Вы тут

Адступіўшы на крок, пабачыш бязмежныя далягляды...


Юлія Алейчанка — самая маладая з сёлетніх лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У свае няпоўныя 27 гадоў яна — яркі прыклад сучаснай паспяховай дзяўчыны: аспірантка БДУ, літаратуразнаўца, аўтар ужо двух выданняў: зборніка вершаў «Пад чароўным шкельцам» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2017), адзначанага ў намінацыі «Дэбют», і кнігі перакладной паэзіі «Вецер у валасах» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2018). Вершы яе, светлыя, пяшчотныя і ў той жа час глыбока-філасофскія, не раз станоўча адзначалі крытыкі. Чытаюць іх не толькі ў нас, але і за мяжой: публікацыі ёсць ужо на ўкраінскай, сербскай, рускай, кітайскай і азербайджанскай мовах. Чым жыве маладая паэтка, у чым знаходзіць натхненне, што ёй дапамагае пераадольваць складанасці — сакрэтамі творчай кухні Юлія Алейчанка падзялілася ў размове з нашым карэспандэнтам.


— На чым выхоўваўся твой паэтычны густ?

— На творчасці класікаў. Я — з Оршы, зямлячка Уладзіміра Караткевіча. Гэта першы рамантычны досвед: ні з чым нельга параўнаць тое пачуццё, калі адкрываеш, адкуль пайшла Беларусь, рыцары, прыўкрасныя дамы… Часта прыходзіла ў аршанскі музей Караткевіча… А потым пазнаёмілася з творчасцю Максіма Танка. Яна і сталася для мяне ўзорам спалучэння сэнсу і формы, таленту і грамадзянскай мужнасці, працаздольнасці.

— Гавораць, што шчаслівыя вершаў не пішуць... Калі ў цябе ўсё добра — гэта самадастатковы стан, а разбуральныя пачуцці перадаць значна прасцей...

— Так. Тут своеасаблівая рэфлексія. Больш матывацыі адлюстраваць той стан, калі штосьці турбуе, не дае спакою, бо робіцца псіхалагічна лягчэй, калі гэтыя пачуцці выказваеш. Я не надта дэпрэсіўны чалавек, але часам навальваецца неадпрэчная скруха…

— У паэзіі сказана так шмат, асабліва калі браць усходнюю, з тысячагадовай традыцыяй. Таму існуе меркаванне: галоўнае — не што сказаць, а як. Ці згодная ты?

— Яшчэ нашы класікі на пачатку ХХ стагоддзя маглі і новыя плыні шукаць, і новыя тэмы. А мы павінны імкнуцца да новай формы выказвання думкі. Гэта вельмі хораша праілюстравана на прыкладах сучаснай маладой літаратуры: яна пераважна інтэлектуальная, але найбольш таленавітыя аўтары спалучаюць сапраўднае пачуццё з эксперыментам выяўлення. У гэтай сувязі вельмі імпануюць творы Аляксея Арцёмава, Насты Кудасавай, Рамана Абрамчука і іншых.

— А ў цябе які любімы памер і форма?

— Верлібры. Але працую і ў традыцыйнай сілабатанічнай тэхніцы. Не стаўлю форму вышэй за напаўненне, проста калі-нікалі хочацца сказаць больш вольна, нерыфмавана. Але часам ёсць рытмічны «гул» — і яго хочацца ўкласці ў памер.

— Ты шмат перакладаеш. Ці ёсць розніца ў адчуваннях усходніх і заходніх паэтаў: матывы, рытмы. У чым яны розныя?

— Розныя ва ўсім. Але нават у заходніх часам сустракаюцца адчуванні ўсходнія і наадварот. Што датычыцца сучасных — мяжа, розніца вельмі размытыя. Калі казаць пра класіку, то ўсходнія паэты больш традыцыйныя. Але хоць паэты Усходу і арыентаваныя больш на ўнутраны свет, нельга сказаць, што Захад, наадварот, арыентаваны толькі на знешні свет. У той жа час для заходняга чалавека вельмі важны соцыум, а для ўсходняга — найперш сям’я. Лічу, што надзвычай цікава атрымалася ў нас: своеасаблівае паяднанне, бо мы заўжды былі на сутыкненні ўсходняй і заходняй культур і бралі і тое, і тое...

