Вы тут

Ці здзейсняцца юнацкія мары?


9 кастрычніка каля Залескай сярэдняй школы, што на Смаргоншчыне, урачыста адкрылася пляцоўка вулічных трэнажораў, створаная ў межах праекта «Будучыня — гэта мы», што атрымаў фінансавую падтрымку, як пераможца конкурсу міні-грантаў. Пасля адкрыцця новай спартыўнай пляцоўкі адбылася прэзентацыя веламаршруту «Невядомая вайна вачыма нашчадкаў» па тэрыторыі Залескага сельскага савета.


А напярэдадні кіраўнік праекта Ала Шыцікава сустракалася са старшакласнікамі, каб даведацца, як яны сабе ўяўляюць камфортнае пражыванне ў аграгарадку і чаго ім не хапае для гэтага камфорту. На пытанне, хто хоча застацца на малой радзіме пасля заканчэння сярэдняй школы, толькі адзін чалавек адказаў станоўча. Шчыра прызнаюся, у мяне на душы пахаладзела: калі нават тут, у слынным аграгарадку, вядомым сваімі гістарычнымі помнікамі, якія прыцягваюць штогод сотні турыстаў да садова-паркавага комплексу Міхала Клеафаса Агінскага, не хоча заставацца моладзь, то што казаць пра іншыя мясціны, пазбаўленыя культурна-гістарычных і прыродных помнікаў? Залессе — даволі буйны чыгуначны вузел, ёсць тут прадпрыемствы аграрныя і дрэваапрацоўчыя, на невялікай адлегласці сілікатабетонны завод і да Смаргоні рукой падаць. Але спакушальныя агенчыкі сталіцы прыцягваюць больш, чым мясцовыя рарытэты і не самыя аптымістычныя перспектывы.

Толькі дзевяцікласнік Ягор Спаскі выказаў жаданне застацца на малой радзіме. Дарэчы, і ў пераліку прыярытэтаў для камфортнага пражывання ў правінцыі прапановы юнака вылучаліся сур'ёзнасцю і скіраванасцю на сацыяльна-эканамічнае развіццё Залесся. На такіх юнакоў і робіць стаўку Ала Шыцікава пры здзяйсненні сваіх чарговых праектаў, накіраваных на спрыянне ўстойліваму развіццю сельскіх тэрыторый. Падчас сустрэчы ў мясцовай школе шасцёра вучняў, сярод якіх і Ягор, былі абраны прадстаўнікамі ў маладзёжнае самакіраванне, што створана пры Залескім савеце дэпутатаў. Працоўная моладзь і старшакласнікі будуць не проста прадстаўляць інтарэсы сваёй супольнасці, але і асвойваць асновы дзяржаўнага кіравання. Самыя актыўныя юнакі і дзяўчаты яшчэ летам далучыліся да праектнай дзейнасці. Гэта іх рукамі пры садзеянні дырэктара школы Канстанціна Грудзіны ўсталявалі сем вулічных трэнажораў, добраўпарадкавалі навакольную тэрыторыю.

У межах праекта распрацаваны веласіпедны турыстычны маршрут па мясцінах памяці аб Першай сусветнай вайне. Восем веласіпедаў, набытых за грошы праекта, — першапачатковы ўнёсак у справу папулярызацыі гістарычнай спадчыны, якую да гэтага абыходзілі ўвагай турысты, наведваючыся пераважна ў музей-сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага. Першы велапрабег, што адбыўся ў суботу, меў на мэце яшчэ і прыцягненне мясцовай моладзі да добраўпарадкавання тэрыторый побач з помнікамі так званай Мікалаеўскай вайны і на старажытных могілках, дзе ёсць пахаванні ваеннага ліхалецця.

З тым, як працуе маладзёжнае самакіраванне ў суседняй Польшчы, прадстаўнікі Залесся знаёміліся падчас паездкі на святкаванне 40-годдзя творчага калектыву «Нараўчанкі». Сяброўскія стасункі з гэтым ансамблем з Нараўкі падтрымліваюцца на працягу доўгіх гадоў, з таго першага спаткання на фэсце «Залессе запрашае сяброў», што паклала пачатак творчым стасункам. Сёлета пры падтрымцы старшыні сельвыканкама Зянона Грышкевіча адбылася паездка ў Польшчу, у выніку якой падпісана дамова аб супрацоўніцтве маладзёжных фарміраванняў дзвюх краін. Ёсць намер сумесна паўдзельнічаць у конкурсе трансгранічнага супрацоўніцтва. Народнае музычнае мастацтва рэгіёна вельмі паспяхова прадстаўляў на фэсце новы творчы калектыў настаўнікаў Залескай музычнай школы «Бліскавіца».

Праект «Будучыня — гэта мы» дзейнічае да канца бягучага года. Аднак планаў і задум у мясцовых дзяўчат і юнакоў яшчэ шмат. Яны з энтузіязмам бяруцца за справу, бо для іх святло сталічных агеньчыкаў стала не такім спакушальным, як прыцягненне роднай зямлі.

Ала КЛЕМЯНОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Малой радзімы прыцяжэнне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.

Грамадства

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў

Разам з карэспандэнтам «Звязды» ветэран Вялікай Айчыннай вайны франтавы повар Ганна Воранава ўспомніла пра самыя шчаслівыя і самыя горкія моманты жыцця.

Эканоміка

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Неад'емным аксесуарам вандроўкі сёння з'яўляецца плацежная картка.

Грамадства

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?

Поспех установы адукацыі — заслуга педкалектыву, а няўдача — памылка яе кіраўніка.