Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Дай божа, каб было гожа

У 1960—1970-я гады мінулага стагоддзя доследны рыбгас «Белае» (і, адпаведна, яго дырэктара Васіля Радзівонавіча Рыбалку) ведала ўся Беларусь. Як-ніяк тут вырошчвалася да 2000 тон таварнай рыбы і пастаўлялася яна ва ўсе куткі рэспублікі. Больш за тое, нашы палескія карпы ды шчупакі прадаваліся ў Маскве і Ленінградзе, попыт, казалі, быў велізарны.

Дык вось, падышоў я неяк да адной з сажалак, прычым у добры час: рыбакі збіраліся палуднаваць і для гэтага наварылі юшкі. Наварылі, трэба разумець, з запасам, бо з ахвотай прапанавалі мне. Я толькі прылажыўся да яе, пакаштаваў, — пад'язджае Васіль Радзівонавіч, пытае:

— Ну, як вам юшка?

— Ды смачнейшай, — кажу, — мусіць, не бывае!.. А тым больш калі ў хаце немцы.

— Гэта якія? — насцярожыўся дырэктар. — І прычым тут яны?

— Ды пры тым, — уздыхаю, — што з жонкай крыху пасварыліся. Як нямая стала: не гаворыць са мной, не гатуе нічога.

Паспачуваў мне Васіль Радзівонавіч, разам з намі паабедаў, пагаварыў. А праз дзень-другі я да яго ў кабінет зайшоў (нейкая справа была). Толькі павітаўся, дырэктар кажа:

— Успамінаў вас сёння...

— Пра воўка памоўка, а воўк і тут?

— ...Уяўляеце, прачнуўся раніцай, а з кухні нічым не пахне. І жонка маўчыць. Пытаюся: «Можа, і ў нас ужо немцы пасяліліся?» — «З чаго ты ўзяў? — не разумее мая, — нешта прыснілася?»... Прыйшлося расказаць ёй пра вашых «кватарантаў». Разам пасмяяліся ды паспадзяваліся, што столькі гадоў без немцаў пражылі, дык, можа, і далей неяк пратрымаемся?

...Дай божа, каб было гожа, — ва ўсіх.

Васіль Пяшэвіч, в. Юркевічы, Жыткавіцкі раён


Хто на што вучыўся

З раніцы ў суботу ў Колі забалеў зуб — прычым зноў.

Яго на добры толк даўно трэба было вырваць. Але ж адзін напамін пра кабінет стаматолага выклікаў у мужчыны панічны страх. Вось і цяпер на жончыны ўгаворы паехаць у райцэнтр Коля не паддаваўся, вырашыў пацярпець, паспадзявацца: а раптам возьме і перастане балець?

Не з ягоным шчасцем, як той казаў. Бліжэй да абеду боль пачаў узмацняцца, а надвячоркам і ўвогуле стаў нясцерпны. Калола ды свідравала, здаецца, усюды —у віску, у воку, у вуху. Ды што там — нямела нават шыя. І пры гэтым ні таблеткі, ні народныя сродкі ўжо не спрацоўвалі: Коля мусіў згадзіцца на візіт да стаматолага. Аднак дзе ты знойдзеш яго ў суботу ды яшчэ і вечарам? Хіба што дома?

З цяжкасцю, праз знаёмых сваіх знаёмых, адшукалі хатні нумар тэлефона, потым доўга ўгаворвалі, і доктар згадзіўся прыняць
пацыента.

...У райцэнтр ён паехаў з «групай падтрымкі»: з жонкай Ленай і аднавяскоўцам Сашам.

З ім якраз і пайшоў у дом стаматолага. Лена засталася чакаць у машыне, хвалявацца, глядзець на дзверы, каб хвілін праз пятнаццаць ці дваццаць у святле высокага вулічнага ліхтара ўбачыць... шчаслівую фізіяномію свайго мужа і збялелую, няшчасную... Сашы.

Высветлілася, што ў доктара не аказалася так званай замарозкі — па яе трэ было з'ездзіць у аптэку. Аднак Коля, што называецца, махнуў рукой, сказаў: «Рвіце так! Мацней балець ужо не будзе»...

Вось доктар і згадзіўся. Пасадзіў пацыента на табурэт пасярод кухні, сам уважліва агледзеў зубы (Саша ў гэты час трымаў над імі настольную лямпу), узброіўся патрэбным інструментам і, як той казаў, працэс пайшоў.

Доктар быў дужы, спрактыкаваны, таму зуб «падчапіў» удала і вырваў яго ўвесь — з першага заходу. Коля толькі яўкнуць паспеў, а вось «асістэнт»... «аб'ехаў» на падлогу — страціў прытомнасць...

— Нічога не скажаш — падтрымаў ты мяне, — рагатаў потым Коля.

— І не кажы, — «дазваляў» яму сябрук, камечачы ў руках ватку з нашатырным спіртам, — бо ты не бачыў таго, што я. А каб прыйшлося, можа, грымнуўся б сам... І як гэтыя дактары працуюць?

...Як быццам проста: хто на што вучыўся.

А. Несцяронак, г. п. Докшыцы


Пасля буры,

або Перапалох раённага маштабу

Гэту гісторыю я неаднойчы пераказвала сваім сябрам і знаёмым. Рэакцыя была прадказальная: смяяліся многія, але ў праўдзівасць не верыў амаль ніхто, магчыма, таму, што занадта камічнымі выглядалі і сама сітуацыя, і «змагары з наступствамі». Аднак што было, тое было: чысцюткая праўда, хоць ні месца  дзеяння, ні імёнаў ды прозвішчаў я называць не буду. Чаму — зразумееце пазней. Такім чынам...