Вельмі цікава расшыфроўваць праз творы і міфы нацыянальныя коды розных народаў. Асабліва датычна кітайскай паэзіі. Працавала з добра каментаванымі падрадкоўнікамі, якія рабілі кітаязнаўцы з філалагічнага факультэта і інстытута Канфуцыя, — трэба ведаць міфалогію, нейкія культуралагемы, каб быць у тэме. Я і сама стала цікавіцца.

— Але ці можна адчуць нацыянальны код без ведання мовы?

— У некаторай ступені можна. Мова — гэта тое, што непасрэдна адлюстроўвае менталітэт народа і яго думку, але ж мы вывучаем культуру іншых краін без ведання мовы, глядзім фільмы ў перакладах і тэатральныя пастаноўкі, чытаем перакладныя кнігі, сузіраем творы жывапісу… Ведаць усе мовы немагчыма.

— Коды якіх нацый табе сталі зразумелыя і які з іх табе найбліжэйшыя?

— Праз літаратуру прыйшло адчуванне і таджыкаў, і азербайджанцаў, і казахаў — у многім іх лучаць пастулаты ўсходняй культуры: імкненне да максімальнага захавання стабільнасці сістэмы і традыцый (значна менш, чым у заходняй культуры, і ў нас як у культуры на скрыжаванні), імкненне да індывідуалізму (адсюль традыцыйная ўсходняя выява чалавека ў лодцы без вёслаў — падпарадкаванне агульнаму цячэнню і лёсу). Але гэта зусім не адмаўляе творчае ці навуковае выяўленне асобы: колькі славутых вучоных, паэтаў, мастакоў Усходу, пачынаючы са старажытнасці, мы ведаем! Ды і ў сучасным свеце ідзе актыўнае пераасэнсаванне законаў грамадства. Напрыклад, у Баку ў папулярным моладзевым квартале ёсць выява дзяўчыны ў кароткім топіку і ў джынсах... Але найперш нейкую глыбінную сімпатыю, павагу і захапленне, а таксама цікавасць адчуваю да кітайскага народа. І ў плане псіхалогіі, якая выяўляецца ў вершах. Пачынаеш разумець, як шмат блізкага ў менталітэтах вельмі далёкіх, здавалася б, народаў: нашага і кітайскага. Яны — вялікія працаўнікі. Да таго ж народ памяркоўны. У іх ёсць цікавы выраз: адступіўшы на крок, пабачыш бязмежныя далягляды. І тут яны падобны да нас: часам лепш не рабіць рашучы крок наперад, а пастаяць і паглядзець.

Разуменне гэтай філасофіі прыйшло, калі зацікавілася лёсам казахскага пісьменніка Немата Келімбетава. У сталым узросце ён аказаўся прыкаваным да ложка. І яму адкрыліся проста-такі неабсяжныя далі… І цяпер мы маем выключнага ўзроўню яго празаічныя творы.

— Які з кітайскіх паэтаў табе найбліжэйшы?

— Сучасны творца Ван Гачжэнь. Гэта своеасаблівы рупар пакалення. Хаця яго і шмат крытыкавалі, а верлібры называлі зборнікам афарызмаў пра сучаснасць (але вельмі глыбокія афарызмы). Вершы яго зразумелі і прынялі і ў Амерыцы, і ў Еўропе. Кранае яго лірыка кахання, пейзажныя замалёўкі...

— Раней у пераклад прыходзілі паэты, якія ўжо добра ведалі мову, з якой перакладалі. Як ты ставішся да шырока распаўсюджанай сёння практыкі, калі пераклады робяцца з падрадкоўніка?

— І сёння найбольш цэняцца пераклады, што робяцца з мовы, якую перакладчык ведае. Гэта больш правільна. А найвышэйшы пілатаж — калі перакладчык ведае не толькі мову, але і культуру той краіны, з мовы якой перакладае. Калі казаць пра кітайскую, то цяпер рыхтуюцца шмат спецыялістаў-кітаязнаўцаў, але яны ж не паэты. А перакладаць паэзію найбольш складана. Асабліва кітайскую класічную паэзію: яе можна перакласці толькі прыблізна. Вельмі далёкія мовы, у іх розныя танальнасці. Іерогліфы складаныя для разумення. Таму многія перакладчыкі пераствараюць толькі прозу. Адносна вершаў: кітаязнаўцы робяць пераклады на рускую мову, і толькі Алена Раманоўская рабіла для нас падрадкоўнікі па-беларуску — па яе падрадкоўніках і атрымаліся найлепшыя вершаваныя пераклады.

