Вы тут

Па слядах Анастасіі Слуцкай


30 і 31 кастрычніка Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі запрашае гледачоў на доўгачаканую прэм’еру – нацыянальны балет “Анастасія”, дзе наноў пераказваецца подзвіг удавы слуцкага князя Анастасіі Алелькавіч, якая напачатку XVI стагоддзя абараніла горад ад татарскіх набегаў. Гэта трэці нацыянальны балет у рэпертуары тэатра пасля “Страсцяў (Рагнеда)” (1995) і “Вітаўта” (2013), а таксама трэці спонсарскі праект, рэалізаваны на гэты раз пры падтрымцы “Белкалія” – таму на здачы спектакля і на прэм’еры будуць прысутнічаць больш як 500 работнікаў прадпрыемства.


Што цікава, літаратурную аснову да балетнай версіі “Анастасіі” напісаў той жа аўтар, які працаваў над сцэнарыем для “першага нацыянальнага блокбастара”, гістарычнай драмы ад “Беларусьфільма” “Настасся Слуцкая” – Анатоль Дзялендзік. Гэта лібрэта стала для яго першым у творчай біяграфіі, да таго ж “у тэатры паставілі ўмову: каб не было падобна на фільм”. А ўлічваючы, што ў летапісных крыніцах за мінулы час нічога новага не дабавілася да сціслых звестак пра легендарную князёўну Слуцкую, сцэнарысту давялося ўключыць фантазію і фактычна дадумаць, як маглі складвацца абставіны. Словам, аматараў гістарычнай дакладнасці мусім расчараваць: гэта не гістарычны гераічны эпас, а хутчэй фантазія вакол яго, харэаграфічная легенда, у якой рэальныя факты пераплецены з мастацкай прыдумкай, лірычнымі адступленнямі і ўласна рэжысёрскім прачытаннем сюжэту. Але разам з тым парадуем тых, каму фільм не спадабаўся: сюжэт балету далёкі ад кінематаграфічнага ўвасаблення. Так, у “Анастасіі” гледачы не ўбачаць загадкавых лясныіх плямёнаў, вернага целаахоўніка князёўны Арслана і здрадніка князя Друцкага – затое прасочаць няпростыя лініі любоўнага трохкутніка паміж Анастасіяй, закаханым у яе князем Міхаілам Глінскім і каварнай дачкой крымскага хана Заірай, убачаць узлёты і падзенні чалавечай душы ад найніжэйшай подласці да самаадданай вернасці і высакароднасці… І, дарэчы, зусім іншы, чым у фільме, фінал – гэткую тлустую і адназначную кропку.

Як расказаў напярэдадні прэм’еры балетмайстар-пастаноўшчык спектакля, народны артыст Беларусі Юрый Траян, праца над спектаклем доўжылася практычна тры гады, хоць актыўны рэпетыцыйны перыяд заняў усяго каля двух з паловай месяцаў. У выніку з шасці акцёрскіх саставаў засталося толькі тры, і які з іх выступіць на прэм’еры, дагэтуль не паведамляецца – у тэатры трымаюць інтрыгу да апошняга. Аднак, падкрэслівае харэограф, усе саставы вельмі моцныя і па-свойму цікавыя. І хто б ні выконваў галоўныя ролі – Анастасіі (яе партыю танцуюць вядучы майстар сцэны, заслужаная артыстка Беларусі Ірына Яромкіна, колішняя ўдзельніца танцавальнага “Еўрабачання” Яна Штангей і Людміла Уланцава), слуцкага князя Сямёна Алелькавіча (Антон Краўчанка, Дзмітрый Шэмет і Ігар Аношка), захлёбістага князя Міхаіла Глінскага (Юрый Кавалёў, Алег Яромкін), татарскага хана (Такатошы Мачыяма, Канстанцін Геронік) і яго дачкі (Аляксандра Чыжык, Вікторыя Трэнкіна) – гісторыя мусіць атрымацца відовішчнай і захапляльнай.