Пачатак 2000-х. Жнівень. Камандзіроўка ў раённы цэнтр. Нас з калегам (як-ніяк са сталіцы!) на аўтавакзале сустракаюць прадстаўнікі мясцовай улады: супрацоўніца аддзела ідэалогіі (назавём яе Галінай Ленідаўнай) і памочнік старшыні райсавета дэпутатаў (няхай ён будзе Алегам Мікалаевічам).

З імі на службовай машыне мы едзем у цэнтр горада. Па дарозе, як водзіцца, размаўляем, разглядаем мясцовыя славутасці і нарэшце пад'язджаем да выканкама. На плошчы перад ім легкавушка робіць «ганаровы круг». Але і без яго мы, вядома ж, заўважылі б і досыць доўгі рад неверагодна прыгожых елак, што раслі ўздоўж будынка, і досыць нечаканыя постаці, што ўзвышаліся ля ўваходу: Маркс і Ленін як быццам, аднак пафарбаваныя, як сказаў бы небезвядомы Кіса Вараб'янінаў, у... радыкальны чорны колер...

У нас з калегам адразу ж з'явіліся пытанні: ну, сапраўды, калі ёсць Маркс, то дзе падзеўся Энгельс (нам жа «дуэтам» іх заўжды прадстаўлялі)? Гэта — па-першае. Па-другое, чаму яны з ног да галавы чорныя, з-за чаго нагадваюць не правадыроў рэвалюцыі, а прадстаўнікоў якога-небудзь паўднёва-афрыканскага племені?

Галіна Леанідаўна замест адказу ўсміхнулася ды кінула вокам на Алега Мікалаевіча, нібыта раілася з ім, як быць?.. А потым, што называецца, махнула рукой — маўляў, усё роўна шыла ў мяшку не схаваеш: не пачуем праўды ад яе, — даведаемся ад іншых...

Вось і расказала, што ў свой час, калі ўзводзілі гэты будынак, тры статуі проста не «ўпісаліся» ў архітэктурнае рашэнне — месца хапала толькі для дзвюх. Вырашылі, што «лішнім» будзе Энгельс: ён не настолькі вядомы, як Маркс, і тым больш не такі ўжо славуты, як Ленін...

Ну а гісторыя з афарбоўкай і ўвогуле неверагодная.

Першапачаткова, расказвала наша спадарожніца, і Ленін, і Маркс былі пафарбаваныя ў цалкам прыстойны серабрысты колер. Але аднойчы, за пару дзён да Дня Незалежнасці, адбылося страшнае: над райцэнтрам пранеслася бура і, як гэта заўсёды бывае, наламала дроў — прычым літаральна... Пад напорам стыхіі не ўстаяла і адна з тых елак-прыгажунь, прычым яна не проста ўпала, а рухнула... на плечы правадыру.

Постаць яго гэты ўдар вытрымала, а вось галава... Яна, як сказалі б у часы Людовіка ХІV, аказалася адасобленай ад цела... Таму людзі, падабраўшы яе, занеслі напрамкі ў кабінет старшыні райвыканкама.

З гэтай нагоды тут жа быў скліканы «кансіліум», і ўжо яго ўдзельнікі сталі ламаць галовы над праблемай: што ж рабіць далей? За два дні (хутка ж свята, ды яшчэ якое!) стварыць новую статую, як той казаў, не ўяўлялася магчымым. Ды і сродкаў на гэта не было.

Вырашылі тэрмінова шукаць спецыяліста-зваршчыка, які прыладзіў бы галаву да тулава. І такі, вядома ж, знайшоўся: справу ведаў, як «Ойча наш», зрабіў усё якасна, хутка і, што важна, ледзьве не ноччу (каб не прыцягваць увагу людзей). Так што раніцай... горад ахнуў! На падыходзе да райвыканкама ўсіх і кожнага сустракаў серабрысты Ільіч з... чорнай стужкай ад зварачнага шва на шыі, што выклікала недвухсэнсоўныя асацыяцыі.

Новы «кансіліум», які яшчэ раз спехам сабраўся ў галоўнага, пастанавіў: фігуру правадыра тэрмінова закрыць кавалкам тканіны, а ноччу абедзве фігуры (ну, каб ніхто не пытаўся, чаму гэта Ленін — чорны, а Маркс — серабрысты) перафарбаваць... У колер «стужкі».

Такім чынам, свята правадыры сустракалі ўжо ў новым «убранні».

...Тады, у машыне, пачуўшы гэтую гісторыю, мы з калегам доўга смяяліся і разам з тым крыху спачувалі — як жывым героям перапалоху, так і правадырам рэвалюцыі, што ў дзень свята паўсталі перад людзьмі ў такім нечаканым выглядзе.

А зрэшты, можа, яны і сёння так стаяць? Хто ведае.

Наталля К., г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж чарговы напамін, што ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца, — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены на пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае, і маленькае рэдакцыйнае — працуе, гісторыі пошта прыносіць... Дасылаючы іх, калі ласка, паведамляйце свае пашпартныя даныя і — на ўсякі выпадак — нумар тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?