— У тваёй кніжцы «Пад чароўным шкельцам» пераклады займаюць істотную частку. Я гартала зборнікі, дзе аўтарскія вершы — слабыя, тым больш на фоне ўключаных у іх перакладаў. Ці не баялася ты такой рызыкі?

— Так, было страшна, але ж рызыкнула.

— Ці часта ўвогуле рызыкуеш?

— Даводзіцца. Жыццё хоць і кампраміс, але ў той жа час і рызыка само па сабе.

— Калі ў тваім жыцці была найбольшая рызыка?

— Спачатку — выбар прафесіі, потым — у адносінах, у разрыванні, спыненні іх.

— Ці часта рвеш адносіны?

— Не надта, але апошнім часам пакідаю вакол сябе толькі самых блізкіх, вузкае кола. Знаёмых вельмі шмат, а сяброў мала.

— У вершы-прысвячэнні Немату Калімбетаву з твайго зборніка ёсць цікавыя радкі: «Што баяцца смерці? Душам не памерці…» Што змушае цябе, такую маладую, задумвацца аб смерці?

— Гэта з маёй цікавасці да эсхаталагічных міфаў народаў свету. Цікава адкрываць для сябе, як смерць пераасэнсавана ў розных культурах. Для адных гэта — завяршэнне, для іншых — пачатак… Адно з галоўных пытанняў нашага існавання. Я не баюся смерці, бо веру ў жыццё пасля. Ёсць спадзяванне і на найвышэйшую, Боскую справядлівасць, і на вяртанне ўсім нам «па заслугах». Іншасвет існуе, гэта адлюстравана ў культурах усіх народаў свету. У гэтай сувязі не магу не згадаць творчасць англійскага пісьменніка-фантаста ды містыка Ніла Геймана, яго раманы і гатычныя апавяданні. Захапляюся яго здольнасцю пераасэнсоўваць ролю міфалагічных уяўленняў у нашым жыцці. Мы, людзі ХХІ стагоддзя, дагэтуль жывём у сусвеце міфаў нашых продкаў ды ствараем на іх аснове новыя...

— А сама ты сутыкалася з нечым містычным?

— Так. Чула крокі памерлага прадзеда ў яго пустой кватэры. Бачыла перад важнымі падзеямі прабабулю ў сне, і цяпер, бывае, адчуваю яе прысутнасць. Пра гэта — маё апавяданне «Болей не буду». Аднойчы азербайджанскі нумеролаг вызначыў, што маё цяперашняе жыццё — перадапошняе на зямлі, бо мая душа прайшла ўжо шмат рэінкарнацый; што ведаю занадта шмат для свайго ўзросту і старажытнай душы бывае цяжка ў маладым целе...

— У іншым тваім вершы, які ўвайшоў у зборнік, ёсць радкі: «Толькі сэрцам сваім, быццам Данка, ты й дагэтуль змагаешся з цемрай маёй». Што для цябе цемра?

— Адмоўная частка натуры: жарсці, страхі…

— А які для цябе самы істотны страх?

— Згубіць сябе. Займацца не тым, чым хачу, ісці на непатрэбныя кампрамісы.

— Але ж у жыцці без кампрамісаў ніяк нельга. Дзе для цябе тая мяжа?

— За што б ні браўся, у грудзях заўсёды грукае: трэба ці не трэба… Прымаць табе: прыглушыць ці не. Бывала, даводзілася прыглушаць… А калі позна станавілася нешта змяняць, — даводзілася адыходзіць ад сітуацыі з перакананнем больш так не рабіць ніколі.

— А якой ты бачыш сучасную моладзь?

— Даспадобы тое, што цяпер, нарэшце, стварыўся ідэал інтэлектуальнай асобы, гэтакі хіпстар, які дбае пра абарону жывёл ды і ўвогуле пра экалогію, цікавіцца музыкай і літаратурай ды пры гэтым выдатна арыентуецца ў плыні высокіх тэхналогій, з якім можна пагутарыць пра філасофію Шапэнгаўэра ды пра літаратурныя ўзоры шумерскага пісьменства, які імкнецца пабачыць свет... І, да ўсяго, арыентаваны на здаровы лад жыцця. То бок, быць «не прасунутым» цяпер не крута, паліць — не модна...

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».