Вы тут

Колькі белага ў чорным?


Можна проста напісаць імя на афішы выстаўкі, нават без асаблівай назвы, і гэта прыцягне ўвагу. Таму што імя мастака Аляксандра Салаўёва для
Віцебска — значнае. Чалавек, які даў гораду больш, чым падараваныя работы. Ён адзін з тых сучасных творцаў, якія падтрымліваюць дух таго самага мастацкага пошуку і эксперымента, якім Віцебск славіцца ўжо больш за стагоддзе. І яшчэ ён даў гораду — і Беларусі наогул — магчымасць адчуваць тэатр і айчынную класіку праз мастацкія вобразы (трыццаць гадоў свайго жыцця прысвяціў працы ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа).


Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва ў кастрычніку прадставіў экспазіцыю «Аляксандр Салаўёў. Жывапіс. Графіка». Яна складаецца з 30 работ мастака, што знаходзяцца ў фондах цэнтра. Яны раскрываюць творчасць, што паўставала з 1980-х гадоў і да нашага часу. Майстра, якому пераваліла за 90, актыўна працуе і не спыняецца ў мастацкіх пошуках. Чалавек, якому цікавыя розныя праявы жыцця, выяўляе іх з розных бакоў, але самае галоўнае — ва ўсіх з'явах яго цікавіць сэнс, глыбіня, эмоцыя, якую яны нараджаюць у чалавека. Надта абстрактна?

У гэтым жа і заключана сутнасць творчасці віцебскага мастака-авангардыста. Яго жывапісныя работы — выяўленне глыбінь свядомасці чалавека. Складаныя, шматслойныя (нават не з-за спосабу накладвання фарбаў), яны ўяўляюць сабой асаблівую форму інтэрактыву, таму што правакуюць асацыяцыі і аналіз сваёй рэакцыі на ўбачанае. Нават калі ў аснове работы чорны колер, то заўсёды ёсць жаданне раскласці яго і пабачыць, колькі ў гэтым чорным белага, чырвонага ці сіняга. Аляксандра Салаўёва пазнаюць па асаблівым стылі працы з колерам і экспрэсіўнасці. Ён напаўняе работы энергіяй, з якой ідзе па жыцці сам, уцягвае ў філасофскія разважанні і дыялог наконт таго, што ёсць вечнае і стваральнае. У розныя перыяды жыцця Салаўёў аказваўся ў авангардзе, у віры падзей. У юнацтве — партызаніў, скончыў вайну на фронце, мае ордэны і медалі. Як творца ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Яшчэ адна асаблівая ўзнагарода — любоў публікі, і не толькі айчыннай. Выстаўкі Аляксандра Салаўёва ў Віцебску ладзяцца нярэдка, але заўсёды выклікаюць цікавасць, яшчэ і таму, што мэтр у свае 92 гады існуе ў творчым руху і няспынны ў пошуках. А задачы ў творчасці, якія ён перад сабой ставіць, натхняюць на пастаяннае ўдасканаленне. Бо Салаўёў з тых мастакоў, якім для плённай працы патрэбная найперш сама праца. І гэта для яго не абстрактнае паняцце, гэта рэцэпт доўгажыхарства ў мастацтве, пра што сведчыць і жывапіс, і графіка.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.