Вы тут

Змяняць стаўкі «як заўгодна» не атрымаецца


Банкі цяпер не змогуць змяняць працэнты па крэдытах у аднабаковым парадку, а таксама навязваць кліенту дадатковую паслугу, не даўшы права выбару

Гэта прадугледжана зменамі ў Банкаўскі кодэкс, якія ўступаюць у сілу з панядзелка, 29 кастрычніка, паведаміла намеснік начальніка галоўнага юрыдычнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Алена Орда.


Прынятыя новаўвядзенні датычацца абароны інтарэсаў той часткі насельніцтва краіны, прадстаўнікі якой з'яўляюцца кліентамі банкаў. Цяпер банкі не змогуць самі змяняць стаўкі працэнтаў па крэдытах і ўкладах у горшы для спажыўца бок. Гэтым фінансавым структурам забараняецца ў аднабаковым парадку павялічваць працэнтную стаўку па крэдыце або памяншаць яе па ўкладзе.

Выключэнне — выпадак, калі дагаворам устаноўлена пераменная працэнтная стаўка, вызначаная праз паказчык, змена якога адбываецца незалежна ад рашэння банка (напрыклад, калі стаўка па крэдыце або ўкладзе прывязаная да стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка).

Таксама банкі не змогуць навязаць кліенту дадатковую паслугу, не даўшы права выбару. Напрыклад, калі пры атрыманні крэдыту спатрэбіцца страхоўка, то кліент будзе мець права выбраць страхавую кампанію самастойна.

Якія яшчэ змены нас чакаюць?

Інфармацыя пра крэдыт без даплаты

Пасля ўводу змяненняў у Банкаўскі кодэкс з фізічных асоб не будзе брацца плата за інфармацыю пра ўмовы крэдытавання, за адкрыццё рахунку і залічэнне на яго крэдыту, калі гэты рахунак неабходны па ўмове крэдытнага дагавора.

Пры гэтым кліенты банкаў як мінімум адзін раз на месяц змогуць бясплатна атрымаць інфармацыю пра запазычанасць па крэдытным дагаворы. Для гэтага трэба будзе зрабіць запыт у банк, у тым ліку праз сістэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання.

Гэта інфармацыя павінна ўключаць звесткі пра суму запазычанасці па крэдытным дагаворы ў частцы асноўнай сумы доўгу па крэдыце, працэнтах за карыстанне ім, а таксама ў частцы пратэрмінаванай запазычанасці па асноўнай суме доўгу па крэдыце, працэнтах за карыстанне ім.

Банкі павінны нагадваць аб праблемных крэдытах

Зараз кліенты банкаў змогуць датэрмінова поўнасцю або часткова пагашаць спажывецкія крэдыты з выплатай працэнтаў за тэрмін карыстання крэдытам без папярэдняга паведамлення банку. Пры гэтым спагнанне няўстойкі — штрафу, пені — за датэрміновае вяртанне крэдыту не дапускаецца. Таксама банк павінен забяспечыць крэдытаатрымальнікам як мінімум адзін варыянт пагашэння крэдыту без збору і плацяжоў.

Банкі абавяжуць паведамляць кліентам аб пратэрмінаванай запазычанасці па крэдыце не пазней чым праз 30 дзён з дня яе ўтварэння, а паручыцелю — не пазней чым за 60 дзён. Гэтую інфармацыю банкі павінны будуць даваць бясплатна.

Банкаўская таямніца

Што датычыцца інфармацыі аб фізасобах, якая складае банкаўскую таямніцу, то яе могуць перадаваць іншым асобам у выпадках, калі банкі саступаюць свае патрабаванні па крэдытных дагаворах іншым юрыдычным асобам альбо калі крэдытныя дагаворы забяспечаны залогам. Акрамя гэтага, змяніліся спосабы перадачы такой інфармацыі, тлумачыць намеснік начальніка ўпраўлення законапраектных работ і экспертызы нарматыўных прававых актаў галоўнага юрыдычнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Віталь Сарокін.

Раней у Банкаўскім кодэксе была замацаваная норма, што такая інфармацыя даецца толькі па пісьмовым запыце. Згодна з новымі правіламі, яе можна будзе атрымаць з дапамогай электроннага запыту або на падставе пагаднення паміж банкам і дзяржорганам, які можа мець доступ да такой інфармацыі.

У абноўленым Банкаўскім кодэксе вызначаны выпадкі, пры якіх перадача банкам звестак не будзе разглядацца як парушэнне банкаўскай таямніцы. Да такіх сітуацый, у прыватнасці, адносіцца зварот банка ў суд, пракуратуру, органы крымінальнага пераследу, да натарыусаў або адвакатаў для абароны і (або) аднаўлення сваіх правоў і законных інтарэсаў.

Ліквідацыя банкаў

Што датычыцца спынення дзейнасці банка, то ў кодэксе замацоўваецца норма аб тым, што банк з моманту адклікання ліцэнзіі павінен будзе вяртаць банку-адпраўніку грашовыя сродкі, якія паступаюць на карысць кліентаў, а таксама грошы, залічаныя ў выніку тэхнічнай памылкі. Гэтая норма накіравана на абарону інтарэсаў кліентаў, падкрэсліла Алена Орда.

Зараз зменіцца парадак ліквідацыі ўстановы, ініцыяванай самім банкам. У прыватнасці, для самаліквідацыі больш не спатрэбіцца згода Нацыянальнага банка. Замест гэтага адпаведныя органы банка павінны праінфармаваць пра такое рашэнне Нацбанк. Цяпер у кодэксе прапісана, што стварэнне банка з адным заснавальнікам не дапускаецца, мінімум іх павінна быць двое.

Пры безнаяўных разліках стане магчымым прымяненне новых для краіны відаў, якія шырока выкарыстоўваюцца ў міжнароднай банкаўскай практыцы: банкаўскае плацежнае абавязацельства і прамое дэбетаванне рахунку. «Адна з ключавых пераваг банкаўскага плацежнага абавязацельства — адсутнасць неабходнасці перадачы папяровых дакументаў у банк. Гэта можа істотна паскорыць паступленне экспартнай выручкі на рахункі экспарцёраў», — растлумачыла Алена Орда. Прамое дэбетаванне рахунку дазволіць забяспечваць абарону правоў спажыўца тавараў і паслуг і вяртанне яму грашовых сродкаў у выпадку іх нездавальняючай якасці.

У абноўленым Банкаўскім кодэксе таксама ўдакладняецца, што крэдыты насельніцтву павінны выдавацца толькі ў беларускіх рублях.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».