Вы тут

Прадстаўнікі істэблішменту абмеркавалі цяжкасці жанчын у жыцці і на працы


Прадстаўнікі розных краін сабраліся на два дні ў Мінску, каб абмеркаваць цяжкасці, з якімі сустракаюцца жанчыны ў жыцці і на працы. Сесіі Міжнароднага форуму жанчын-лідараў прысвечаны ролям у палітыцы і эканоміцы, роўным магчымасцям ва ўніверсітэтах і іншым тэмам.


Ірына Касцевіч, фота: sputnik.by

Ірына КАСЦЕВІЧ, міністр працы і сацыяльнай абароны, абмалявала партрэт сярэднестатыстычнай беларускай жанчыны: 42 гады, з вышэйшай адукацыяй, гарадскі жыхар, займаецца спортам, актыўны ІТ-карыстальнік. У 26 гадоў упершыню ўступае ў шлюб, першае дзіця — у 27. Дарэчы, Беларусь уваходзіць у першую трыццатку краін па індэксе гендарнага разрыву (сярод 144 краін) — ён ацэньвае раўнапраўе палоў. Для таго каб максімальна выкарыстоўваць патэнцыял жанчыны, на думку міністра, неабходна скараціць двайную занятасць: у сем'ях з дзецьмі да 10 гадоў жанчына аддае ў 2,5 раза больш часу на дамашнюю працу і догляд за малымі, чым мужчына. «Мы павінны падняць ролю мужчыны ў сям'і, і перш за ўсё — прэстыж бацькоўства», — рэзюмавала Ірына Касцевіч.

Андрэй ДАПКЮНАС, намеснік міністра замежных спраў Беларусі, сімвалічна з'явіўся на форуме ў аранжавым гальштуку — ён сімвалізуе барацьбу з гвалтам з жанчын і растлумачыў: «Дзесяць гадоў таму Генеральны сакратар ААН распачаў кампанію Unіtе — аб'яднацца, каб спыніць гвалт у дачыненні да жанчын. У рамках гэтай кампаніі з'явілася ідэя прыцягваць увагу сусветнай грамадскасці да абароны жанчын ад гвалту не толькі раз на год (25 лістапада адзначаюць Міжнародны дзень барацьбы з гвалтам у адносінах да жанчын. — Заўв. «Зв».), але штомесяц менавіта на 25-ы дзень. Па задуме аўтараў гэтай кампаніі, аранжавы колер сваёй яркасцю і аптымістычнасцю ўвасабляе будучыню, вольную ад гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчат. І, дарэчы, набліжэнне такой будучыні ёсць адзін з тэматычных акцэнтаў гэтага форуму».

Вольга ПЕТРАШОВА, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын у ніжняй палаце парламента, лічыць натуральным, што многія жанчыны абіраюць палітычную дзейнасць, паколькі маюць адпаведную адукацыю, амбіцыі і жаданне рэалізаваць свае магчымасці. Дэпутат адзначыла, што наша краіна зрабіла значны прарыў па паляпшэнні становішча жанчын, аднак падкрэсліла, што пабудаванне збалансаванай гендарнай палітыкі — працэс доўгатэрміновы. Гендарная роўнасць патрабуе далейшых мэтанакіраваных намаганняў і ўдасканальвання.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: За роў­ныя пра­вы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».