Вы тут

Інклюзіў-тэатр «і» прадставіў прэм'еру «Аднойчы ў вялікім горадзе»


Чаго больш у інклюзіўным мастацтве, якое дае магчымасць людзям з асаблівасцямі развіцця сацыялізавацца, праз творчасць узаемадзейнічаць з навакольным светам: сацыяльнага складніка ці культурнага? Прадзюсар сямейнага інклюзіў-тэатра «і» Леанід Дзінерштэйн, напрыклад, перакананы, што падзяляць гэту з'яву на часткі нельга, — яна такая ж адметная і асаблівая, як яе ўдзельнікі.


Нядаўна тэатр прадставіў маштабную прэм'еру 3D-спектакля «Аднойчы ў вялікім горадзе», пастаўленага паводле апавядання Фёдара Дастаеўскага «Хлопчык у Хрыста на ёлцы». Насамрэч гледачы ўжо бачылі беларускамоўную пастаноўку вясной у Палацы прафсаюзаў. Аднак на вялікую тэатральную сцэну, дзе па-новаму зайгралі відэапраекцыі Сяргея Ісакава і маляўнічыя дэкарацыі мастачкі Ганны Сілівончык, дзе хапіла месца больш як ста ўдзельнікам, сярод якіх не толькі восем дзяцей з аўтызмам, але і іншыя юныя акцёры —выхаванцы тэатральнай студыі Ірыны Пушкаровай (самаму малодшаму няма яшчэ і трох гадоў), і іх бацькі, і прафесійныя акцёры, і хор «Музычныя пацеркі» сталічнай музычнай школы № 10 імя Глебава, — дык вось, на «сапраўдную» сцэну праект трапіў упершыню. Больш за тое, спектакль увайшоў у рэпертуар Беларускага музычнага тэатра і наступны раз будзе паказаны ў лістападзе.

Арыгінальны сюжэт у Дастаеўскага — далёка не вясёлая і наогул не дзіцячая казка, гэта поўнае болю апавяданне пра хлопчыка, які напярэдадні Калядаў страціў усю сваю сям'ю і застаўся замярзаць на вуліцах горада, пакуль іншыя балявалі і весяліліся. Але разам з тым гэта філасофская гісторыя, у якой каляднае кола сімвалізуе кола жыцця, а анёльскі хор на чароўнай Хрыстовай ёлцы — надзею на лепшае, на тое, што нават у вялікім горадзе ёсць нехта неабыякавы да пакут іншых людзей. Мабыць, таму маленькія і дарослыя гледачы — а хадзіць на спектакль лепш таксама сем'ямі — інтуітыўна чытаюць мастацкія сімвалы, без дадатковага тлумачэння разумеюць уплеценыя ў пастаноўку беларускія абрады і традыцыі і, спачуваючы лёсу галоўнага героя, у фінале адначасова плачуць, смяюцца і апладзіруюць да болю ў далонях... Акрамя таго, як расказаў на медыяпляцоўцы Sputnіk рэжысёр Андрэй Курэйчык, сын якога таксама заняты ў пастаноўцы, самі дзеці-акцёры «атрымліваюць каласальную аддачу ад узаемадзеяння ва ўнікальным інклюзіўным асяродку, яны вучацца сябраваць, вучацца разумець адно аднаго нават лепш, чым мы, дарослыя». «І напрыклад, асабіста я ўпэўнены, — кажа спадар Курэйчык, — што акцёрскі патэнцыял, арганіку дзяцей з аўтызмам можна з поспехам выкарыстоўваць у сур'ёзным кінематографе: яны вельмі прыгожыя і ўнутрана высакародныя, па-сапраўднаму глыбокія і сапраўдныя, не схільныя да нашэння акцёрскіх масак. У сваіх будучых кінапраектах, прынамсі, я гатовы выкарыстоўваць такі акцёрскі ансамбль».

Спектакль «Аднойчы ў вялікім горадзе» стаў шостым у не надта доўгай біяграфіі інклюзіў-тэатра «і». Пакуль складана прагназаваць, як надоўга ён прапішацца на падмостках музычнага тэатра, але амаль 400 «білетных» гледачоў — для студыйцаў гэта ўжо вялікае дасягненне. І, як мяркуе прадзюсар Леанід Дзінерштэйн, не апошняе. «Адзін з нашых хлопчыкаў, Кастусь Жыбуль, прыдумаў гісторыю пра восем пачуццяў, кожнаму з якіх даў пэўны колер і чарговасць; паводле гэтай гісторыі мы вырашылі паставіць спектакль, складзены з васьмі 10-хвілінных навел, — мяркую, бліжэй да наступнага лета ўжо зможам паказаць яго. Ёсць і яшчэ некалькі творчых задумак. Наогул, у тэатры — тры моцныя рэжысёры, тры майстэрні, а таму штогод мы можам «страляць» трыма спектаклямі — тым больш усе вядучыя беларускія акцёры, з кім я размаўляў, гатовыя іграць у гэтых антрэпрызах».

Дарэчы, гэтай восенню рэжысёр Сяргей Ісакаў прадставіў грамадскасці свой новы дакументальны фільм «Хто апошні?», які здымаўся ў інклюзіўным тэатры цягам 1,5 года. Ягоныя героі — асаблівыя дзеці Міша, Кастусь, Улада і Макс — праз тэатр пры падтрымцы каманды педагогаў і псіхолагаў прайшлі вялікі шлях па адаптацыі ў грамадстве: нехта пайшоў у звычайную школу, нехта перастаў баяцца гаварыць з людзьмі. Галоўны пасыл фільма — натхняльны поспех і зноў жа — надзея для многіх бацькоў, якія ўпершыню сутыкнуліся з дыягназам «аўтызм»: калі не апускаць рукі, шмат чаго можна змяніць да лепшага. І нават калі з гэтых дзяцей не вырастуць новыя Вудзі Ален, Стэнлі Кубрык, Боб Дзілан або Вірджынія Вульф (ва ўсіх гэтых знакамітых людзей назіраліся пэўныя формы аўтызму), яны змогуць знайсці сваё месца ў свеце і развівацца нароўні з аднагодкамі. Цяпер фільм пачне сваю фестывальную гісторыю — а таксама, як абяцаюць яго стваральнікі, будзе паказаны ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Цуды на вялікай сцэне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?