Вы тут

Адхінуўшы покрыва таямнічасці


Тысячагоддзямі жанчыны — так ужо склалася — не мелі асабліва шмат правоў. Але нават у такіх неспрыяльных варунках многія з іх здолелі ўзмацніць свой грамадзянскі статус. Менавіта пра гэта гістарычныя нарысы Анатоля Бутэвіча «Жанчыны з легенды» (Мінск, Мастацкая літаратура, 2017). Хоць мэтай аўтара было апісанне загадкавых лёсаў жанчын, якія нарадзіліся на беларускіх землях у розныя эпохі, твор дае магчымасць паразважаць пра іх уплыў на гістарычны працэс. Жыццё многіх стала легендай, і цяпер цяжка здагадацца, дзе праўда, а дзе міфы. Даўнія гістарычныя падзеі вельмі складаныя і неадназначныя. Да нас даходзіць толькі водгулле і скупыя звесткі.


Аўтар сцвярджае, што многія кіраўнікі Вялікага Княства Літоўскага не жадалі далучаць сябе і сваю дзяржаву да палітыкі нейкай адной краіны, магчыма, каб не залежаць ад яе самім і не ставіць у залежнасць лёс гаспадаркі. Наадварот, яны імкнуліся наладзіць стасункі з кіраўнікамі адразу некалькіх дзяржаў. У гэтым дапамагалі палітычныя шлюбы: нярэдка дзяўчыну са знатнага роду аддавалі замуж за прадстаўніка ўлады іншай краіны менавіта з такой мэтай. Таму нядзіўна, што славутыя жанчыны часта маглі кіраваць палітыкай. Але аўтар не расказвае выключна пра дзяржаўнае жыццё гераінь. Ён запэўнівае: «Жанчына заўсёды застаецца жанчынай: каханай, жонкай, маці — з багатым веерам асабістага жыцця, часам незвычайных і проста авантурных прыгод». Анатоль Бутэвіч даказвае гэта ў кожным са сваіх расповедаў.

...Шлюб з Барбарай Радзiвiл прынёс каралю Жыгімонту II шмат складанасцяў. Закаханы ўладар справіўся з імі. Аднак хваробу Барбары перамагчы не ўдалося. Аўтар падае цікавы факт: каханне было настолькі вялікае, што, каб пахаваць Барбару, ён 20 дзён ехаў конна і ішоў пешшу за труной сваёй каханай ад Кракава да Вільні. Беларускі чытач добра ведае п’есу Аляксея Дударава «Чорная панна Нясвіжа». У нас ужо склаўся стэрэатып пра загадкавую асобу, што блукае па тамтэйшым замку. Але вось якая рэч: за трыццаць адзін год свайго жыцця Барбара Радзівіл ані разу не была ў Нясвіжы.

А вось яшчэ цікавыя факты. Першую жонку Васілю III выбіралі ледзь не на конкурсе прыгажунь, як сказалі б цяпер, але нарадзіць жаданага сына яна не змагла. Другую выбранніцу — Алену Глінскую — князь шукаў сабе сам. Можна сказаць, княгіня мела ўладу не толькі над Рускай дзяржавай, але і над многімі людзьмі. Хоць Алены Глінскай не стала, калі яе сыну Івану было толькі 8 гадоў, можна сцвярджаць, што характар маці (а яна была моцная, уладарная і разумная жанчына) мог паўплываць на светапогляд Івана Грознага. Нейкі час яна добра ставілася да дзядзькі Міхаіла Глінскага, але па яе волі яго жыццё скончылася ў турме.

Стэфанiя Станюта... Гэтую актрысу аўтар ведаў асабіста. З 95 гадоў амаль 70 яна пражыла на купалаўскай сцэне. Яе талент паўплываў на майстэрства шматлікіх вучняў і паслядоўнікаў. Але, гэтаксама як талент, ад яе была неаддзельная і сціпласць.

Адметна, што гісторыі гэтых жанчын не скончыліся з іх смерцю. Прайшло шмат гадоў, і становіцца відавочным, які ўплыў аказалі іх лёсы на далейшае развіццё падзей нашай гісторыі. Асабліва цікавы аналіз звестак А. Бутэвіч зрабіў пры стварэнні вобразаў Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі, Соф’і Гальшанскай, Настассі Слуцкай. Гістарычныя нарысы складзены таленавіта. Насычанасць датамі, дакладнасць гістарычнага кантэксту, дасведчанасць аўтара ў заблытаных перыпетыях біяграфій, глыбокі аналіз падзей мінулага, мастацкая дасканаласць апісанняў робяць кнігу надзвычай цікавай для чытача.

Цяпер часта можна пачуць аб гендарнай няроўнасці, часам даходзіць да ўзаемных папрокаў. Дык ці існуе аб’ектыўны погляд на сапраўднае становішча жанчыны не толькі ў сучасным свеце, але і ў развіцці сусветнай цывілізацыі? Няма адназначнага адказу... Гісторыя і наша штодзённае жыццё раз за разам прымушаюць задумацца пра гэта.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.