Вы тут

Агульная млявасць?.. Трэба схадзіць у кіно


167 карцін, 48 краін-удзельніц, 11 адметных сусветных дэбютаў, знаёмства з нацыянальнымі кінашколамі і асаблівыя перажыванні за беларускае кіно — XXV Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» вызначыў прыярытэты. Усё, каб нагадаць: кіно — мастацтва для дыялогу аўтара з тымі, для каго ён здымае. Вось і галоўны фестывальны слоган сёлета абралі ў памяць пра кінамайстра з асаблівым поглядам на жыццё і чалавека. Кіра Муратава сышла ў лепшы свет, а запаветы яе засталіся: «Спазнаючы белы свет», аматары кінамастацтва пражывуць тыдзень з 2 па 9 лістапада.


Дырэктар праграм гульнявога кіно фестывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў запэўніў, што ёсць магчымасць прывозіць у Мінск найлепшыя стужкі, што ствараюцца ў свеце, якія даюць штуршок для развіцця, прымушаюць задумацца пра сучасны стан чалавека. Менавіта з гэтага пункту гледжання сярод іншых галоўная ўвага прыкаваная да асноўнага конкурсу, дзе аб’яднаныя карціны з краін, што ішлі (ідуць) сацыялістычным шляхам.

— Гэта тыя тэрыторыі, якія апошняму савецкаму пакаленню былі вельмі добра знаёмыя. Таму што ўсё кіно падзялялася на тры катэгорыі: айчыннае (фільмы 15 саюзных рэспублік), сацыялістычных краін і іншых замежных краін. Цяпер мы ўсё можам ведаць пра капіталістычны кінематограф (Амерыка, Францыя, Вялікабрытанія): і кіназалы, і нашы хатнія экраны запоўнены гэтымі стужкамі. Але што мы ведаем пра нашых былых суседзяў, што мы ведаем пра саміх сябе? Вось што нас вельмі хвалюе, — адзначыў Ігар Сукманаў. — І мы хочам, каб фестывальны тыдзень быў прысвечаны найперш гэтаму кінематографу і гэтым кінашколам. Таму што праблематыка гэтых рэгіёнаў (Цэнтральная і Усходняя Еўропа, былы Савецкі Саюз, Кітай, Куба, В’етнам) нам больш зразумелая, гэтыя тэрыторыі, нягледзячы на сваю блізкасць і экзатычнасць, з’яўляюцца зонай нашых клопатаў. І які б фільм мы ні паглядзелі, ён адгукнецца ў нашым розуме, бо гэта кіно пра нас і наш час. Усе карціны невыпадковыя для сваіх кінематаграфій.

Але па магчымасці ўразіць і падкінуць пытанняў не менш багатыя іншыя конкурсы. На-прыклад, у «Маладосць на маршы» адбіраюцца самыя гучныя кінадэбюты свету, іх аўтары рана ці позна могуць трапіць у ранг прызнаных майстроў. Нейкія фільмыўдзельнікі ўжо былі трыумфатарамі міжнародных фестываляў, некаторыя сталі фаварытамі нацыянальнага кінапракату, як кітайскі фільм «Маладосць».

Адкрыць фестываль выпала карціне аўтара, што быў адным з пераможцаў «Лістападу»: «Халодная вайна» польскага рэжысёра Паўла Паўлікоўскага таксама звяртае да нядаўняй гісторыі.

Кожны аматар кіно мае магчымасць знайсці фільмы згодна са сваім густам і ў адпаведнасці з асабістымі поглядамі. Ёсць адзін асаблівы прыярытэт — дзяржаўны: айчынны кінематограф. Конкурс абвешчаны. Але ёсць тое, на што варта звярнуць увагу акрамя яго, — паказы найлепшых дакументальных стужак розных гадоў студыі «Летапіс». Стужкі, знятыя беларускімі майстрамі, ёсць у праграмах дакументальнага і дзіцячага конкурсу. Можна радавацца вялікаму святу кіно, якое мы ладзім, але хацелася б, каб гэтая радасць узмацнялася ўласнымі прыкладамі вартых карцін.

Марыя АСІПЕНКА

Фота Веранікі ВЕЛЬБ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».