Вы тут

Дайджэст навін з рэгіёнаў Беларусі


Аўталаўка больш не паедзе

У рэдакцыю «Хойніцкіх навін» звярнуліся жыхары вуліцы Краснаніўскай райцэнтра з пытаннем, чаму як раней не ездзіць аўтамагазін райспажыўтаварыства. Ім, грамадзянам сталага ўзросту, цяжка дабірацца нават да размешчанага непадалёк «Еўраопта».

Фота: hоіnіkі.bу

Як растлумачылі ў райспажыўтаварыстве, у сувязі з нерэнтабельнасцю ўсёй работы аўтамагазінаў у раёне іх колькасць зменшана, а маршруты размеркаваны такім чынам, каб ахапіць населеныя пункты, дзе няма стацыянарных магазінаў і дзе яшчэ не ездзяць аўтамагазіны сеткі «Еўраопт». Аднаўляць работу аўталаўкі па вуліцы Краснаніўскай не плануюць.

У аддзеле эканомікі райвыканкама адзначылі, што «Еўраопт» пакуль што не плануе адкрываць новыя маршруты, у прыватнасці ў межах горада.


Шматдзетная маці заклікае збіраць смецце ў лесе

Лагайчанка Таццяна Кісялёва на сваіх старонках у сацсетках кінула кліч, каб знайсці ахвотных прыняць удзел ва ўборцы лесапаласы ў раёне вуліцы Мінскай. На жаль, пакуль ніхто не адгукнуўся.

Фота: lоgоуsk.bу

Рэдакцыя раённай газеты «Мой родный край» звязалася з аўтарам паслання. Як высветлілася, такое рашэнне ў шматдзетнай мамы паўстала пасля таго, як у мясцовай гімназіі, дзе вучыцца адна з яе дачок, папрасілі сабраць пластык. З пастаўленай задачай сям'я справілася.

Але дзесьці за год да гэтага Таццяна на сайце прачытала пра тое, што сярод школьнікаў праходзіў конкурс «Хто больш збярэ смецця — паедзе ў Ельню!». Тады паўдзельнічаць у ім не атрымалася, таму сёлета лагайчанка вырашыла ўзяць рэванш. Так, сапраўды, у нашай краіне з 5 да 31 кастрычніка праходзіць спаборніцтва па ўборцы смецця, але ўжо не сярод вучняў школ, а сярод студэнтаў. Камандам неабходна будзе сабраць як мага больш смецця ў лясах, на берагах вадаёмаў і ў зялёных зонах гарадоў. Якое дачыненне ўсё гэта мае да сям'і Кісялёвых?

Проста ў іх старэйшая дачка ўжо студэнтка. Вось мама і спрабуе сабраць каманду сярод лагайчан, каб паўдзельнічаць у конкурсе. Пераможцаў, між іншым, чакаюць сувеніры, а гораду ад гэтага будзе вялікая карысць. Далучайцеся!


Замест спарахнелага дома — новы парк

На свяце аграгарадка Вархі, які арганізавалі па ініцыятыве сельвыканкама і мясцовага СДК, жыхары не толькі павесяліліся і адпачылі, але і ўсе разам, ад малога да вялікага, паўдзельнічалі ў акцыі «Пасадзі дрэва».

Фота: gаrаdvеst.bу

На месцы знесенага састарэлага дома заклалі парк, у якім высадзілі 16 маладзенькіх хвоек, аб чым паведамляе «Гарадоцкі веснік».

Разам з сацработніцай Ганнай Галубцовай пасадзіў сасну Іван Сцесеў (на здымку).

А яшчэ былі падведзены вынікі конкурсу на найлепшае добраўпарадкаванне па аграгарадку ў намінацыі «Найлепшая сядзіба — 2018». Падзячны ліст сельвыканкама і каштоўны падарунак уручылі пераможцы — Але Дзергачовай.

Падрыхтавала Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.