Вы тут

Навум Гальпяровіч. Сонечныя дні наваполацкага паэта


Каго толькі не бывала на пасяджэннях нашага літаб’яднання «Крыніцы» ў Наваполацку!.. Маглі да гадзіны ночы ў адным з кабінетаў гарадской газеты «Химик» чытаць вершы, спяваць песні, часам горача спрачаліся пра творы тых, хто выносіў на агульны суд свае спробы пяра…


Аднойчы ў рэдакцыйным пакоі паявіўся чалавек гадоў пяцідзесяці з яўна ваеннай выпраўкай, якая выдавала ў ім адстаўніка. Прысеў у канцы стала, нешта запісваў у блакнот. Гэта ён па памяці ўзнаўляў свае рыфмаваныя радкі. «Аляксандр Парфір’евіч Мартыненка, — адрэкамендаваўся ён. — Працую на заводзе шкловалакна ў Полацку, пішу вершы на ўкраінскай, рускай і беларускай мовах».

Хрыплаваты голас з украінскім акцэнтам прымусіў больш уважліва паглядзець на гэтага чалавека. Нечакана для многіх гэта былі не практыкаванні пачаткоўца, а зусім спелыя цікавыя вершы. На пытанне, дзе ён авалодаў беларускай мовай, Аляксандр Парфір’евіч сціпла адказаў: «Па кніжках і па слоўніках». Цікавымі аказаліся радкі і па-ўкраінску, і па-руску.

Калі пазнаёміліся бліжэй, Мартыненка распавёў, што нарадзіўся ва ўкраінскім сяле Стэцкаўка на Сумшчыне. Маці пасля вайны, калі сыну трэба было афармляць метрыку, не магла дакладна ўспомніць дату яго з’яўлення на свет. «Калі саспявалі яблыкі», сказала яна. І напаўпісьменная супрацоўніца ЗАГСа праставіла ў дакуменце —18 ліпеня 1939 года. Імя па бацьку хлопчыка яна запісала «Прафіравіч», што надоўга стала прадметам дадатковых пытанняў.

Дваццаць шэсць гадоў аддаў «Прафіравіч» службе ва Узброеных Сілах і, пайшоўшы ў званні маёра ў адстаўку, асталяваўся ў старажытным Полацку. Аляксандр Мартыненка стаў актыўным наведвальнікам нашага літаб’яднання, яго вершы друкаваліся на старонках гарадской газеты, ён актыўна заняўся перакладамі нашых радкоў на ўкраінскую і рускую мовы, і я яму ўдзячны за некалькі маіх вершаў, якія ў яго перастварэнні з’явіліся ў часопісе «Нёман».

Мартыненка даволі індыферэнтна ставіўся да сваіх публікацый. Яго больш цікавіў сам працэс. На пасяджэнні літаб’яднання ён прыносіў стос напісаных радкоў. Ад парад сяброў сабраць усё ў рукапіс кнігі адмахваўся…

Калі я пераехаў у Мінск, стасункі з Аляксандрам Парфір’евічам перарваліся. Аднойчы патэлефанавала Надзея Салодкая і паведаміла, што Мартыненка аб’явіўся і «закідвае» яе сваімі радкамі.

Тое, што яна прыслала, узрадавала мяне. Талент Аляксандра Парфір’евіча пасталеў, у яго вершаваных радках з’явілася мудрая філасафічнасць і майстэрства.

Неўзабаве ў сталічным выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла кніга яго гумарыстычных твораў. Але яго беларускія вершы і пераклады яшчэ чакаюць свайго чытача. Сёння творцу ўжо пад восемдзесят, але яго блакноты часта напаўняюцца свежымі радкамі:

Я бачыў сон на беларускай мове —

Такі барвова-каляровы сон:

Быў ранак летні, восеньскі, зімовы

І ў той жа час вясновым здаўся ён.

Хай жа доўжыцца яго вясновы ранак і здзейсніцца выказанае самому сабе пажаданне:

І ў навальнічна-сонечнай цішы

Маланка, воблак, поле, бор сасновы,

І шум дажджу, і віхарок сняжын

Шапталі мне: «Ёсць, ёсць такія словы!

На беларускай мове напішы…»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.