычаўскім раёне зарэгістравана дзесяць камерцыйных прадпрыемстваў і 89 індывідуальных прадпрымальнікаў. Рост паступленняў у раённы бюджэт ад арганізацый недзяржаўнага сектара эканомікі склаў 108,7 % да такога ж перыяду летась.

А яшчэ Крычаў стаў першым у рэспубліцы «разумным» горадам. Праект распрацаваны сумесна з аб'яднаным інстытутам праблем інфарматыкі НАН Беларусі. Ужо запушчана адзіная дыспетчарская служба з кароткім нумарам 115, у раённай паліклініцы запіс ідзе на электронную чаргу і выдаюць электронныя рэцэпты, а ў школе адзнакі выстаўляюць у электронным дзённіку, новыя тэхналогіі ўкараняюцца таксама ў экскурсійную дзейнасць. Галоўнай мэтай рэалізацыі канцэпцыі «Крычаў — малы разумны горад. Крычаўскі раён. Развіваемся разам» з'яўляецца павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва.

— Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі дазволяць нам наўпрост узаемадзейнічаць з супольнасцямі і гарадской інфраструктурай, сачыць за тым, што адбываецца ў горадзе, як ён развіваецца і якія спосабы дазваляюць палепшыць якасць жыцця людзей, — кажа старшыня Крычаўскага райвыканкама Дзмітрый БАЧКОЎ. І на пытанне, што трэба для таго, каб сцерці мяжу паміж малымі і вялікімі гарадамі, заўважае:

— Вынік заўсёды залежыць ад таго, як чалавек на сваім рабочым месцы ставіцца да сваіх прамых абавязкаў. Трэба пастаянна павышаць свой узровень, рухацца наперад. Сёння мы актыўна займаемся перанавучаннем людзей і робім стаўку на новыя тэхналогіі. Усё гэта разам дае магчымасць сцерці з часам межы паміж горадам і вёскай.

Слаўгарад — горад невялічкі, тут жыве крыху больш за сем тысяч жыхароў, але пра іх актыўнасць ведаюць, напэўна, ва ўсёй краіне. Дастаткова згадаць слаўгарадскіх сыраробаў. Эканамічнаму пад'ёму ў раёне садзейнічае развіццё прадпрымальніцтва і паспяховая работа з прыцягненнем міжнародных грантаў.

— Наш прыватны бізнес сёння актыўна асвойвае сферу паслуг, — адзначае старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана ЯЗЕРСКАЯ. — Зараз рэгіструюцца два новыя праекты, накіраваныя на развіццё сельскага прадпрымальніцтва. Адмысловы цэнтр будзе створаны якраз на левабярэжжы ракі Сож, дзе зараз будуецца новы мост. Са з'яўленнем моста адкрываюцца і новыя магчымасці: напрыклад, мы збіраемся развіваць лагістычны кірунак. Наша мэта — даць магчымасць рэалізаваць сябе сельскаму насельніцтву, знайсці сябе на рынку працы і быць запатрабаваным. Вялікія спадзяванні ўскладаюцца на рэгіянальны праект, у якім удзельнічаюць пяць раёнаў. Ён таксама накіраваны на развіццё ініцыятыўнасці сярод мясцовых жыхароў. Будзем вучыць іх пісаць бізнес-планы, шукаць донараў, удзельнічаць у праектах.

Хутка ў Слаўгарадзе пачне працаваць філіял бабруйскага прадпрыемства «Чырвоны харчавік», дзе будзе створана 100 рабочых месцаў, а ў вёсцы Перагон адкрыецца мясаперапрацоўчая вытворчасць.

— Збіраемся ў лістападзе ўвесці ў дзеянне буйны свінагадоўчы комплекс на 24 тысячы галоў, дзе будзе створана 50 рабочых месцаў, — адзначыў старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Канстанцін ЖЫГУЦКІ. — Плануецца, што са студзеня наступнага года ён ужо пачне працаваць на поўную магутнасць. Плюс робім стаўку на дрэваапрацоўку. На працягу апошніх дзесяці дзён зарэгістравана два новыя прадпрыемствы гэтага кірунку, дзе плануецца адкрыццё 15—20 рабочых месцаў. Дарэчы, акцэнт робім на стварэнне новых высокапрадукцыйных месцаў. Каб людзі маглі атрымаць добрую зарплату і выручка была нашмат большай, чым маем сёння. Да таго ж актыўна развіваем турыстычную галіну.

У тэму

Старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Руслан СТРАХАР:

— Калі меркаваць па той жа зарплаце, іншых эканамічных паказчыках, то, безумоўна, вялікія гарады пакуль працягваюць развівацца больш імклівымі тэмпамі. Становішча ў рэгіёнах вельмі залежыць ад той каманды, якая працуе пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама. Добрымі прыкладамі работы на вынік з'яўляюцца на сённяшні дзень Слаўгарадскі і Крычаўскі раёны. Тут працуюць адначасова па ўсіх кірунках: прыцягваюць міжнародныя гранты, ствараюць новыя прадпрыемствы. І вынікі ёсць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».