Вы тут

Ад землякоў Агінскага


У музыкі няма ўзросту. Нават калі дакладна пазначаны пачатак яе нараджэння, прыналежнасці да месца. Калі адна пранізлівая нота потым дае аснову выразнай мелодыі, узмацняецца акордамі, што напаўняюць прастору поліфанічнасцю гучання. Момант нараджэння ўсё адно будзе ўмоўны: прастора ніколі не бывае цалкам маўклівая, і ёсць тое, што гучала раней. Так і гісторыя адной музычнай з’явы — Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа: аднойчы стартаваўшы, жывілася поліфаніяй, што віравала ў прасторы раней, у тым ліку дзякуючы папярэднікам, імя аднаго з якіх установа носіць цяпер.


Фота БЕЛТА

Гэтымі днямі ўрачыстым канцэртам адзначаць 60-годдзе Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага і 50-годдзе заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра каледжа. З чым падышлі выкладчыкі і навучэнцы да гэтай рысы, тлумачыць дырэктар установы заслужаны дзеяч культуры Беларусі Рыгор Сарока:

Пра навучанне і вучняў

— Усе гады, што я працую на гэтай пасадзе, акрамя музыкі, аркестра, творчасці, займаўся яшчэ і гаспадарчымі справамі: рэканструяваў і залу, і сцэну, даводзіў да ладу інтэрнат і класы, уладкоўваў двор будынка каледжа, каб ужо тут адчувалася высокая культура. Наша ўстанова ўкамплектавана добрым музычным інструментарыем. На цяперашні час маем 400 музычных інструментаў, з іх 80 % — сусветнага ўзроўню. Мы ўдзячныя Мінскаму аблвыканкаму за ўважлівае стаўленне да нашай навучальнай установы, у прыватнасці, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка прыняў рашэнне да юбілею падарыць калектыву канцэртны раяль Steinway.

Па сутнасці, у гэтым рэгіёне (у Мінскай вобласці) у культурнай сферы працуе большасць выпускнікоў нашай установы: яны запатрабаваныя ў творчых калектывах, школах мастацтва, у музычных школах і г. д. Прыемна адзначыць, што 15 былых выпускнікоў Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага атрымалі вялікія дзяржаўныя ўзнагароды, 2 маюць званне народных артыстаў Расіі і Беларусі, 5 — заслужаных артыстаў Беларусі, 6 — заслужаных дзеячаў культуры Беларусі. Найбольш таленавітыя выпускнікі працягваюць вучыцца далей у Беларусі і за яе межамі: і ў Маскве, і ў Санкт-Пецярбургу, і ў Еўропе. Многія оперныя тэатры свету маюць у сваіх трупах музыкантаў — нашых выпускнікоў.

Мы вядзём навучанне па ўсіх інструментах сімфанічнага аркестра, а таксама па народных — беларускіх і рускіх, таксама ёсць спецыяльнасць «Харавое дырыжыраванне», рыхтуем і вакалістаў. Але 20 гадоў таму я адкрыў аддзяленне дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва. У выніку мы сёння маем выдатна аздобленыя аўдыторыі, сцены. Шмат работ, створаных у нас, перадалі ў музеі, цэрквы. Наша аддзяленне стала знакамітым, асабліва кірунак па адметнай беларускай выцінанцы.

Акрамя таго, наша ўстанова працуе фактычна і як філіял філармоніі: мы выхоўваем культурных грамадзян пачынаючы з дзіцячых садкоў і школ, робім для іх канцэрты, вядзём лекцыі і г. д. У Маладзечне дзякуючы каледжу і яго калектывам выхаваная слухацкая аўдыторыя.

Рыгор Сарока за дырыжорскім пультам

Пра оперны горад

— У Маладзечне былі створаны паўнавартасныя оперныя спектаклі, іх транслявалі па тэлебачанні, мы выдалі дыскі з гэтымі творамі. Адна з оперных пастановак была прысвечана менавіта Міхалу Клеафасу Агінскаму, імя якога носіць каледж… Я шукаў такое імя, якое ведае свет і якое мае дачыненне да гэтай тэрыторыі. Таму мы пачыналі шлях да ўслаўлення гэтай асобы ў назве каледжа з Маладзечанскага райвыканкама. Павінен сказаць, што Маладзечна — усё ж такі горад перадавы, нас падтрымалі. Агінскі насіў тытул «граф Маладзечанскі». А дзядзька яго жыў тут і дараваў яму маёнтак у Залессі. Вельмі стваральны род, шмат зрабіў на землях Беларусі, Літвы і Расіі. І ў музыцы вельмі многа створана Міхалам Клеафасам Агінскім: адных паланэзаў 28, яшчэ мазуркі, рамансы. Выдатны майстар дробнай формы, ён падрыхтаваў прыход Шапэна. Таму шмат увагі надаём гэтай асобе. Мы бралі ўдзел ва ўсталяванні дошкі на тым доме ў Фларэнцыі, адкуль яго хавалі. І помнік каля каледжа з’явіўся — таксама спатрэбіліся вялікія намаганні, але цяпер відавочна, што гэта апраўданы крок і дадатковае натхненне для навучэнцаў. І сапраўды, яшчэ і оперу «Міхал Клеафас Агінскі» напісалі і паставілі сваімі сіламі.

Пра юбілейны канцэрт

— Перш-наперш пакажам аркестр, яго ўзровень. Гэта мой гонар (я аддаў яму амаль 40 гадоў жыцця). Сёння гэты калектыў запрашаюць у Еўропу, ён вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Па-другое, прадставім хор і нашых знакамітых выпускнікоў. Прыйдзе Уладзімір Дзмітрук, саліст тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, саліст Масканцэрта Валянцін Сухадолец, Анатоль Сіўко, які сёння працуе ў славутых оперных тэатрах свету, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, салісты Вялікага тэатра Беларусі Дзяніс Янцэвіч і Андрэй Майцюшонак. Я запрашаю свайго сябра Алега Вайнштэйна, выдатнага піяніста з Санкт-Пецярбурга, каб разам выканаць Першы канцэрт Чайкоўскага для фартэпіяна з аркестрам. Падрыхтаваны фільм аб нашай навучальнай установе і аркестры каледжа. Мы маем 25 запісаных дыскаў з музыкай і працягваем працаваць дзеля яе.

Ларыса ЦІМОШЫК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.