 “Я лічу, што такі тэатр, як наш, проста павінен раз на 5-6 гадоў рабіць нацыянальную пастаноўку – гэта тое, што за нас ніхто не зробіць”, – дадаў Юрый Траян. Яго падтрымаў і мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка, які адзначыў, што бачыць сваю задачу ў тым, “каб гледачу спадабалася гэта гісторыя і дзесьці ўнутры ўскалыхнуўся гонар за сваю краіну, за сваіх продкаў, за тое, што ён таксама з’яўляецца беларусам”. Дасягнуць гэтага патрыятычнага эфекту дапамогуць музыка кампазітара Вячаслава Кузняцова, які спалучыў аўтарскае бачанне з музычнымі традыцыямі даўнейшай эпохі, а таксама відовішчныя дэкарацыі (у афармленні сцэны, між іншым, выкарыстаны лікі з манастыра Ефрасінні Полацкай, якія зможа ўбачыць кожны глядач дзякуючы тром праекцыйным апаратам) і адметныя касцюмы – мастачка Кацярына Булгакава перагледзела мноства кніг і карцін, каб зрабіць шляхецкія ўборы і баявыя латы хоць і стылізаванымі, але адпаведнымі XV-XVI стагоддзям, і паабяцала, што “ніякіх валошак не будзе, але будуць вянкі і вельмі прыгожыя сукенкі”. Але перадусім, канешне, настрой спектаклю зададуць артысты балету – тыя самыя тры саставы.

“Я ўвесь час рэпетыцый шукала словы, якія маглі б ахарактарызаваць маю гераіню, і днямі нарэшце знайшла гэту фразу: “Хрупкая лілія на сталёвым стрыжні”, – дзеліцца сваім разуменнем вобразу Анастасіі Ірына Яромкіна. Яна прызналася, што глядзела фільм, але не арыентавалася на яго, і перакананая, што ў балеце князёўна Слуцкая атрымаецца зусім іншай – не такой “жыццёвай”, а хутчэй метафарычнай постаццю, якая сімвалізуе пяшчотную жанчыну, вымушаную стаць моцнай. Такая ж роля-сімвал і ў заслужанага артыста Беларусі Антона Краўчанкі, які працуе над вобразам мужа Анастасіі, валявога і моцнага Сямёна Алелькавіча, а раней ужо выконваў “князёўскія” партыі Вітаўта, Уладзіміра і Яраполка ў папярэдніх нацыянальных балетах Вялікага тэатра. А вось заслужаны артыст Беларусі Юрый Кавалёў, які выконвае партыю Міхаіла Глінскага, наадварот, адзначыў, што яму цікава было танцаваць ролю менавіта такога, неадназначнага персанажа – ён не добры і не дрэнны, а заблытаны, рэфлексіруючы, поўны самых розных эмоцый і фарбаў, а таму падобны да рэальнага, жывога чалавека.

– Мы яшчэ доўга можам гаварыць пра тое, якім атрымаецца балет “Анастасія”, аднак лепш усё ж адзін раз убачыць, – падсумоўвае новы-стары мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Валянцін Елізар’еў. – Я, дарэчы, і сам не прысутнічаў на рэпетыцыях, і гэтак сама, як усе гледачы, з нецярпеннем чакаю прэм’еры. Калі балет – музыка, харэаграфія, сюжэт – і мне, і вам спадабаюцца, закране глыбокія струны душы – выдатна. Калі не – усё адно гэта крок у патрэбным накірунку. Бо будуць новыя аўтары і новыя пастаноўкі, і нацыянальныя спектаклі павінны нараджацца на сцэне нашага, нацыянальнага тэатра.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Размова пра сучаснае стаўленне да культуры, гастролі Купалаўскага тэатра ў савецкія часы і здымкі ў фільме «Ідзі і глядзі».

Грамадства

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Аляксандра Папова ў Мсціславе ведаюць усе.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.